БЕЛ Ł РУС

У Польшчы затрымалі ўкраінку, звязаную з афармленнем фіктыўных дакументаў для замежнікаў. Так у краіну ўехалі 135 беларусаў

25.11.2026 / 16:20

Nashaniva.com

Жанчыну затрымалі ў аэрапорце, калі яна збіралася паляцець на Канары.

Фота strazgraniczna.pl

Памежнікі затрымалі ў кракаўскім аэрапорце 48‑гадовую грамадзянку Украіны, якая спрабавала паляцець на Канарскія астравы. Яе вінавацяць ва ўдзеле ў групе, якая афармляла фіктыўныя дакументы для ўезду ў Польшчу і легалізацыі. Такія дакументы дапамаглі ўехаць у краіну 135 грамадзянам Беларусі. Пра справу расказалі ў Памежнай службе Польшчы, піша Most.

Група дзейнічала ў 2021‑2025 гадах. Яе члены — грамадзяне Украіны — зарэгістравалі 48 фіктыўных фірмаў, якія падавалі ў польскія дзяржорганы заявы пра намер працаўладкаваць замежніка. Гэта патрэбна для афармлення працоўных віз.

Паводле звестак следства, з дапамогай групы ў Польшчу ўехалі 135 грамадзян Беларусі, якія атрымалі візы паводле фіктыўных дэкларацый пра працаўладкаванне. Таксама ліпавыя дакументы дапамаглі легалізаваць знаходжанне ў Польшчы 1073 украінцам і дваім грузінам.

Траіх членаў злачыннай групы польскія памежнікі затрымалі яшчэ ў кастрычніку 2025 года. Іх прысудзілі да пазбаўлення волі, аднак прысуды яшчэ не набылі моц.

Затрыманая, 48‑гадовая ўкраінка, тады пазбегла арышту, бо вяла дзейнасць з Турцыі. Праз месенджары яна перасылала паплечнікам звесткі замежнікаў для афармлення дакументаў.

Праз год памежнікі затрымалі яе ў кракаўскім аэрапорце, калі тая спрабавала вылецець на Канарскія астравы. Жанчыне выставілі абвінавачанне ва ўдзеле ў дзейнасці злачыннай групы, якая дапамагала замежнікам у нелегальным перасячэнні мяжы. На час следства суд змясціў яе пад арышт на тры месяцы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула