Змяніліся патрабаванні да праектавання жылых дамоў. Дазволілі большыя кватэры-студыі і памянялі нормы для санвузлоў і тамбураў
У Беларусі зменяцца патрабаванні да праектавання жылых дамоў. Забудоўшчыкам дазволяць праектаваць кватэры-студыі плошчай большай за 50 квадратных метраў, перагледзяць нормы для санвузлоў і балконаў, а ў некаторых будынках адменяць абавязковае ўладкаванне тамбураў. Новыя правілы пачнуць дзейнічаць 18 студзеня 2027 года, піша «Смартпрэс».
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Змены зацвердзіла Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва пастановай ад 14 кастрычніка 2026 года № 89. Яны тычацца будаўнічых нормаў для жылых будынкаў і былі распрацаваныя з улікам прапаноў забудоўшчыкаў, праектных арганізацый і грамадзян.
Адно з галоўных новаўвядзенняў — адмена абмежавання, паводле якога плошча кватэры-студыі не магла перавышаць 50 квадратных метраў. Цяпер праекціроўшчыкі змогуць прапаноўваць больш прасторныя студыі.
Для жылых пакояў вызначылі мінімальную вышыню 2,5 метра. Асобна ўдакладнілі патрабаванні да мансардных паверхаў: у месцах, дзе дах мае скосы, вышыня памяшканняў, за выключэннем жылых пакояў, павінна складаць не менш за два метры. Гэта дазволіць улічваць асаблівасці мансардных планіровак, у якіх немагчыма забяспечыць аднолькавую вышыню па ўсёй плошчы.
Зменяцца і нормы для санвузлоў. Цяпер да 50% аднаго з памяшканняў санітарнага вузла можна будзе размяшчаць над жылым пакоем. Раней дапускалася не больш за 25%. Пры гэтым неабходна забяспечыць узмоцненую гідра– і гукаізаляцыю падлогі.
Акрамя таго, замест канкрэтнага патрабавання да аднаго з памераў ваннага пакоя або сумешчанага санвузла ўводзіцца ўмова, паводле якой яго габарыты павінны дазваляць паставіць усе неабходныя сантэхнічныя прыборы.
Абавязковае ўладкаванне тамбураў скасуюць для аднакватэрных і блакаваных жылых дамоў. Таксама больш не будзе дзейнічаць патрабаванне аб падвойных тамбурах у будынках вышынёй ад 12 паверхаў.
Удакладняюцца і патрабаванні да шклення і агароджаў балконаў ды лоджый. Для нерухомай ніжняй часткі шклення, а таксама глухіх ніжніх створак вокнаў трэба будзе выкарыстоўваць шклопакеты з унутраным пластом са шматслойнага бяспечнага шкла.
Вышыню агароджаў балконаў і лоджый, а таксама ахоўных канструкцый пад вокнамі ўніфікуюць: яна павінна складаць не менш за 1,1 метра.
У Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва разлічваюць, што новыя нормы пашыраць магчымасці заказчыкаў і праекціроўшчыкаў пры выбары планіровачных і архітэктурных рашэнняў.
Чытайце таксама:
Гэты пад'езд у Мінску назвалі ўзорным
Дом толькі вырас, а кватэр у ім ужо няма? Як пажывае шматпавярхоўка на Валгаградскай у Мінску