БЕЛ Ł РУС

Міністр замежных спраў Польшчы: Лукашэнка набраў 40%

22.12.2010 / 02:27

Сяргей Гезгала

дапоўнена

Радаслаў Сікорскі cпасылаўся на крыніцы, якім «давярае».

Спасылаючыся на крыніцы, якім «давярае», Радаслаў Сікорскі заявіў, што Аляксандр Лукашэнка не перамог на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі.

«Існуе верагоднасць таго, што Лукашэнка гэтых выбараў не выйграў. Паводле звестак, атрыманых намі ў пачатковай фазе выбараў [ад аўторка да суботы – Рэд.] было 30% галасоў, а ў нядзелю гэты вынік дасягнуў 40%. Гэта быў найлепшы вынік сярод усіх кандыдатаў, але не перамога ў першым туры. Чалавек, які перамог на выбарах, паводле афіцыйных звестак, з такім вялікім адрывам [79%, паводле ЦВК], не прымаў бы рашэння аб такім жорсткім разгоне апазіцыі, арышце праціўнікаў», сказаў Сікорскі ў інтэрв'ю «Газеце Выборчай».

У тэлевізійнай праграме «Кропка над і» міністр замежных спраў выказаўся яшчэ больш рэзка: «Паводле звестак з крыніц, якім мы давяраем, прэзідэнт Лукашэнка гэтых выбараў не выйграў».

Міністр замежных справаў Польшчы заявіў, што яна мае намер праводзіць тую ж палітыку ў дачыненні да Беларусі, як раней. — Палітыка ў дачыненні да Мінска была палітыкай абумоўленасці. Адказаў на жэсты і крокі Лукашэнкі ў кірунку лібералізацыі. Гэта не мы змянілі нашу палітыку, гэта Лукашэнка змяніў правілы гульні, растлумачыў Сікорскі.

Прэс-сакратар польскага МЗС паведаміў таксама, што ўчора ўранку Сікорскі меў «жорсткую» тэлефонную размову з міністрам замежных спраў Беларусі Мартынавым. У часе яе ён запатрабаваў неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых і арыштаваных. У тым ліку і тых, якія не ўдзельнічалі ў маніфестацыі, а былі затрыманы як дзеячы апазіцыі 20 снежня. Прэс-сакратар польскага МЗС адзначыў, што Сікорскі правёў кансультацыі па Беларусі з міністрамі замежных спраў Швецыі, Нямеччыны, з шэфам дыпламатыі ЕС Кэтрын Эштан, а таксама з Радай нацыянальнай бяспекі ЗША. Пасля гэтага ён абмяркоўваў беларускае пытанне з прэзідэнтам Польшчы Браніславам Камароўскім.

Учора ж з'явіўся зварот ветэранаў «Салідарнасці», у якім тыя заклікаюць свет быць з беларусамі ў гэты цяжкі для беларускага народа момант. Зварот падпісалі экс-прэм'ер Мазавецкі, журналіст Міхнік і іншыя знакавыя для Польшчы постаці.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула