Валюты няма і не чакаецца. Рынак настроіўся на найгоршае
Пасля заяваў Лукашэнкі ў Астане і пачатку антырасійскай кампаніі ў дзяржСМІ ў аналітыкі схіляюцца да таго, што лукашэнкаўцы вырашылі зусім не браць крэдыту ад ЕўрАзЭС, каб не выконваць выстаўленых умоваў.
Рынак безнаяўнай валюты застаецца паралізаваны. Даляр на чорным рынку ўсё расце.
Як кажуць у банках, ад аўторка безнаяўныя даляры практычна не прадаюцца і не купляюцца. Выключэнне складаюць аперацыі з некаторымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі ў выніку адміністратыўных рашэнняў.
Пасля заяваў Лукашэнкі ў Астане і пачатку антырасійскай кампаніі ў дзяржСМІ ў аналітыкі схіляюцца да таго, што лукашэнкаўцы вырашылі зусім не браць крэдыту ад ЕўрАзЭС нават на 800 мільёнаў даляраў, каб не выконваць выстаўленых умоваў. А гэта азначае, што валюты ў краіне для насельніцтва і імпартных аперацый таксама не з’явіцца аж да таго моманту, пакуль Нацбанк не адновіць свой валютны рэзерв да мінімальнага ўзроўню.
У абменніках валюта так і не з'явілася. У выніку наяўны даляр на чорным рынку працягвае расці.
Калі ў панядзелак даляр можна было купіць-прадаць за 5000—5800 рублёў, то ў пятніцу вілка курсаў дасягнула 5200—6400 рублёў.Прычым яе павелічэнне сведчыць пра няпэўнасць.
На рынак наяўнай валюты моцна цісне безнаяўны голад. Малы і сярэдні бізнэс масава выводзіць рублі ў даляры і закупляе таксама наяўныя даляры для забеспячэння імпарту. У сітуацыі, калі безнаяўных даляраў не купіць, у бізнэсоўцаў няма іншага выбару.