Сьцісла
Дзень салідарнасьці 16-га
Вялейскі суд 13 лютага даў Міколу Суслу і Ўладзімеру Малярчуку 145 тыс. руб. штрафу за распаўсюд улётак да Дня салідарнасьці.
13 лютага ў Менcку падчас расклейкі ўлётак міліцыя затрымала Алега Дземчанку, Аляксандра Пазьняка, Ксенію Палаш, Аляксандру Сьвітко. На іх склалі пратаколы. У цэнтры Менску былі затрыманыя 22 моладзевыя актывісты: Яўген Афнагель, Павал Юхневіч, Ніка Лазоўская, Натальля Вушко, Дар’я Малдаванава, Любоў Кучынская, Л.Пяцэвіч, Кацярына Дзядкоўская, А.Колчык, Яўгенія Карона, Міхаіл Герасімовіч, Аляксандар Чарнышоў, Андрэй Баркоўскі, Кацярына Аладка, Канстанцін Мартыновіч, Мікіта Шуцянкоў, Настасься Шашкова, Алеся Кавалеўская, Зьміцер Юркоў, Уладзімер Пархоменка, Макс Сусед, Андрэй Кузьміцкі. А 23-й усіх адпусьцілі. 14 лютага суд Партызанскага раёну Менску даў Я.Афнагелю 15 сутак.
Подпісы кату пад хвост
Подпісы за вылучэньне А.Мілінкевіча, сабраныя ў 10 раёнах Гарадзеншчыны (Астравецкі, Ашмянскі, Ваўкавыскі, Гарадзенскі, Зэльвенскі, Івеўскі, Мастоўскі, Наваградзкі, Слонімскі, Шчучынскі), прызнаныя несапраўднымі.
Штраф за каляндарыкі
Моладзевага актывіста з Мастоў Яўгена Скрабутана аштрафавалі на 10 б.в. (290 тыс. руб.) за распаўсюд каляндарыкаў з партрэтам Мілінкевіча.
Памарозілі чарнобыльца
У вёсцы Сірод (Калінкавіцкі раён) 8 лютага міліцыянты ўжылі сілу супраць чарнобыльскага ліквідатара, інваліда ІІ групы Васіля Сіліверста. У Доме культуры ён патрабаваў прыбраць агітацыйны стэнд зь біяграфіяй Лукашэнкі. Калі супрацоўніца ДК адмовілася, В.Сіліверст сам зьняў біяграфію. Выкліканая з райцэнтру апэргрупа паваліла чалавека на сьнег тварам долу і гадзіну трымала на марозе, шукаючы аркуш зь біяграфіяй. З райаддзелу міліцыі сп.Сіліверста даставілі ў больніцу. Дактары канстатавалі абмаражэньне жывата.
Правакацыя супраць Новікавай
На мянчанку Аксану Новікаву пракуратура Койданава «актывізавала» крымінальную справу за махлярства. У 2005 г. супрацоўнікі пашпартнага аддзелу гораду выявілі, што нейкая жанчына атрымала фальшывы пашпарт з фатаздымкам А.Новікавай. Сама спн. Новікава тлумачыць актывізацыю справы тым, што спрабавала прыцягнуць вядучага тэлепраграмы «Паліттэхналёгіі» Яўгена Новікава да адказнасьці за прапаганду вайны.
Думалі, шпіёны
11 лютага ў Горадні міліцыянты затрымалі мікрааўтобус з 5 грамадзянамі Швэцыі (студэнты, сябры моладзевай фракцыі Партыі мадэратаў), а таксама прадстаўнікамі Моладзі БНФ: Франкам Вячоркам, Кацярынай Маркоўскай, Алесем Калітом, Сьцяпанам Сьвідзерскім і кіроўцам транспарту Міхасём Васілеўскім. Група ехала на экскурсію, міліцыянты шукалі незарэгістраваныя матэрыялы.
У памяшканьні, што належыць кіраўніку берасьцейскага штабу А.Мілінкевіча, актывісту АГП Уладзімеру Радзівончыку, 11 лютага адбыўся ператрус. Міліцыянты спаслаліся на тэлефанаваньне, што ў сутарэньнях дому захоўваюцца боепрыпасы. Снарадаў не знайшлі, канфіскавалі дакумэнтацыю АГП, календары й плякаты з адзіным.
За прэсай цікуюць
Пасольства Беларусі 6 лютага адмовіла ў візе журналісту найбуйнейшай славацкай газэты «Смэ» Мірку Тоду. Тода меўся асьвятляць прэзыдэнцкія выбары.
Рэдактара «Баранавіцкай газэты», інваліда ІІ групы Ўладзімера Гундара аштрафавалі 6 лютага на 20 б.в. Яго прызналі ўдзельнікам сьнежаньскай несанкцыяванай акцыі салідарнасьці з прэсай. Падставай для справы стаў фатаздымак з акцыі, надрукаваны ў газэце «Intex-press».
Міколу Маркевіча 10 лютага пільна правяралі на беларуска-польскай мяжы. Пасьля мытнага надгляду яго вярнулі на пашпартны кантроль і паўторны вобшук.
У Жабінцы (Берасьцейшчына) 11 лютага міліцыянты затрымалі грамадзкага актывіста Васіля Андрасюка. Пры надглядзе ў яго сумцы знайшлі бюлетэнь «Права на волю» і склалі пратакол за распаўсюд друкаваных матэрыялаў без выходных зьвестак.
У Барысаве
За расклейку налепак «Мы хочам новага!» 7 лютага ў Барысаве затрыманыя юныя актывісты Юры Краўчанка і Мацьвей Бяляй. 9 лютага падчас расклейкі налепак затрыманыя Павал Мінальд, Анатоль Аляксандраў, Андрэй Хацкевіч, Аляксандар Чарнуха.
Моладзь Менску
6 лютага непаўналетняга актывіста Аляксея Чуніна затрымалі падчас расклейкі налепак у Менску. На яго бацькоў склалі пратакол за «ўхіленьне ад бацькоўскіх абавязкаў».
У Менску ў мэтро 8 лютага затрыманы моладзевы актывіст Алег Мяцеліца: міліцыянты заявілі, што ён «падобны да чалавека, які ўчыніў правапарушэньне». У пастарунку ў яго зьнялі адбіткі пальцаў і склалі пратакол за «антысанітарыю».
Студэнту ІІІ курсу Менскага політэхнічнага каледжу Аляксандру Курбацкаму 7 лютага кіраўніцтва ўстановы пагражала адлічэньнем за пропуск заняткаў 1—4 верасьня 2005 г. Ён адбываў 10 сутак за ўдзел у акцыі падтрымкі затрыманых у Менску актывістаў грузінскай арганізацыі «Кмара».
У Салігорску
У Салігорску міліцыя ўзмацніла ціск на моладзевых актывістаў. У горадзе зьявілася каля 200 надпісаў «Дастаў!», што стала падставай для актывізацыі праваахоўных органаў. Непаўналетняга Яўгена Мядзьведзева 7 лютага забралі з дому разам з бацькам у пастарунак. Некалькі гадзінаў яго распытвалі наконт надпісаў. У той самы дзень міліцыянты наведалі адну зь сярэдніх школаў Салігорску. У кабінэт дырэктара яны выклікалі па адным Яўгена Шкрабу, Рыгора Астапеню, Яўгена Пушчу, Віталя Бандарчука, Віталя Бондара, Івана Шылу.
8 лютага міліцыянты затрымалі непаўналетніх Івана Шылу, Уладзімера Лепеша, Крысьціну Самойлаву і Глеба Сандэрса: іх зьвінавацілі ў «навязваньні стужак з джынсавай тканіны».
11 лютага пасьля сустрэчы зь мясцовымі актывістамі затрыманы кіраўнік АГП і старшыня Нацыянальнага камітэту аб’яднанай апазыцыі Анатоль Лябедзька. Разам зь ім затрымалі ўдзельнікаў сустрэчы Аляксея Валабуева й Кірылу Храмцова.
12 лютага ў Салігорску міліцыянты затрымалі моладзевага актывіста Дзяніса Карнова, які вярнуўся з Украіны. У пастарунку правялі асабісты надгляд хлопца і склалі пратакол пра канфіскацыю асабістых папераў.
Ціснуць на Батуева
Студэнта-завочніка БАТУ, актывіста Партыі БНФ Паўла Батуева 10 лютага выклікалі ў дэканат. Адміністрацыя факультэту, спасылаючыся на распараджэньне Мінадукацыі, пагражала Паўлу адлічэньнем у сувязі з тым, што ён фігуруе ў крымінальнай «справе Касьпяровіча».
Месца для штампа
Беларускія памежнікі 7 лютага забаранілі выезд у Польшчу Анжаліцы Борыс, спаслаўшыся на тое, што ў яе пашпарце няма вольнага месца на штамп. На наступны дзень яна праехала ў Польшчу праз Расею і Ўкраіну, і там памежнікі месца для штампа знайшлі без праблемаў.
Першы старшыня Саюзу палякаў Беларусі Тадэвуш Гавін мае падаць у суд на БТ за фільм «Агент 590» пра дзейнасьць польскай выведкі ў Беларусі. Пра Гавіна гаварылася, што замежныя дыпляматы актыўна задзейнічалі яго ў антыбеларускай кампаніі.
Штрафы падпрымальнікам
Уладзімер Леванеўскі, сын палітвязьня Валер’я Леванеўскага, атрымаў 9 лютага пастанову адміністрацыйнай камісіі Ленінскага раёну Горадні. Яму далі штраф у 87 тыс. руб. за распаўсюд 22 сьнежня бюлетэня «Предприниматель», выдадзенага без выходных зьвестак. Камісія таксама палічыла, што зьмест бюлетэню накіраваны на «ўчыненьне шкоды дзяржаўнаму і грамадзкаму парадку».
10 лютага ў Менску затрыманы старшыня каардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў Менску Аляксандар Макаеў. З Чэрвеньскага рынку яго адвезьлі ў суд і вынесьлі афіцыйнае папярэджаньне за намер правесьці несанкцыяваную акцыю — усебеларускі страйк прадпрымальнікаў 2—3 сакавіка. Назаўтра пасьля пратэсту пракурора, Макаеву далі 10 сутак арышту.
У Полацку
Моладзевую актывістку, вучаніцу школы №9 г.Полацку М.Дземянчонак 27, 30, 31 студзеня выклікалі на размову прадстаўнікі школьнай адміністрацыі й патрабавалі распавесьці пра ўдзел у выбарчай кампаніі, а таксама пра дзейнасьць ейных сваякоў — актывістаў дэмакратычнага руху.
А 2.30 ночы 13 лютага ў Наваполацку міліцыянты затрымалі актывіста Партыі БНФ Аляксея Трубкіна: ён прымацаваў да вулічнай дошкі абвестак налепку «Мы хочам новага!». У пастарунку склалі адміністрацыйны пратакол за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак.
У Сьветлагорску
Пракуратура Сьветлагорскага раёну (Гомельская вобласьць) 9 лютага распачала дысцыплінарную справу супраць участковага інспэктара мясцовага РУУС Д.Рагалевіча. Пракурорская праверка тычылася ператрусу кватэры сьветлагорскага дэмакратычнага актывіста Тэльмана Масьлюкова ў сьнежні. На імя Рагалевіча была выпісана санкцыя на ператрус, але, па словах Масьлюкова, кіраваў ператрусам намесьнік начальніка Сьветлагорскага РУУС маёр П.Зыкун.
Масьлюкова падазравалі «ў захоўваньні зброі й наркотыкаў», але падчас ператрусу замест зброі сканфіскавалі ксэракс, кнігі «Лукашэнка. Палітычная біяграфія», «Беларусь: Сцэнары рэформаў», газэту «Рэгіянальныя навіны». Пракурор раёну, дарадца юстыцыі М.Прус, вырашыў, што пры гэтым быў парушаны Крымінальна-працэсуальны кодэкс.
Ператрус у Магілёве
У Магілёве ўначы на 12 лютага адбыўся ператрус у доме актывіста Партыі БНФ Сержука Нягаціна.
У Гомелі
10 лютага ў Гомелі затрыманы дэпутат гарадзкой рады, актывіст дэмакратычнага руху Юры Глушакоў. У яго сканфіскавалі 11 000 улётак з карыкатурамі на праграмы БТ.
Перасьлед за веру
З пастара ліквідаванай у жніўні 2005 г. Беларускай пратэстанцкай царквы Эрнста Сабілы судовыя выканаўцы спаганяюць судовы падатак — 127,5 тыс.руб. Працэс па ліквідацыі праз адсутнасьць юрыдычнага адрасу ініцыяваў Менгарвыканкам, але судовыя выдаткі спаганяюць з пастара. У выпадку нявыплаты яму пагражаюць вылічыць грошы зь ягонай пэнсіі і перапісаць маёмасьць (працэдура будзе каштаваць Сабілу яшчэ 10 б.в.). Сабіла, які за веру адседзеў 25 гадоў у савецкім канцлягеры, плаціць рашуча адмаўляецца.