Як зьняць Канскі фільм на працоўным месцы
ТВ 12 сакавіка, панядзелак
Канская моладзевая камэдыя «Клеркі», зьнятая ў відэакраме і «Навука вадзіць машыну» з героем ад «Гары Потэра»
ЗША, 1994, чорна-белы, 92 хв.
Рэжысэр: Кевін Сьміт
Ролі выконваюць: Браян О’Галаран, Джэф Андэрсан, Мэрылін Гільёты, Джэйсан Мьюз, Кевін Сьміт, Скот Масье, Ўолтэр Флэнеган
Жанр: Моладзевая камэдыя
Адзнака: 6,5 (з 10)
Прыз Маладосьці на Канскім фэсьце Кевіну Сьміту, узнагароды на фэсьце ў Дзювіле й Сандэнсе.
Дантэ й Рэндал працуюць гандлярамі ў дробных крамах. Сярод пакупнікоў трапляюцца вельмі дзівосныя асобы. Дый самі героі не без праблемаў: так Дантэ былая сяброўка здрадзіла 8 ½ разоў (прывітаньне Фэліні), а апошняя каханка мела 38 мужчынаў. Замаркочаны Дантэ спрабуе працаваць сумленна - а абібок Рэндал усяляк гэтаму перашкаджае, даводзячы да шаленства пакупнікоў.
Акрамя таго ля крамы тусуюцца прыдуркі-наркагандляры (Джэйсан Мьюз і Кевін Сьміт), якія не дадаюць героям радасьці...
Моладзевая камэдыя, пасьпяхова прадстаўленая ў Канах, зьнятая за ўласныя грошы… ў відэакраме, дзе падпрацоўваў гандляром Кевін Сьміт. А акторамі сталіся сам Кевін Сьміт і ягоныя сябры.
Хакей на даху, юрлівы дзядок-нябожчык, нешчасьлівая вандроўка на памінкі, пацешліва-пакутлівыя сваркі клеркаў. Гіт-парад недарэчнасьцяў, брутальныя кпіны, цытаты з “Боскай камэдыі” і зьдзеклівае сынефільства.
Паводле амэрыканскай статыстыкі, менавіта карціну “Клеркі” найчасьцей кралі ў відэапракаце.
Вялікабрытанія, 2006, каляровы, 98 хв.
Рэжысэр: Джэрэмі Брок
Ролі выконваюць: Джулі Ўолтэрс, Рупэрт Грым, Лаўра Ліні, Нікалас Фарэл, Джым Нортан, Мішэль Дункан, Олівэр Мілбэрн, Тэмсін Эгертан, Фэй Коэн
Жанр: Драма
Адзнака: 6 (з 10)
Адмысловы прыз журы Джэрэмі Броку на Маскоўскім кінафэсьце, тамсама й “Срэбны Георгі” Джуліі Ўолтэрс, як найлепшай актрысе
Пад кіраўніцтвам уладнай матулі сямнаццацігадовы герой Рупэрта Грыма (Рон Ўізьлі з “Гары Потэра”) даглядае дом і старанна чытае Біблію. Але ягонае жыцьцё зьмяняецца, калі ён пачынае падпрацоўваць у старой актрысы Эві. Экс-зорка вучыць хлопца лаяцца, піць, кіраваць машынай і забірае з сабой на Эдынбурскі тэатральны фэст…
Пранізьлівая навука выхаваньня ад актрысы Джулі Ўолтэрс; ейная гераіня - гратэскная й безабаронная старая, забытая зорка мыльных опэраў - ёсьць стрыжнем карціны.
Далікатнасьць і грунтоўнасьць брытанскай драмы, навука самастойнасьці й чалавечнасьці, гісторыя сяброўства й сталеньня.