Чавэс просіць Хрыста захаваць яму жыццё
На перадвелікоднай імшы прэзідэнт Венесуэлы ледзь не расплакаўся.
Чавэс са сваёй мамай Эленай Фрыяс.
«Аддай мне сваю карону, Ісусе. Аддай мне свой крыж, свой цярновы вянец, каб з мяне лілася кроў. Але дай мне яшчэ пажыць, бо мне трэба яшчэ шмат чаго для гэтай краіны і гэтага народа зрабіць. Не забірай мяне цяпер», — прасіў Чавэс са слязамі на вачах у сваёй малітве на перадвелікоднай імшы.
Ён прасіў Бога дараваць яму яшчэ жыцця, нават калі яно будзе прасякнутае болем.
Кіраўнік Венесуэлы перыядычна лётае на Кубу для сеансаў тэрапіі. Дакладны дыягназ і стан Чавэса не абвяшчаюцца. Аднак дактары, знаёмыя з медыкамі з кубінскага анкалагічнага цэнтра, сцвярджаюць, што хвароба прагрэсуе і Чавэсу засталося жыць ад сямі месяцаў да некалькіх гадоў.
Тым не менш, Уга Чавэс заявіў пра свой намер удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, запланаваных на кастрычнік гэтага года. Свайго праціўніка, кандыдата ад аб’яднанай апазіцыі Капрылеса, Чавэс паспеў назваць «подлай свіннёй». А падкантрольныя яму СМІ разгарнулі антысеміцкую кампанію: Капрылес хоць і каталік, але па кудзелі мае габрэйскую кроў.
Чавэс у сваім выступе на імшы прызнаў, што змагацца з нядужасцю, «якая для шмат каго азначае канец дарогі», цяжка, але паабяцаў выздаравець.