БЕЛ Ł РУС

Сьцісла

16.03.2006 / 16:3

Nashaniva.com

Іх норавы

У будынку суду 9 сакавіка чалавек у цывільным, адпіхваючы журналістаў, ударыў нагой фотакарэспандэнтку газэты «Наша Ніва» Юлію Дарашкевіч .

Затрыманы пяціклясьнік

9 сакавіка ў Менску міліцыянты затрымалі пяціклясьніка Пятра М. : вяртаючыся з школы зь сябрамі, ён наляпіў на ліхтарны слуп налепку «Свабода». Міліцыянт завёў хлопчыка ў пастарунак. Замкнуўшы дзьверы і лаючыся матам, міліцыянты забралі ў школьніка ўсе налепкі.

Дні беларускай культуры — гэта тэрарызм

У ноч на 8 сакавіка міліцыянты ня выпусьцілі ў Польшчу групу студэнтаў, якая мелася ехаць у Кракаў на Дні беларускай культуры. Зранку 9 сакавіка ў пракуратуру тэлефанаваньнем запрасілі арганізатара паездкі Дзяніса Дзянісава для тлумачэньняў. Работнікі пракуратуры заявілі, што маюць інфармацыю: Дзянісаў займаецца ў Кракаве падрыхтоўкай тэрарыстаў.

Рэктар Баранавіцкага ўнівэру лютуе

З Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту 11 сакавіка адлічаныя моладзевыя актывісты Андрэй Юруць і Віктар Кісьлюк . Афіцыйная прычына — парушэньне ўнутранага распарадку. Студэнты кажуць, што яны паклалі ў аўдыторыі афіцыйна выдадзеную ўлётку А.Казуліна, атрыманую напярэдадні падчас сустрэчы зь ім.

Толькі паднімі сьцяг

13 сакавіка ў Менску прайшлі суды над беларускімі і ўкраінскімі грамадзянамі, затрыманымі напярэдадні падчас сустрэчы кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча з выбарцамі. Падчас хапуна затрымалі журналістку ўкраінскага 5-га тэлеканалу Ганну Гаражэнку падчас жывога этэру, адпусьцілі яе толькі пасьля ўмяшальніцтва польскіх дыпляматаў.

Моладзевы актывіст Міхаіл Волчак асуджаны на 12 сутак арышту за «дробнае хуліганства»: хлопца зьбілі пры затрыманьні, зламалі палец на руцэ. З залі суду дастаўлены з тэмпэратурай у больніцу, дзе яму адмовілі ў шпіталізацыі.

За парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў асуджаныя Аляксандар Гойшык (15 сутак), Павал Кірушчанка, Сяргей Лаўрэнкін, Мацьвей Чысьцік (па 10 сутак), Ільля Петравец (8 сутак), Уладзімер Высоцкі, Іван Шчарбакоў (па 3 сутак), Уладзімер Валодзін (штраф у 30 б.в.), Сяржук Мацкойць, Алег Ларычаў (па 20 б.в.). Зьміцер Фабішэўскі дастаў 10 сутак арышту за распаўсюд агітацыйных матэрыялаў, што судзьдзя Натальля Пратасавіцкая кваліфікавала як дробнае хуліганства. Грамадзяне Ўкраіны Наталля Касарчук, Мікола Карпінскі, Анатоль Яцэнка асуджаныя на 10 сутак арышту кожны. Непаўналетняга Цімура Ліцьвіна беларускія ўлады выдалі супрацоўнікам украінскай амбасады. Сярод затрыманых грамадзянаў Украіны называюць таксама Арцёма Бажэньскага і Ігара Галубіцкага , зь беларусаў — Валянціна Сакалоўскага, Аляксандра Макаева .

Прэвэнтыўныя арышты ў Менску

8 сакавіка пасьля сустрэчаў Мілінкевіча з выбарцамі затрымалі Вінцука Вячорку, Аляксандра Зялко, Сержука Лянцэвіча, Арцёма Ліцьвінку (хворага на астму), Зьмітра Кудраўцава, Аляксандра Паўлоўскага, Пятра Бабарэку, Уладзімера Грыдзіна . На наступны дзень іх асудзілі на 15 сутак арышту.

Тры супрацоўнікі палка міліцыі спэцыяльнага прызначэньня ў цывільным (Юры Аксюта, Аляксей Іваноў і Сяргей Жур) затрымалі 10 сакавіка дэпутата Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня, аднаго зь лідэраў рабочага руху Сяргея Антончыка разам з сынам Аляксандрам . Іх зьвінавацілі, што брыдкасловілі на вуліцы ды не падпарадкоўваліся міліцыянтам, і асудзілі на 15 сутак арышту. За краты С.Антончык накіраваўся з цэлым пакетам лекаў: у яго хворае сэрца.

13 сакавіка быў затрыманы журналіст Андрэй Пачобут .

Моладзевага актывіста Аляксея Шыдлоўскага затрымалі 8 сакавіка падчас раздачы налепак. Дома ў яго правялі ператрус: шукалі «бомбу».

10 сакавіка зь Менскага політэхнічнага каледжу выключылі моладзевага актывіста Барыса Гарэцкага , студэнта-выдатніка 3-га курсу аддзяленьня мікраэлектронікі. Адміністрацыя каледжу спаслалася на тое, што трэцякурсьнік парушыў правілы ўнутранага распадрадку: яго арыштавалі на 15 сутак за ўдзел у акцыі Дзень салідарнасьці 16 лютага. Неафіцыйна ж паведамілі, што загад на адлічэньне прыйшоў з Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. У гэты ж дзень аўтамабіль, у якім ехаў Б.Гарэцкі зь Яўгенам Сакаловым , затрымалі супрацоўнікі міліцыі: абвясьцілі, што шукаюць зброю й наркотыкі. Хаця ў машыне не знайшлі нічога крымінальнага, хлопцаў завезьлі ў пастарунак, дзе трымалі некалькі гадзінаў.

10 сакавіка міліцыянты затрымалі моладзевага актывіста Аляксея Ляўковіча, Паўла Юхневіча і Максіма Вінярскага . Ляўковіча асудзілі на 15 сутак, зьвінаваціўшы ў дробным хуліганстве.

9 сакавіка невядомыя схапілі ў Менску непаўналетняга актывіста Антона Акуліча з Барысава падчас распаўсюду агітацыйнай літаратуры: яго запхнулі ў чырвонае «пэжо» і зьвезлі ў Заводзкі РУУС, дзе зьбівалі (білі ў сонечнае спляценьне). Адпусьцілі Антона толькі праз 6 гадзінаў.

Паўла Давідовіча затрымалі 11 сакавіка ў цэнтры Менску. Ва ўскраінным мікрараёне Сухарава ў гэты ж дзень затрымалі Алеся Зарамбюка з Мастоў, Сяргея Марчыка з Баранавічаў і Зьмітра Мацельскага з Барысава, актывістаў групы Мілінкевіча: на іх склалі пратаколы за расклейку агітацыі ў не прызначаных для гэтага месцах.

11 сакавіка каля станцыі мэтро «Інстытут культуры» затрыманыя моладзевыя актывісткі Юлія Гарачка і N. падчас раздачы агітацыйнай літаратуры. Дзяўчат даставілі ў міліцыю мэтрапалітэну, дзе склалі на іх адміністрацыйныя пратаколы за «незаконны распаўсюд друкаваных выданьняў».

У Менску 13 сакавіка моладзевага актывіста Алега Лабатага, затрыманага напярэдадні, асудзілі на 3 сутак: яго зьвінавацілі, што нецэнзурна лаяўся ў грамадзкім месцы.

…і ў Калінкавічах

У Калінкавічах 9 сакавіка былі затрыманыя і асуджаныя на 15 сутак «за хуліганства» Аляксей Маневіч і Дзяніс Рабянок , актывісты А.Мілінкевіча. У судзе зьвінавачаныя заявілі, што міліцыянты самі справакавалі бойку: невядомыя абкідалі іх сьнежкамі, а міліцыянты затрымалі хлопцаў, якія нібыта пачалі брыдка лаяцца.

Берасьце

У памяшканьні штабу А.Мілінкевіча 7 сакавіка актывісты знайшлі падслухоўвальную апаратуру: пра яе знаходжаньне даведаліся з ананімнага ліста, падпісанага супрацоўнікамі КДБ.

Андрэя Шаранду і Алесю Худасоўцаву , агітатараў за А.Мілінкевіча, 6 сакавіка запалохвалі міліцыянты: зьвінавачвалі, што «разьмяшчаюць агітацыйныя матэрыялы ў неналежных месцах», хаця агітатары раздавалі матэрыялы.

7 сакавіка на групу агітатараў за А.Мілінкевіча (Ірына Лаўроўская, Канстанцін Турчаняк, Сяргей Вакуленка, Сьцяпан Навасельчан, Аляксандар Дзенісенка, Коўш і інш.) напала ахова Берасьцейскага політэхнічнага ўнівэрсытэту і стала біць. Агітатары выклікалі міліцыю.

І.Лаўроўскую й К.Турчаняка , агітатараў за А.Мілінкевіча ў Берасьці, затрымалі яшчэ й 9 сакавіка.

Жлобін

Міліцыянты спынілі 6 сакавіка аўтамабіль Віктара Карняенкі й канфіскавалі 28 тыс. улётак А.Мілінкевіча, заявіўшы, што слоган «Мілінкевіч — будучы прэзыдэнт» «парушае выбарчае заканадаўства».

Магілёў

7 сакавіка на чыгуначным вакзале міліцыянты затрымалі Віталя Васількова , зьвінаваціўшы яго ў перавозе фальшывых даляраў. Фальшывых не знайшлі, затое канфіскавалі ўсе наяўныя.

Пасьля сустрэчы з выбарцамі 7 сакавіка Анатоля Лябедзьку аштрафавалі на 50 базавых велічыняў (1 млн 550 тыс.), а Ўладзімера Шанцава , кіраўніка абласнога штабу Мілінкевіча, арыштавалі на 15 сутак.

Моладзевага актывіста Артура Бадаева 9 сакавіка адлічылі з 4-га курсу Магілёўскага політэхнічнага каледжу. Афіцыйная прычына — «акадэмічная непасьпяховасьць»: Артуру не далі магчымасьці здаць пісьмовыя работы. Актывіст кажа, што на яго ціснулі супрацоўнікі КДБ, намаўляючы на супрацу. Ён адмовіўся ад вэрбоўкі і быў адлічаны з каледжу.

11 сакавіка міліцыя правярала ўсе машыны, якія ехалі з Воршы на Магілёў. У самім горадзе двойчы затрымлівалі актывіста БСДП (Грамада) Мікалая Расюка : за тое, што нёс недзяржаўную газэту «Народная воля» і за тое, што агітаваў за А.Казуліна на прывакзальным рынку.

12 сакавіка міліцыянты затрымалі Ірыну Качарову й Эдуарда Абакановіча , якія расклейвалі плякаты кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі на рэклямных тумбах. Міліцыянты заявілі, што Магілёўскі гарвыканкам дазволіў расклейваць плякаты толькі ў месцах, вызначаных для сустрэчаў з выбарцамі, і склалі адміністрацыйны пратакол на актывістаў. Падчас раздачы агітацыйных улётак 12 сакавіка былі затрыманыя Дана Смычкова, Алена Лаўрыновіч, Сяржук Нягацін і Сяржук Гіркін .

Прэса

Смаленская друкарня 13 сакавіка адмовіла ў друку газэтам «Народная воля», «Товарищ», «БДГ. Деловая газета», спаслаўшыся на эканамічныя прычыны. Раней пад ціскам беларускіх уладаў былі зьнятыя бігборды з партрэтам А.Мілінкевіча, выстаўленыя з расейскага боку мяжы.

Вышэйшы гаспадарчы суд прыпыніў выхад газэты «Згода» яшчэ да судовага працэсу. Зроблена гэта на патрабаваньне Міністэрства юстыцыі, якое палічыла, што газэта можа да суду «груба парушыць патрабаваньні Закону аб друку».

Палітвязьні

7 сакавіка стала вядома, што палітвязень Сяргей Скрабец патрапіў у турэмны шпіталь у Менску: пачаўся прыступ падагры.

Палітвязьня Андрэя Клімава , які адбывае тэрмін абмежаваньня волі ў вёсцы Баршчоўка Рэчыцкага раёну, 13 сакавіка асудзілі на 7 сутак арышту, зьвінаваціўшы ў абразе работнікаў пракуратуры. Палітвязень мяркуе, што гэта зроблена з боязі, што ён уцячэ ў Менск на 19 сакавіка.

Віцебск

8 сакавіка міліцыянты затрымалі Арцёма Хадыку і Алега Сідарава — агітатараў за А.Мілінкевіча. Хрыстафору Жаляпаву, які прыехаў вызваляць юнакоў, міліцыянты паведамілі, што іх запрасілі на размову.

У Віцебску суд 9 сакавіка аштрафаваў Барыса Хамайду па дзьвюх адміністрацыйных справах. За парушэньне правілаў прадпрымальніцкай дзейнасьці (ён прадаваў незалежныя газэты) — штраф у 21 б.в. За паўторнае на працягу году парушэньне парадку правядзеньня грамадзкіх мерапрыемстваў —151 б.в.: у верасьні яго затрымалі за пікет да Дня беларускай вайсковай славы, а 22 лютага — за пікет, які заклікаў да байкоту прэзыдэнцкіх выбараў.

10 сакавіка ў Чыгуначным судзе Віцебску Хамайду аштрафавалі яшчэ на 16 б.в. за выхад з плякатам «Байкот — наша маральная перамога». У суме штраф складае блізу 6 млн руб.

У Віцебскім дзяржунівэрсытэце 10 сакавіка затрымалі на пяць гадзінаў юнакоў Віталя Броўку і Дзяніса Дзянісава . Вось як апісвае падзеі кіраўнік выбарчага штабу Мілінкевіча па Віцебшчыне Хрыстафор Жаляпаў. Дэкан факультэту беларускай культуры Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Машэрава Віктар Несьцяровіч а 16-й у аўдыторыі 212 галоўнага корпусу ВдУ праводзіў са студэнтамі 4—5 курсу сустрэчу, прысьвечаную выбарам прэзыдэнта. На сустрэчы В.Несьцяровіч абвясьціў, што ўсе студэнты павінны прагаласаваць да 17 сакавіка 2006 г.

На гэтай сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі перадвыбарнага штабу Мілінкевіча Віталь Броўка і Дзяніс Дзянісаў, якія ўказалі дэкану на неправамоцнасьць яго дзеяньняў. У адказ Несьцяровіч выклікаў міліцыю і да яе прыбыцьця пры садзейнічаньні супрацоўнікаў Службы парадку ВДУ і першага прарэктара Андрушкевіча ўтрымліваў Дз.Дзянісава і В.Броўку. Супрацоўнікі аб’яднаньня «Ахова» Першамайскага раёну Віцебску, што прыбылі ва ўнівэрсытэт, высьветлілі асобы В.Броўкі і Дз. Дзянісава і заявілі, што ня маюць да затрыманых прэтэнзій і падстаў для затрыманьня, паколькі ў іх дзеяньнях няма складу правапарушэньня. Аднак В.Несьцяровіч настойваў на затрыманьні і напісаў заяву, дзе абвінаваціў В.Броўку і Дз.Дзянісава ў дзеяньнях хуліганскага характару, якія праявіліся ў парушэньні грамадзкага парадку. У выніку В.Броўку і Дз.Дзянісава ўсё-такі затрымалі і пратрымалі шэсьць гадзін у Першамайскім РУУС.

Масты

7 сакавіка дэпутат Мастоўскага райсавету А.Зарамбюк атрымаў паведамленьне з суду, што яго завочна асудзілі й аштрафавалі на 10 б.в. (310 тыс.). За канфіскаваныя каляндарыкі з партрэтам Мілінкевіча яго зьвінавацілі ў парушэньні выбарчага заканадаўства, бо на час канфіскацыі (12 студзеня) Мілінкевіч яшчэ ня быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзыдэнты.

СуднадКазаковым і Зубром

У Менску 9 сакавіка пачаўся суд над моладзевымі актывістамі з Барысава Аляксандрам Казаковым і Зьмітром Зубром , зьвінавачанымі ў супраціве міліцыянтам. Паколькі З.Зубро хварэе і ня можа ўдзельнічаць у працэсе, суд быў перанесены на 7 красавіка.

Бабровічы, Калінкавіцкі раён

На грамадзкага актывіста Канстанціна Каваленю з пасёлку Бабровічы Калінкавіцкага раёну 9 сакавіка завялі крымінальную справу паводле арт.206 ч.1 («Адкрытае выкраданьне маёмасьці»). Інваліда ІІІ групы вінавацяць у тым, што ён нібыта скраў ровар у прадстаўніцы мясцовай вэртыкалі Валянціны Пурахоўскай. «Сьведкі» кажуць, што бачылі чалавека, «падобнага да Кавалені», які цягнуў на сабе ровар, тым часам як Каваленю нельга падымаць рэчы, цяжэйшыя за 5 кг. На жонку і сына актывіста, якія даводзілі сьледзтву, што зьвінавачаны меў алібі, распачалі крымінальную справу за «ілжывыя сьведчаньні». Каваленя кажа, што прэсынг пачаўся пасьля таго, як ён заявіў Пурахоўскай, што зробіць усё, каб яна ня стала старшынёй участковай выбарчай камісіі.

Масты

На грамадзкага актывіста Андрэя Панасіка з Мастоў раённая пракуратура 10 сакавіка распачала крымінальную справу: яго вінавацяць у прыналежнасьці да незарэгістраванай арганізацыі «Партнэрства».

Шчучын

11 сакавіка ў Шчучыне на допыт выклікалі Васіля Бязьмена як сьведку ў крымінальнай справе Сяргея Ляшкевіча , якога вінавацяць у арганізацыі тэрарыстычных групаў. Самому Ляшкевічу прыйшла позва ў ваенкамат на 20 сакавіка — на мэдагляд, хоць ён зьняты з вайсковага ўліку паводле ўзросту.

Жлобін

Крымінальную справу спрабуюць завесьці на моладзевага актывіста з Жлобіна Эдварда Зелянкова : яго вінавацяць у графіці на будынках. 13 сакавіка яго выклікалі на адміністрацыйную камісію, дзе паведамілі, што матэрыялам справы займаецца КДБ.

Гомель

9 сакавіка на Алега Шабетніка , актывіста гомельскага выбарчага штабу А.Казуліна, міліцыянты склалі адміністрацыйны пратакол за парушэньне парадку агітацыі: 8 сакавіка ён з групай актывістаў раздаваў гамяльчанкам віншаваньні ад імя кандыдата ў прэзыдэнты каля ўнівэрмагу «Гомель».

Міліцыянты 9 сакавіка затрымалі агітатараў Кацярыну Церашкову і Ўладзімера Шуміліна , якія раздавалі буклеты А.Мілінкевіча: на іх склалі пратаколы за парушэньне выбарчага заканадаўства.

Барысаў

У Барысаве падчас распаўсюду агітацыйнай літаратуры 7 сакавіка Яны прыйшлі дадому да Івана Романа і да Анатоля Хацька , аднак прысутныя не пусьцілі міліцыянтаў.

Бяроза

Суд Бярозаўскага раёну 9 сакавіка пакараў Ларысу Мажэйку , зьбіральніцу подпісаў за А.Казуліна, штрафам у 3 б.в. Падставай стала паведамленьне раённай выбарчай камісіі: у часе праверкі подпісаў камісія нібыта даведалася, што 2 подпісы былі сабраныя людзьмі, якія не ўваходзяць у ініцыятыўную групу.

10 сакавіка з аналягічнага абвінавачаньня на 5 б.в. аштрафавалі Аляксандра Кузьміна , зьбіральніка подпісаў за А.Казуліна. Заслуханая на судзе сьведка паведаміла, што ня памятае, хто канкрэтна зьбіраў подпісы, але прыйсьці ёй парэкамэндавалі работнікі ідэалягічнага аддзелу Бярозаўскага райвыканкаму.

Полацак

10 сакавіка служба аховы Полацкага ўнівэрсытэту затрымала выкладчыка Аляксея Кавалёва й Аляксея Трубкіна , якія раздавалі студэнтам перадвыбарчую праграму А.Мілінкевіча. А.Кавалёва рэктар Дзьмітры Лазоўскі абвінаваціў у злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі й пазбавіў прэміі за сакавік. А.Трубкіна даставілі ў пастарунак, адкуль адпусьцілі, пераканаўшыся, што парушэньня закону няма.

Выбарчыя камісіі ў Наваполацку 13 сакавіка адмовілі ў рэгістрацыі назіральнікам Міхаілу Чадаеву і Валеру Шаўчэнку (ГА «Беларускі рэспубліканскі клюб выбарцаў»).

Мазыр

10 сакавіка падчас расклейкі плякатаў Мілінкевіча міліцыянты затрымалі Рыгора Крывіцкага і Ўладзімера Целепуна : іх вінавацяць у тым, што клеілі плякаты ў «неналежным месцы» — на прыпынку.

Асіповічы

Алену Мядзьведзеву й Ірыну Міхалап , агітатарак за А.Казуліна, затрымалі 10 сакавіка каля гарвыканкаму, калі яны раздавалі афіцыйна выдадзеныя перадвыбарчыя ўлёткі. Нядоўга пратрымаўшы ў пастарунку, іх усё ж адпусьцілі.

11 сакавіка ў пастарунак патрапіў актывіст БНФ Ігар Сімбіроў , які вяртаўся дадому пасьля працы ў Маскве: яго падазравалі, што прывёз грошы ў рэгіянальны штаб А.Мілінкевіча. Аднак знайшлі толькі налепкі з партрэтам кандыдата ў прэзыдэнты. Сімбіроў пасьпеў затэлефанаваць сябрам і сказаць, што яго запалохваюць, б’юць, не даюць вады. Яго засудзілі на 10 сутак арышту, зьвінаваціўшы, што скандаліў у цягніку.

Горкі

10 сакавіка ў Горках міліцыянты затрымалі актывіста КХП—БНФ, пратэстанта Пятра Маланачкіна : ён падаваў заяўку на пікет пажылых жыхароў супраць дзеяньняў камунальных службаў і гарадзкіх уладаў. Заяўніка затрымалі, у кватэрах многіх з удзельнікаў адбыліся ператрусы бяз санкцыі пракурора. 11 сакавіка Горацкі раённы суд вынес Маланачкіну папярэджаньне.

У Горках 12 сакавіка міліцыянты канфіскавалі агітацыйную літаратуру (улёткі й плякаты А.Мілінкевіча і А.Казуліна, нумары газэты «Народная воля»), што належала мясцоваму актывісту Эдуарду Брокараву , які захоўваў яе ў гаражы свайго знаёмца. Гараж быў узламаны трыма міліцыянтамі і невядомым супрацоўнікам у цывільным.

Бабруйск

10 сакавіка каля штабу адзінага затрымалі дэпутата гарсавету Алеся Чыгіра (кіраўніка штабу) і яшчэ трох актывістаў. Іх выпусьцілі з пастарунку праз гадзіну, ня выставіўшы абвінавачаньняў. Па некаторым часе гэтаксама затрымалі групу на чале з актывістам Партыі БНФ Дзянісам Шэйкам .

11 сакавіка затрымалi А.Чыгiра, Мiкiту Буцэнку ды трох прадстаўнiкоў БНФ i незарэгiстраванай Партыi свабоды i прагрэсу, якiя агiтавалi за А.Мiлiнкевiча: мiлiцыянты правяралі законнасьць надрукаваных улётак.

Актывіста Партыі БНФ Ігара Ходзьку 11 сакавіка міліцыянты затрымалі й правялі надгляд ягоных рэчаў, спаслаўшыся на тое, што адбыўся крадзеж і шукаюць злодзея.

Штраф за сход на кватэры

9 сакавіка першы намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычна партыі (Грамады) Анатоль Ляўковіч атрымаў паведамленьне, што ён аштрафаваны на 150 б.в. 21 лютага ў Гомелі ён сустракаўся на прыватнай кватэры з актывістамі партыі, калі туды ўварваліся міліцыянты, а да пад’езду падагналі 7 міліцэйскіх аўтамабіляў. Міліцыянты патлумачылі, што шукаюць віетнамцаў-нелегалаў, і перапісалі пашпартныя зьвесткі ўсіх прысутных, а на Ляўковіча распачалі адміністрацыйную справу за несанкцыяваны сход. Хоць 27 лютага А.Ляўковіч зьвярнуўся ў пракуратуру з скаргай на незаконныя дзеяньні міліцыі, гомельскую судзьдзю М.Дамненку гэта не спыніла: 2 сакавіка ў адсутнасьць А.Ляўковіча яна разгледзела адміністрацыйную справу і пакарала яго штрафам.

Крупкі

У вёсцы Дакудава Крупскага раёну на настаўніка Васіля Лапаціна 10 сакавіка завялі адміністрацыйную справу і абвінавацілі ў антысанітарыі: ён разьвесіў 6 абвестак пра сустрэчу з актывістам штабу А.Мілінкевіча, лідэрам Аб’яд- нанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам. Каб асудзіць, прыдумалі такі довад: «вёска ня ўнесеная раённым начальствам у сьпіс населеных пунктаў, дзе можна сустракацца з удзельнікамі прэзыдэнцкай кампаніі».

Рэчыца

13 сакавіка ў Рэчыцы пачаўся суд над Валер’ем Пуціцкім , актывістам кампаніі А.Мілінкевіча. Яго затрымалі 12 сакавіка, зьвінавацілі ў дробным хуліганстве. Судовы працэс адклалі да 17 сакавіка праз адсутнасьць сьведкаў.

Перасьлед за веру

На япіскапа Саюзу хрысьціянаў веры Эвангельскай па Менскай вобласьці Сяргея Цвора на пачатку сакавіка склалі пратакол за несанкцыяванае богаслужэньне (без дазволу выканкаму). С.Цвору пагражае штраф ад 30 да 150 б.в. альбо зьняволеньне ад 3 да 15 сутак.

Драгічын

11 сакавіка Васіля Пракопчыка , агітатара за А.Мілінкевіча, затрымалі падчас распаўсюду інфармацыі пра сустрэчу з кандыдатам у прэзыдэнты. На яго склалі адміністрацыйны пратакол за антысанітарыю і трымалі ў пастарунку 5 гадзінаў.

Суд спалохаўся

Суд Маскоўскага раёну 13 сакавіка адмовіўся разглядаць справы Мікалая Цяцёркіна, Сяргея Кастыленкі, Івана Лабачова, Уладзімера Казуліна , актывістаў штабу кандыдата ў прэзыдэнты А.Казуліна, затрыманых 2 сакавіка. Судзьдзя Надзея Равуцкая заявіла ім, што не выклікала (хаця ва ўсіх на руках былі позвы). Старшыня суду Анатоль Савіч адмовіўся разглядаць справы, спаслаўшыся, што дакумэнты аформлены няправільна.

Пінск

Пінскі гарадзкі суд 13 сакавіка адмовіў Аляксандру Аўсеенку : актывіст штабу А.Мілінкевіча дамагаецца скасаваньня папярэджаньня, якое вынес яму гарвыканкам падчас збору подпісаў. Аўсеенку зьвінавацілі, што замінаў хадзіць па вуліцы ды сьмеціў. Днямі суд аштрафаваў яго яшчэ й на 4 б.в. за парушэньне выбарчага заканадаўства падчас збору подпісаў. Актывіст мае скардзіцца ў Берасьцейскі аблсуд.

Не пусьцілі

Дэпутатам Эўрапарлямэнту , якія хацелі прыехаць у Менск назіраць за выбарамі, беларускія ўлады 13 сакавіка адмовілі ў выдачы візаў.

Любань

У Любані 12 сакавіка падчас раздачы «Народнай волі» й агітацыйных улётак А.Мілінкевіча каля гарадзкога рынку былі затрыманыя моладзевыя актывісты Зьміцер Ефімовіч, Вячаслаў Гурленя, Іван Шыла. Міліцыянты заявілі, што хочуць высьветліць асобы затрыманых, хаця актывісты адразу паказалі ім пашпарты. Пратрымалі хлопцаў 1,5 гадзіны, але выпусьцілі, не складаючы пратаколаў, і нават вярнулі ўсю друкаваную прадукцыю.

Беразіно

У Беразіне 13 сакавіка міліцыянты-аўтаматчыкі затрымалі Андрэя Скарабагатава, які расклейваў абвесткі пра сустрэчу з Анатолем Лябедзькам, даверанай асобай А.Мілінкевіча. Міліцыянты заявілі, што абвесткі незаконныя, і завезьлі актывіста ў пастарунак. Аднак там было вырашана, што нічога незаконнага ў абвестках няма.

Выпусьцілі пад заклад

Антона Філімонава, сына забітай журналісткі Веранікі Чаркасавай, 13 сакавіка выпусьцілі пад заклад. Ад 30 сьнежня 2005 г. Антона, не зважаючы на хранічныя захворваньні, трымалі ў менскім СІЗА №1 па абвінавачаньні ў падробцы грошай.

Хваля прэвэнтыўных затрыманьняў у аўторак

14 сакавіка па Беларусі пракацілася чарговая хваля арыштаў і затрыманьняў актывістаў выбарчай кампаніі.

У Берасьці затрымалі Сьцяпана Навасяльчана, давераную асобу А.Мілінкевіча: сьпярша яму заявілі, што няправільна прыпаркаваў аўтамабіль, але ў пастарунку абвінавацілі ў супраціве міліцыянтам. Суд прызначыў Навасяльчану 10 сутак арышту. Ірыну Лаўроўскую й Ігара Дземідовіча, агітатараў за А.Мілінкевіча, затрымалі падчас распаўсюду агітацыйнай літаратуры й склалі адміністрацыйныя пратаколы.

У Горадні судзьдзя Натальля Козел асудзіла на 7 сутак арышту моладзевага актывіста Максіма Губарэвіча, затрыманага напярэдадні ўвечары: міліцыянты, якія яго затрымалі, заявілі ў судзе, што хлопец нецэнзурна лаяўся на вуліцы.

У Віцебску Барысу Хамайду прысудзілі штраф у 160 б.в. (4 млн 960 тыс. руб.) за вулічны пікет.

У Магілёве 13 сакавіка затрымалі моладзевага актывіста Сержука Нягаціна, калі ён выйшаў з тамтэйшага штабу Мілінкевіча: асуджаны на 15 сутак арышту. У пастарунку хлопцу заявілі, што ён лаяўся матам. 14 сакавіка АМАПаўцы затрымалі Рыгора Костусева, давераную асобу А.Мілінкевіча, і асудзілі на 10 сутак. Абвінавачаньні стандартныя — брыдкаслоўе.

У Берасьці 14 сакавіка міліцыянты затрымалі кіраўніка выбарчага штабу А.Мілінкевіча Зьмітра Шыманскага.

У Гомелі на 10 сутак засудзілі Сяргея Сямёнава, які 12 сакавіка на сустрэчы з А.Казуліным задаў пытаньне пра рэформу сыстэмы адукацыі МУС. 14 сакавіка міліцыянты забралі Сямёнава з працы, у пастарунку яму сказалі, што ёсьць заява начальніка ўправы ідэалягічнай работы Гомельскага аблвыканкаму Анатоля Кацілы: маўляў, Сямёнаў нецэнзурна абразіў яго на той сустрэчы з выбарцамі.

На беларуска-расейскай мяжы каля Дуброўна беларускія мытнікі затрымалі сьвежы нумар недзяржаўнай газэты «Народная воля»: наклад павезьлі ў Віцебскую абласную міліцыю. Тамсама трымаюць і наклад папярэдняга нумару «НВ», таксама канфіскаваны пры пераезьдзе мяжы.

У Горадні на 7 сутак асудзілі актывіста незарэгістраванага Саюзу палякаў Юзафа Пажэцкага: яго зьвінавацілі ў дробным хуліганстве. Андрэя Пачобута асудзілі па тым самым абвінавачаньні на 10 сутак арышту. У залі суду Пачобут абвесьціў сухую галадоўку.

У гэты ж дзень затрыманыя праваабаронца Віктар Сазонаў і давераная асоба А.Мілінкевіча Сяргей Мальчык: ім закідаюць распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак.

На 12 сутак у Менску засудзілі Андрэя Кіма, актывіста каманды А.Казуліна, затрыманага 2 сакавіка. Арыштам пакаралі 14 сакавіка ўдзельнікаў сустрэчы з А.Мілінкевічам, якая прайшла 12 сакавіка ў Менску, прадпрымальнікаў Аляксандра Макаева (15 сутак) і Аляксандра Прысмакова (10 сутак): іх зьвінавацілі, што падчас мітынгу яны выкрыквалі «антыдзяржаўныя» лёзунгі: «Беларусь у Эўропу!» і «Свабоду Беларусі!». Справу «зуброўца» Максіма Вінярскага разглядалі ў ягоную адсутнасьць, бо актывіст у суд не зьявіўся: рашэньне судзьдзя мае абвесьціць 17 сакавіка.

У Наваполацкай гімназіі, вызначанай гарвыканкамам як месца для агітацыі, затрымалі Аляксея Трубкіна, які прыйшоў, каб вывесіць агітацыйныя матэрыялы.

У Касьцюковічах па абвінавачаньні ў распаўсюдзе друкаваных матэрыялаў у недазволеным месцы затрыманыя актывісты ПБНФ Мікалай Малахаў і Ўладзімер Патапаў.

У Рэчыцы падчас наклейкі налепак А.Казуліна на агітацыйны стэнд быў затрыманы Алег Шабетнік: на яго склалі пратакол за адміністрацыйнае правапарушэньне.

Штраф для прэсы

Суд Клімавіцкага раёну 13 сакавіка аштрафаваў рэдактара незарэгістраванага выданьня «Вольны горад» Сяргея Няроўнага на 20 б.в.: яго зьвінавацілі, што вырабляў і распаўсюджваў друкаванае выданьне звыш вызначанага накладу. Газэту затрымалі пры перавозе з друкарні праз расейска-беларускую мяжу 13 студзеня: пры дазволеным накладзе для незарэгістраванага выданьня міліцыянты налічылі каля 1000 асобнікаў газэты.

Танцы на даху

На даху будынку, дзе знаходзіцца офіс апазыцыйнай Аб’яднанай грамадзянскай партыі, у гэты ж дзень працавалі зь невядомай апаратурай людзі ў цывільным у суправаджэньні афіцэра ў форме «хакі». Насупраць будынку цэлы дзень стаяў мікрааўтобус з вайскоўцамі (№ 0173 УЕ). На рукаве кіроўцы — шаўрон «спэцназ унутраных войскаў».

Частковая справядлівасьць

Актывісту каманды А.Мілінкевіча студэнту Яўгену Скрабутану ўдалося часткова дамагчыся справядлівасьці: рашэньне адміністрацыйнай камісіі Кастрычніцкага раёну Горадні, якая аштрафавала яго на 1 б.в. за каляндарыкі з партрэтам кандыдата ў прэзыдэнты, скасавана.

За каляндарыкі Яўген пацярпеў тройчы: апрача адміністрацыйнай камісіі, яго пакараў штрафам у 10 б.в. Мастоўскі раённы суд, а рэктар Гарадзенскага ўнівэрсытэту выключыў яго з навучальнай установы.

Выдаляюць замежнікаў

Зь Беларусі пачынаюць дэпартаваць замежнікаў, якія, нібыта, прыехалі праводзіць экзыт-полы, бо на правядзеньне сацыялягічных апытаньняў патрабуецца афіцыйны дазвол уладаў (такая норма была ўведзеная на пачатку 2006 г.). Як паведаміла прэс-служба АГП, з гатэлю «Аквабел» 10 грамадзянаў Даніі дастаўленыя ў міліцыю, у іх нумарах адбыліся ператрусы. Яшчэ аднаго грамадзяніна Даніі дэпартуюць з Быхава.

У Горадні 14 сакавіка супрацоўнікі КДБ затрымалі грамадзянаў Швэцыі Охмана Томаша і Стэнстрома Б’ёрна: ім загадана пакінуць Беларусь цягам 24 гадзінаў.

Актывістаў зьбіваюць

У Магілёве 14 сакавіка ахоўнікі заводу «Магатэкс» зьбілі Мікалая Расюка, агітатара А.Казуліна, за тое, што раздаваў работнікам заводу газэту «Народная воля» і ўлёткі кандыдата ў прэзыдэнты. У Расюка здарыўся сардэчны прыступ, абаранілі яго работнікі заводу.

Мікалая Ворана ў Горадні зьбіў міліцыянт, калі актывіст раздаваў афіцыйныя ўлёткі А.Казуліна каля інтэрнату Гарадзенскага заводу аўтаагрэгатаў. Міліцыянт некалькі разоў ударыў актывіста галавой аб сьценку проста на прахадной інтэрнату. Цяпер Воран у больніцы, куды яго завезла хуткая дапамога. Мэдыкі ацэньваюць ягоны стан як «сярэдняй цяжкасьці».

У пракуратуру два разы ў дзень

У Шчучынскую пракуратуру Сяргея Ляшкевіча, актывіста групы А.Мілінкевіча, 14 сакавіка выклікалі двойчы, адзін раз — для вочнай стаўкі. Пракуратура вядзе крымінальную справу па факце «падрыхтоўкі тэрарыстаў». Увечары 14 сакавіка С.Ляшкевіча пасадзілі ў сьледчы ізалятар.

Жодзіна

Уначы на 15 сакавіка ў Жодзіне былі затрыманыя моладзевыя актывісты Сяржук Гудзілін, Яўген Ваўкавец, Алесь Чырэйка, якія рыхтавалі сустрэчу А.Мілінкевіча з выбарцамі гораду. На пад’езьдзе да гораду яны малявалі на сьнезе надпісы-прывітаньні дэмакратычнаму кандыдату. Жодзінская міліцыя адмаўляецца казаць, што інкрымінуюць хлопцам і чаму іх трымаюць даўжэй за дазволеныя законам 3 гадзіны.

Віцебск

Уначы на 15 сакавіка ў Віцебску быў затрыманы моладзевы актывіст Віталь Броўка па дарозе дадому. Хлопцу закідаюць «дробнае хуліганства»: некалькі дзён таму ён прайшоў на агітацыйны сход у Віцебскім унівэрсытэце, дзе спрабаваў выказацца ў падтрымку Мілінкевіча. Знаходжаньне Броўкі невядомае.

Проста на выбарчым участку 15 сакавіка забралі назіральніка Валер’я Шчукіна.

Менск

Актывіста прадпрымальніцкага руху Ігара Ледніка 15 сакавіка судзьдзя Цэнтральнага суду сталіцы Аляксей Бычко асудзіў на 10 сутак арышту. Яго затрымалі напярэдадні ўвечары й зьвінавацілі ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі.

Берасьце

14 сакавіка затрымалі Ігара Дземідовіча і Андрэя Шарэнду, актывістаў штабу А.Мілінкевіча: іх зьвінавацілі ў агітацыі ў недазволеным месцы. Міліцыю выклікаў пракурор, які праяжджаў міма агітатараў. На актывістаў склалі пратакол, хаця месца, дзе яны праводзілі агітацыю, уваходзіць у афіцыйна дазволены пералік.

На Рыгора Бакіевіча, актывіста кампаніі А.Мілінкевіча, увечары 14 сакавіка напаў невядомы, які ўдаваў зь сябе п’янага. Бакіевіча забралі ў пастарунак і выставілі яму абвінавачаньне ў хуліганстве.

Суд над Зьмітром Шыманскім прызначаны на 15 сакавіка: яго затрымалі напярэдадні ўвечары й абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыяванага сходу. Актывіста пакінулі на ноч пад вартай, хаця ён і прасіў яго адпусьціць дадому, бо мае малое дзіця.

Горадня

Віктара Сазонава, актывіста штабу А.Мілінкевіча, 15 сакавіка асудзілі на 7 сутак, зьвінаваціўшы ў «дробным хуліганстве» — «нецэнзурнай лаянцы». У залі суду, куды не пускалі сяброў і сваякоў, Сазонаў абвесьціў галадоўку.

Наваполацак

Аляксея Трубкіна, актывіста кампаніі Мілінкевіча, 15 сакавіка асудзілі на 7 сутак арышту.

Ворша

15 сакавіка актывісты, якія прыйшлі ў суд падтрымаць Васіля Леўчанкава, абвінавачанага ў арганізацыі несанкцыяванага мітынгу, былі вельмі зьдзіўленыя: хоць у 18.30 напярэдадні суд быў адкладзены да раніцы, у 19.30 актывісту штабу Мілінкевіча абвесьцілі прысуд — 7 сутак арышту.

Украіна нон-грата

На ўкраінска-беларускай мяжы ўначы на 15 сакавіка памежнікі без тлумачэньня прычынаў высадзілі здымачную групу ўкраінскага «5-га каналу» — журналіста Андрэя Жыгуліна і апэратара Віталя Дарашэнку, не зважаючы на акрэдытацыю МЗС Беларусі.

Затрыманьні моладзі

14 сакавіка ўвечары без нагоды былі затрыманыя моладзевыя актывісты Мікіта Сасім, Натальля Ушко, Ніка Лазоўская, Мікіта Шуцянкоў, якія стаялі каля станцыі мэтро «Пушкінская». За распаўсюд газэтаў 15 сакавіка затрыманыя Юлія Гарачка, Даніла Барысевіч, Вольга Жураўлёва і Руслан Мацьвееў, за разьвешваньне джынсавых стужак — Антон Столяр і Вольга Сакалова.

Сакалову і Столяра абвінавацілі ў дробным хуліганстве і затрымалі ў пастарунку. Астатніх адпусьцілі. Толькі Сасім патрапіў у больніцу, дзе яму 15 сакавіка зрабілі апэрацыю на апэндыцыт. Цяпер актывіст ляжыць, прыкуты да ложка кайданкамі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула