Грамадства5959

Куды ўладкаваліся дзеці сяброў Лукашэнкі?

Назіраючы за суботнікамі, касьбой ды і проста навінамі, якія тычацца кіраўніка краіны, можна акрэсліць прыкладнае кола блізкіх да Лукашэнкі людзей. Як правіла, гэта адныя і тыя ж паплечнікі — бізнэсоўцы, спартоўцы, чыноўнікі. Але ж чым жывуць ужо дарослыя дзеці набліжаных да прэзідэнта?

Аляксандр Шакуцін

Адзін з найбагацейшых чальцоў прэзідэнцкай «зборнай па касьбе» Аляксандр Шакуцін — вядомы бізнэсовец, ён суўладальнік холдынга «Амкадор».

Аляксандр Шакуцін.

Сын бізнэсоўца, 32-гадовы Аляксандр Шакуцін-малодшы, скончыў юрыдычны факультэт БДУ і ўвайшоў у бацькаў бізнэс. Ён дырэктар «Спамаш Груп». Гэта яшчэ адзін холдынг, які займаецца дыстрыбуцыяй прамысловай тэхнікі.

Аляксандр Шакуцін-малодшы.

Дарэчы, «Спамаш» - гэта не проста набор літар. Назва расшыфроўваецца як «Светлай памяці Машы Шакуцінай». Марыя Шакуціна — дачка бізнэсоўца, якая памерла ў 2000-ыя пры трагічных абставінах.

Сяргей Цяцерын

Сяргей Цяцерын — былы тэнісіст, а сёння трэнер і бізнэсовец. Ён таксама не аднойчы быў заўважаны побач з Лукашэнкам: касіў траву, збіраў бульбу і кавуны, лятаў на зімовую Алімпіяду ў Сочы.

Сяргей Цяцерын, Коля Лукашэнка і кавуны.

Тэнісіст Цяцерын сёння — дырэктар холдынга «БелГлобалСтарт». У холдынг уваходзіць некалькі кампаній, якія займаюцца продажам мэблі, харчавання, кармоў для жывёлагадоўлі, спецыяльнага спартовага харчавання.

У адной з такіх даччыных кампаній — «БелГлобалСтар» — працуе і дачка Сяргея. Таццяна Цяцерына займае пасаду дырэктара па камерцыйных пытаннях.

«БелГлобалСтар» валодае сеткай бараў «Blockbuster», якія знаходзяцца ў мінскіх кінатэатрах. Дарэчы, кампанія займаецца вытворчасцю папкорна. Сярод актываў «БелГлобалСтар» папулярны вінны бар «Свабоды, 4».

Юрый Чыж

Юры Чыж, напэўна, сёння ўжо не ўваходзіць у кола прэзідэнцкіх сяброў. Але ж да затрымання бізнэсовец з’яўляўся адным з найбліжэйшых да Лукашэнкі людзей.

Старэйшаму сыну алігарха Сяргею — 28 гадоў. Сяргей Чыж адвучыўся ў Англіі. Спачатку скончыў універсітэт у Лондане, пасля была магістратура ў Оксфардзе.

Вясельнае фота Сяргея Чыжа і яго жонкі Паліны.

Атрымаўшы адукацыю за мяжой, Сяргей вярнуўся ў Беларусь, дзе бацька ўзяў сына пад крыло. Сяргей працаваў намеснікам дырэктара ў сетцы гіпермаркетаў «ProStore», затым дырэктарам кампаніі «Прастор Трэйд», якая кіруе пяццю гіпермаркетамі Prostore у Мінску.

Калі Чыж-старэйшы быў затрыманы, «Трайпл» узначаліў менавіта Сяргей. 

З цягам часу Сяргей Чыж афіцыйна заняў пасаду дырэктара кампаніі. А вызвалены бацька ўзначаліў назіральную раду «Трайпла».

Другому сыну алігарха — 21 год. Уладзімір Чыж паступаў у БНТУ, але пасля пайшоў у войска. Служыў у Мар’інай Горцы. Цяпер Уладзімір вучыцца ў мінскім філіяле Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта.

Уладзімір Чыж.

Дачка Таццяна, як і яе старэйшы брат Сяргей, атрымала выдатную адукацыю за мяжой — яна вучылася ў Швейцарыі, вывучала гатэльны і рэстаранны бізнэс.

Таццяна Чыж.

Дачка Юрыя Чыжа працуе разам з маці ў элітным вэлнес-клубе EVO. Таццяна — першы намеснік дырэктара па сэрвісу.

Уладзімір Канаплёў

Уладзімір Канаплёў — экс-памочнік Лукашэнкі, былы старшыня Палаты прадстаўнікоў. Акрамя таго — зямляк Лукашэнкі. Сёння ён узначальвае Беларускую федэрацыю гандбола.

Уладзімір Канаплёў.

Канаплёў мае двое сыноў. Старэйшы Мікалай скончыў факультэт міжнародных зносінаў БДУ, пасля вучыўся ў Пекінскім універсітэце, працаваў прадстаўніком Ганконгскай гандлёва-прамысловай кампаніі «Глэдзіс» у Пекіне. Быў алімпійскім аташэ беларускай дэлегацыі на пекінскіх гульнях 2008 года. Затым Мікалай Канаплёў, па словах бацькі, адкрыў свой бізнэс у Кітаі.

Мікалай Канаплёў.

Сёння Мікалай Канаплёў жыве ў Мінску. З 2014 года ён заняў пасаду дырэктара па знешнеэканамічным развіцці беларуска-брытанскага прадпрыемства «Эрыд-Гроў Прадакшн», якое займаецца вытворчасцю і продажам сродкаў для глебы, і таксама — тэхналогіямі азелянення пустыняў.

Акрамя таго, па непацверджанай інфармацыі, ён працягвае працаваць на кампанію, якая знаходзіцца ў Шанхаі.

Малодшы сын Дзяніс падаўся ў рэстаратары. Яму належылі «City-cafe Boulevard» и «Pub Club Mixx». Першы рэстаран ужо закрыўся, другі — працуе і па сёння, змяніўшы назву на «Wine & whiskey bar Mixx». 

Міхаіл Захараў

Яшчэ адзін сябар прэзідэнта, былы хакеіст Міхаіл Захараў сёння працуе трэнерам сталічнага хакейнага клуба «Юнацтва». У памяці людзей ён застаўся не толькі хакейнымі дасягненнямі, але і гучнай аварыяй на сваім «Бэнтлі» у 2011 годзе.

Захараў (злева) збірае бульбу разам з Лукашэнкам

Ягоны сын Канстанцін пайшоў па бацькавых слядах. Канстанцін — прафесійны хакеіст, пачынаў у «Юнацтве», пасля гуляў у Гомелі, у канадскай хакейнай лізе, у амерыканскай хакейнай лізе (другі па моцы дывізіён пасля НХЛ).

Канстанцін Захараў

Затым былі мінскае «Дынама», казахскі «Іртыш», але пасля кола замкнулася — сёння 32-гадовы нападаючы гуляе ў бацькавым «Юнацтве».

Акрамя таго, у Захарава яшчэ двое дзяцей: двайняты Крысціна і Аляксандр нарадзіліся ў 1995 годзе. Прычым, Аляксандр таксама займаўся хакеем, але ў зоркі не выбіўся.

Крысціна і Аляксандр Захаравы.

Сёння Крысціна вучыцца ў Інстытуце журналістыкі БДУ і працуе менеджарам у мінскім івэнт-агенцтве «Burochaplin». Таксама дзяўчына паспела засвяціцца на тэлеканале «Беларусь 5» Аляксандр жа — фігура абсалютна не публічная.

Віктар Шэйман

Віктар Шэйман — вядомы лукашэнкаўскі паплечнік, які сёння працуе кіраўніком справамі прэзідэнта. У яго дваіх дзяцей.

Сын чыноўніка Сяргей нарадзіўся ў 1983 годзе. Скончыў прыватны Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут, атрымаў дыплом юрыста. Ужо ў 23 гады ён працаваў галоўным кантралёрам-рэвізорам Камітэта эканамічнага кантролю пры Мінскім аблвыканкаме. Акрамя таго Сяргей Шэйман быў адным з арганізатараў канцэртаў «За Беларусь!». У прыватнасці, вырашаў пытанні аховы, кантактаваў з зоркамі, зацвярджаў праграмы канцэртаў.

Сяргей Шэйман

Па непацверджанай інфармацыі, сёння Сяргей займаецца бізнэсам.

Сястра Сяргея Вольга нарадзілася ў 1989 годзе. Яна скончыла той жа інстытут, што і яе брат. Летась выйшла замуж.

На фота адразу дзве Вольгі Шэйман. Злева — дачка Віктара Шэймана, справа — жонка Сяргея Шэймана.

Цяпер Вольга вучыцца ў ЗША, ва ўніверсітэце Каплан у штаце Аёва. 

Каментары59

Цяпер чытаюць

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў8

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў

Усе навіны →
Усе навіны

Медсястра з Лепеля закахалася ў расійскага вайскоўца і паехала наёмніцай на фронт ва Украіну24

Рыэлтарскі бізнэс «нармалізуюць». Экспертка расказала, чаго чакаць4

У Арызоне на хуткасці 340 км/г перакулілася лодка, якая спрабавала пабіць рэкорд хуткасці1

Мінчук месяц змагаецца з таблічкай «Купляйце беларускае» ў краме: яе прымацавалі на расійскія сыркі4

Дзе цяпер працуе былая фаварытка Лукашэнкі Марыя Васілевіч12

Расіяне расстралялі беларуса, які адмовіўся ісці на «мясны штурм» ва Украіне14

Патрушаў пагражае забраць ва Украіны Адэсу13

Рыбак пад Мазыром злавіў аграменнага сома — змагаўся 30 хвілін4

Арыне Сабаленцы давялося вячэраць крэветкамі з прычыны блэкаўта ў Іспаніі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў8

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць