18-гадовая Сафія Малашэвіч, што распісала «Рубяжы», у апошнім слове: Клянуся, Ціхан не заслугоўвае такога пакарання
У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 21 студзеня працягнуўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да палітвязняў Сафіі Малашэвіч і Ціхана Клюкача.

Іх абвінавачваюць у тым, што яны распісалі балончыкамі шчыты спецсродкаў загароды на акцыі пратэсту шостага верасня (ч. 2 арт. 339 КК РБ), а таксама ўдзельнічалі ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Акрамя таго, Сафіі Малашэвіч выставілі абвінавачанне ў публічнай абразе прэзідэнта (арт. 368 КК РБ).
Працэс вядзе суддзя суда Кастрычніцкага раёна Вольга Няборская. Дзяржабвінаваўца — Рудніцкая. На першым пасяджэнні суд апытаў Сафію і Ціхана.
На пасяджэнні 21 студзеня былі заслуханыя матэрыялы справы. У тым ліку, прагледжаныя відэа з тэлеграм-каналаў і тэлефона Сафіі. Сярод апошніх — відэа з удзелаў у маршах, а таксама асабістыя здымкі дзяўчыны: яна неаднаразова падкрэслівала, што гэта не датычыцца справы.
Сведка, супрацоўнік ваеннай часткі 3214, які ў той дзень бачыў Сафію, сказаў, што дзяўчыну было цяжка не заўважыць: яна была агрэсіўная, пагражала, танцавала, пакідала надпісы.
«Сафія танцавала, таму што лічыла, што шмат людзей і яна пазбегне пакарання», — упэўнены сведка.
Таксама супрацоўнік расказаў, што з дзяўчынай быў малады чалавек. Сведка мяркуе, што ён таксама хацеў пісаць, яны абмяркоўвалі гэта з Сафіяй, але хтосьці мусіў здымаць на відэа. Але размову ён не чуў. Спачатку затрымалі хлопца (гэтага сведка не бачыў), дзяўчына падышла да яго падначаленага сама: у руках у яе быў балончык з фарбай. Яна прасіла, каб хлопца адпусцілі, а затрымалі яе.
Таксама 21 студзеня суддзя вырашыў закончыць разглядаць справу без сведкаў абвінавачання — супрацоўнікаў міліцыі і АМАП, хаця адвакаты патрабавалі іх выклікаць.
Абвінавачанне адмовілася ад абвінавачання Ціхана Клюкача па ч. 2 арт. 339. Пракурор запатрабаваў для хлопца адзін год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму (па ч. 1 арт. 342).
Абвінавачанне таксама перакваліфікавала ч. 2 арт. 339, згодна з якой абвінавачваюць Сафію Малашэвіч, на ч. 1 арт. 339. Такім чынам, шляхам складання пакаранняў па трох артыкулах (ч. 1 арт. 368, ч. 1 арт. 342, ч. 1 арт. 339) для яе пракурор запрасіў два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Ціхан Клюкач у апошнім слове раскаяўся ў тым, што здзейсніў, і папрасіў прабачэння ў маці і бабулі, бо «прынёс ім шмат гора».

У сваім апошнім слове палітзняволеная Сафія Малашэвіч папрасіла не караць Ціхана.
«Складана казаць, калі ў вачах слёзы, але я ўсё ж скажу. Я хацела б папрасіць суд не караць як мінімум Ціхана: яму проста спадабалася прыгожая дзяўчынка, і ён захацеў праводзіць мяне на мітынг.
Ён дзесяць тысяч разоў — я вам клянуся — адгаворваў мяне сысці назад ад плота. Я думаю, двух месяцаў у СІЗА дастаткова, каб зразумець, што нікуды хадзіць не трэба і да платоў падыходзіць таксама не трэба. Я таксама адседзела два месяцы ў СІЗА і за гэты час зразумела, што турма людзей ніяк не зменіць: яна зробіць толькі горш.
Са мной сядзелі людзі, якія ўжо былі ў турме, і я глядзела не на тое, якімі яны туды прыйшлі, а на тое, якімі яны адтуль сыходзілі — і гэта былі не самыя лепшыя людзі, якіх я ведала. Таму што да гэтага яны былі нашмат лепш. Таму калі вы дасцё чалавеку [Ціхану], які адзін раз памыліўся — пайшоў на мітынг з дзяўчынкай, — год пазбаўлення волі, наўрад ці ён стане лепш.
Я прызнаю свой актыўны ўдзел у мітынгу. Але я не пагаджуся з тым, што мае на ўвазе гэтая віна, — пакараннем. Зразумела, вы галоўныя, вы прызначаеце, што я заслужыла. Я павінна адказваць за свае ўчынкі.
Але я вам клянуся, што ён [Ціхан] не заслугоўвае такога пакарання. Вы суд, вы павінны быць справядлівымі. Але ён нават не дакранаўся пальцам да плота і балончыка! Ён больш не будзе хадзіць на мітынгі — так, Ціхан?
Мне, вядома ж, не хацелася б пазбаўлення волі: не буду сябе абараняць і выгароджваць, але калі вы дасцё мне тэрмін, я магу ўжо не ўбачыць бабулю. Можна нават даць «хімію» з прызначэннем, але больш [тэрмін], чым пазбаўленне волі. Каб было справядліва, але каб я ўбачыла бабулю».
Вырак будзе агучаны 22 студзеня ў 14:30.
Каментары