Грамадства66

«Здзівіў ён нават беглую апазіцыю». Прапаганда не проста фальшуе справаздачу ICAO, а стварае паралельную рэальнасць

Беларускія ўлады балюча зачапіла справаздача ICAO па інцыдэнце з самалётам Ryanair з Пратасевічам на борце. Прапаганда стварае паралельную рэальнасць, каб беларусы нічога не зразумелі па сутнасці высноў міжнароднага расследавання.

«Узровень аб'ектыўнасці ў высновах, здавалася б, паважанай арганізацыі, набліжаецца да нуля — адзначаюць эксперты, якія вывучылі тэзісы дакладу. Здзівіў ён нават беглую апазіцыю, у шэрагах якой справаздачу назвалі непераканаўчай», — сцвярджаецца ў прапагандысцкім сюжэце АНТ. 

Спачатку ў сюжэце супрацьпастаўляецца цяперашняя справаздача ICAO справаздачы, апублікаванай у студзені. Маўляў, тады, у студзені «гаварылася, што лётчык самастойна вырашыў ляцець у Мінск, перахопу не было, а Беларусь старанна выканала ўсе неабходныя працэдуры». 

Але гэта маніпуляцыя. Па-першае, першая справаздача была заведама заснаваная выключна на інфармацыі і звестках, якія краіны (у тым ліку Беларусь) падалі ў распараджэнне ICAO, і ўключае ў сябе эксплуатацыйныя падрабязнасці, тэхнічны аналіз розных мераў і прынятых рашэнняў. Там быў толькі пералік фактаў і падзей дня 23 мая 2021 года. Яна па сваёй сутнасці не прадугледжвала ніякіх канчатковых высноваў, а тым больш апраўданняў дзеянняў беларускага боку. 

У той справаздачы гаварылася, што пілотам не ўдалося звязацца са сваёй кампаніяй, бо частата для сувязі з аэрапортам у Вільні «не дабівала» — самалёт быў задалёка. У 09:34:49 пілоты папрасілі Мінск даць частату, якая «даб'е», але тыя далі тую ж частату. Калі б пілоты змаглі звязацца з Вільняй, то пасадзілі б самалёт там, а не ў Мінску.

Далей прапагандысты сцвярджаюць, што адзін з галасоў на аўдыёзапісе інцыдэнту належыць не афіцэру КДБ, а Яўгену Цыганову, кіраўніку палётаў «Белаэранавігацыі». Маўляў, ён даваў указанні дыспетчару. Прапагандысты сцвярджаюць, што няма ніякіх доказаў таго, што запісаны голас афіцэра КДБ. 

«Замест доказаў — сцвярджэнне, цытата, што ўлады Польшчы і ЗША правялі працу. Якую — не называецца», — гаворыцца ў сюжэце. Але і гэта няпраўда. 

У якасці доказаў — паказанні дыспетчара Галегава польскім і амерыканскім спецслужбам і сам запіс. 

«У Польшчы сцвярджалі, што Галегаў вырашыў звольніцца і збег з краіны разам з мігрантамі з Блізкага Усходу. Гэта, дарэчы, таксама хлусня», — выкрывае «хлусню» АНТ. 

Але ў Польшчы не сцвярджалі, што Галегаў збег з краіны разам з мігрантамі з Блізкага Усходу. З самага пачатку было вядома, што Галегаў з’ехаў у Грузію. Прапагандысты самі прыдумалі гэтую гісторыю, прыпісалі яе іншым, а потым «выкрылі», каб максімальна заблытаць гледачоў. 

Далей прапагандысты звяртаюць увагу на тое, што звычайна пасажырскія рэйсы па маршруце Афіны — Вільня пачыналі зніжэнне задоўга да мяжы, а вось у выпадку з «Райнэйрам» такога зніжэння не было (самалёт ляцеў на поўнай хуткасці і максімальнай вышыні). І з гэтага чамусьці робяць выснову, што пілоты нібыта з самага пачатку не збіраліся ляцець у Вільню. Хаця абсалютна лагічна, што наадварот: пілоты не зніжалі хуткасці, каб хутчэй вылецець з беларускай паветранай прасторы. 

«Самалёт знаходзіўся ў паветры, а розныя інфармацыйныя рэсурсы, якія кантралюе польскі ўрад, ужо трубілі ва ўсю, што затрыманы адзін з пасажыраў рэйса», — гаворыцца ў сюжэце. 

Зноў няпраўда. Першыя паведамленні пра інцыдэнт у незалежных СМІ з’явіліся ўжо пасля пасадкі лайнера. Пра тое, што на борце быў Пратасевіч, стала вядома яшчэ пазней. Кожны можа сам падняць інфармацыйныя стужкі таго дня і праверыць. 

Інцыдэнтаў, калі самалёт прымусова вядуць на пасадку, выклікаюць баявую авіяцыю, — дастаткова, кажуць прапагандысты. І згадваюць гісторыю з прымусовай пасадкай у 2013-м у Вене самалёта прэзідэнта Балівіі. На борце шукалі Эдварда Сноўдэна. Але цікава, што сам Сноўдэн адназначна асудзіў дзеянні беларускіх уладаў за інцыдэнт з Ryanair. Ды і Сноўдэн — былы работнік спецслужб, спецыяліст па інфармацыйнай бяспецы, які выдаў дзяржаўныя сакрэты публіцы і парушыў закон. Ён, у адрозненне ад Пратасевіча, не палітычны дысідэнт, таму сітуацыі зусім розныя. І пры пасадцы ніхто не прыдумляў казак пра бомбы, пра лісты Хамас: шукалі канкрэтна Сноўдэна. 

«У выпадку з падзеяй у небе Беларусі фактаў няма, доказаў няма, сведак няма, але тэндэнцыйнае рашэнне ёсць. Расшыфроўкі нейкіх перамоваў хапіла», — кажа прапаганда, свядома ствараючы паралельную рэальнасць. 

Каментары6

  • Жар
    22.07.2022
    Тут у дзейнасьці лукашыцкай прапаганды можна ўбачыць паралелі з працай прапаганды крамлёўскай, у выпадку з МН17. Шмат не замарочваюцыа на арыгінальнасьць...
  • турбулентный кетчуп
    22.07.2022
    думаю, что скоро нас ожидают оправдания в стиле "там была БОООООМБА, скажите спасибо, что не сбили этот самолет к чертовой бабушке в интересах национальной безопасности, а так никто не пострадал, Протасевич вон вообще только бабу себе нашел и сидит-пердит, припеваючи, а вы дураки и не лечитесь, не надо к нам летать, нам и без вас хорошо".
  • о
    22.07.2022
    Перевернули страницы)

Цяпер чытаюць

Знойдзена цела супрацоўніцы віцебскай хіміі — яе шукалі два з паловай гады1

Знойдзена цела супрацоўніцы віцебскай хіміі — яе шукалі два з паловай гады

Усе навіны →
Усе навіны

Белы дом прызнаў, што Трамп пытаўся ў Зяленскага пра магчымасць «ударыць па Маскве»

У Wildberries знайшлі тавары з «экстрэмісцкай» сімволікай4

Інфармацыю знайшлі на камп'ютары чалавека з Беларусі. Стала вядома, што за праблема з бяспекай была ў «Байхэлп»11

Івулін: У мяне было рэнамэ «гразы першакурсніц». Кожны год я, як Змей Гарыныч, прылятаў і забіраў самую прыгожую8

Грыбнікі запісваюць відэа, як проста ў лесе ядуць «чортавы яйкі»4

Дзяржаўныя сацыёлагі: Беларусы найперш звязваюць сваю дзяржаўнасць з Вялікім Княствам Літоўскім27

У Магілёве ўраган знёс з балкона норкавае футра, якое знайшлося за тры кіламетры ад дома3

Трамп адгаварыў рэспубліканцаў ад падтрымкі закона аб «пякельных санкцыях» супраць Расіі8

Нешта загарэлася на заводзе «Керамін» ВІДЭА1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Знойдзена цела супрацоўніцы віцебскай хіміі — яе шукалі два з паловай гады1

Знойдзена цела супрацоўніцы віцебскай хіміі — яе шукалі два з паловай гады

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць