У пачатку лістапада з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (РТБД) былі звольненыя чацвёра акцёраў, сярод іх зоркі калектыву Максім Брагінец , Зміцер Давідовіч і Арцём Курэнь. Як даведалася «Люстэрка», зараз з калектыва сышла яшчэ адна з яго лідарак — акторка Ганна Семяняка. Пацвярджэннем гэтай інфармацыі стала выдаленне яе старонкі з сайта тэатра.

Ганна Семяняка нарадзілася ў 1991 годзе ў Стоўбцах Мінскай вобласці. У 2013-м скончыла Акадэмію мастацтваў (курс Мікалая Кірычэнкі) па спецыяльнасці «акцёр тэатра і кіно». З таго часу працавала ў РТБД.
Семяняка перамагала ў намінацыі «Лепшая жаночая роля» за ролю Дзіны ў спектаклі «Сірожа» на VII Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску ў 2019-м. Таксама яна была занята ў лепшых спектаклях РТБД — «Шлюб з ветрам», «Забалоцце», «Пачупкі» і шэрагу іншых.
Дакладная прычына звальнення актрысы невядомая. З аднаго боку, яе магла звольніць дырэктар тэатра Святлана Навуменка — як да гэтага яе калегаў. З іншага — практычна ўсе спектаклі, у якіх была занятая Семяняка, пасля звальнення іншых акцёраў зніклі з рэпертуару, іграць ёй практычна няма чаго. Акрамя таго, Ганна — жонка звольненага акцёра Арцёма Курэня, з якім яна грала ў шэрагу спектакляў вядучыя ролі.

Гэта пацвярджае неафіцыйную інфармацыю, што большая частка спектакляў, знятых з рэпертуару з-за затрыманняў акцёраў, аднаўляцца не будзе. Напрыклад, у «Шлюбе з ветрам» Курэнь і Семяняка гралі галоўныя ролі. Замяніць іх немагчыма. Фактычна трэба ставіць новы спектакль, ад чаго, здаецца, вырашылі адмовіцца.
«Чаму мы павінны неяк ушчэмліваць сябе?». Дырэктарка РТБД патлумачыла, чаму паставіла спектакль паводле Пушкіна ў адным з апошніх тэатраў краіны, які працаваў па-беларуску
Каментары