У інтэрв’ю Ірыне Шыхман Сяргей Ціханоўскі сказаў, што Лукашэнка атаясамлівае ўласную волю з інтарэсамі краіны, а сваіх апанентаў лічыць ворагамі Беларусі.

У інтэрв’ю Ірына Шыхман спытала Ціханоўскага, ці варта весці перамовы з Лукашэнкам, калі гэта дапаможа вызваліць палітвязняў. Той сказаў:
«Ён [Лукашэнка] любіць Беларусь. Ён сапраўды любіць Беларусь. Ён бачыць, што лепш для Беларусі. Ён упэўнены, што так, як ён бачыць, так лепш для Беларусі».
Ціханоўскі патлумачыў, што не апраўдвае дзеянні Лукашэнкі. На яго думку, той атаясамлівае ўласныя рашэнні з інтарэсамі краіны:
«А калі нехта супраць, значыць, ён хоча зрабіць Беларусі горш. Значыць, ён злачынца, вораг, і яго можна пакараць. А раней ён яшчэ і забіваў гэтых палітычных апанентаў».
Ціханоўскі таксама адказаў на здагадку, што яго маглі вызваліць адмыслова, каб пасварыць з іншымі дэмакратычнымі сіламі. Ён сцвярджае, што пасля вызвалення размаўляў у ЗША з людзьмі, знаёмымі з падрыхтоўкай спісу на вызваленне, і пачуў ад іх такую версію: «Лукашэнка сам упісаў Ціханоўскага. Разумееце? Сам Лукашэнка».
На думку Ціханоўскага, так Лукашэнка хацеў паказаць амерыканскаму боку, што гатовы адпусціць нават чалавека, якога лічыў адным са сваіх галоўных праціўнікаў.
Каментары