Кіно

Чым цікавая «Эмілія Перэс» — самы дзівацкі фільм з фаварытаў «Оскара»

Гэты мюзікл сабраў ураджай узнагародаў, а цяпер з’яўляецца адным з фаварытаў у шматлікіх намінацыях на «Оскар». Вось што з сябе ўяўляе «Эмілія Перэс».

Эмілія Перэс (Карла Сафія Гаскон). Фота: кадр з трэйлера

Не любіце, каб фільм зневажаў вашы пачуцці? Лепш на час забыць пра гэта, бо «Эмілія Перэс» — сапраўдны выклік для традыцыяналістаў. Выглядае, што сярод кінакрытыкаў іх няшмат, бо стужка сабрала багата ўзнагародаў: напрыклад, прыз журы ў Канах і тамтэйшую статуэтку за найлепшую жаночую ролю, а таксама 10 намінацый на «Залаты глобус» — у чатырох з іх стужка выйграла, у тым ліку і ў намінацыі «Найлепшы фільм — камедыя ці мюзікл». 

Глядзіце самі. Рыта, мексіканская адвакатка, атрымлівае таямнічую і выгадную прапанову працы ад мясцовага наркабарона. Незадаволеная сваёй кар’ерай, жанчына прымае прапанову. Цяпер задача Рыты — дапамагчы Манітасу дэль Монтэ змяніць пол, бо магутны мафіёзі, аказваецца, даўно адчувае сябе жанчынай.

Рыта падарожнічае па свеце і знаходзіць доктара, які ператварае наркабарона ў сіньёру Эмілію Перэс. Праходзіць час, і Эмілія вяртаецца ў жыццё адвакаткі: Рыта прывозіць да жанчыны яе дзяцей, а таксама дапамагае ёй паспрабаваць сябе ў… пакаянні.

Гэта мюзікл, так што прыгоды Эміліі і Рыты суправаджаюцца танцамі і песнямі на іспанскай і англійскай мовах. У галоўных ролях актрысы Зоі Салдана і Карла Сафія Гаскон (яна пераканаўча ўвасобіла адразу і Манітаса, і Эмілію), здымаецца таксама Селена Гомес — гэтая спявачка тут грае Джэсі, жонку-ўдаву Манітаса. Гомес, якая распачынала кар’еру як актрыса, у апошнія гады песціць нас хіба што працай у дэтэктыве «Забойствы ў адным будынку», і цяперашняя стужка — вяртанне для яе ў вялікае кіно, а таксама крок наперад у акцёрскай кар’еры.

З песнямі, дарэчы, атрымалася непрыемна. Пад відэа музычных нумароў з «Эміліі Перэс», што размешчаныя на ютубе, цяпер ёсць дзясяткі крытычных каментароў ад іспанамоўных. Людзі пішуць, што іспанская мова ў песнях мюзікла нібы з Google Translate і гучыць не надта зразумела для тых, каму яна родная — непрыгожы штрых для мюзікла, які да апошніх кадраў спрабуе ладзіць для гледачоў акно ў Мексіку.

У стваральнікаў «Эміліі Перэс» атрымалася адназначна жаночае кіно. Тры жанчыны, такія непадобныя адна да адной, сустракаюцца ў гэтай гісторыі: Рыта — кар’ерыстка, Джэсі, якая проста шукае любоў, ды Эмілія — душа, якая шукае сябе і знаходзіць, толькі занадта позна. Разам тры жанчыны праходзяць праз выпрабаванні, раскрываюць сябе з новых бакоў і дэманструюць, мабыць, галоўную ідэю стужкі — тое, што ад сябе не збегчы, нават калі вельмі хочацца, але пры гэтым шанс на пакаянне заўжды ёсць.

У гэты карнавал прыгожа ўплеценая гісторыя мексіканскай мафіі і яе шматлікіх ахвяраў — трагедыя цэлай краіны, пра якую мы так мала ведаем. Сцэнар атрымаўся амбіцыйны, вось толькі развязка ў фільме нечакана банальная для яго.

З жанру мюзікла «Эмілія Перэс» выціскае па максімуме, яе стваральнікі ўмела балансуюць паміж лёгкасцю і глыбінёй. Але ўсё-ткі найлепшае, што атрымалася ў гэтай стужцы — стварыць з яе оду жаноцкасці ды суправадзіць тую оду яркімі музычнымі нумарамі. У астатнім «Эмілія Перэс» — хоць і прыгожая ды смелая, але збольшага маласэнсоўная феерыя, якую забываеш праз некалькі хвілін пасля фінальных тытраў. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

У Маскве мужчыны масава спрабуюць знаёміцца, мацаючы дзяўчат за ягадзіцы. Так загадаў рабіць сэкс-коўч з Беларусі8

У Маскве мужчыны масава спрабуюць знаёміцца, мацаючы дзяўчат за ягадзіцы. Так загадаў рабіць сэкс-коўч з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

«Яшчэ дзень і збіраў бы манаткі». Звольнілі ў Нідэрландах — на пошук працы 2,5 месяцы. Гісторыя аднаго дэдлайна4

Беларус, які жорстка збіў малога хлопчыка ў «Шарамеццева», перад нападам ужыў гашыш і выпіў тры пляшкі віскі7

Зяленскі ўпершыню з’явіўся на саміце NATO ў касцюме — але не ў класічным16

З'явіўся рэйтынг самых дарагіх гарадоў свету. На якім месцы Мінск?10

Шматдзетную маму, якая займаецца астралогіяй, асудзілі за ўдзел у пратэстах8

Апублікаваны рэйтынг самых дарагіх краін для жыцця. На якім месцы Беларусь?4

У Лагойску сутыкнуліся два аўтобусы

У Арменіі заявілі пра прадухіленне спробы захопу ўлады2

Вярнуўся з Літвы — і быў арыштаваны за данаты. Гэты біёлаг раней даследаваў лейкозы — яго філасофія натхняе10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Маскве мужчыны масава спрабуюць знаёміцца, мацаючы дзяўчат за ягадзіцы. Так загадаў рабіць сэкс-коўч з Беларусі8

У Маскве мужчыны масава спрабуюць знаёміцца, мацаючы дзяўчат за ягадзіцы. Так загадаў рабіць сэкс-коўч з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць