Грамадства1717

Дзве ўдачы, дзякуючы якім адбылася кар'ера новага прэс-сакратара МЗС Руслана Варанкова

Раней пасаду займалі Андрэй Савіных, Анатоль Глаз, а некалі — і Павел Латушка.

Руслан Варанкоў

У маі 2025 года прэс-сакратаром Міністэрства замежных спраў Беларусі быў прызначаны Руслан Варанкоў. Гэта не самая топавая пасада ў іерархіі, але яна дазваляе істотна павялічыць пазнавальнасць свайго імені.

Сярод папярэднікаў Варанкова можа ўзгадаць Андрэя Савіных, які пасля прэс-сакратарства пабыў паслом у Турцыі і папрасіўся ў Палату прадстаўнікоў, а таксама Паўла Латушку — той быў голасам МЗС у пачатку 2000-х.

Чым жа Варанкоў абавязаны сваёй кар'еры? А ён паспеў папрацаваць больш за шэсць гадоў у ЗША, куды прагнуць трапіць многія дыпламаты.

Стрыечны дзядзька

У 2010-х Расія была ініцыятарам, рухавіком і галоўным спонсарам стварэння гэтак званага контртэрарыстычнага ўпраўлення ААН. Начальнік упраўлення стаў бы намеснікам генеральнага сакратара. А гэта значная пасада, ды яшчэ і паўсілавая. 

У выніку летам 2017-га гэтае ўпраўленне было створана, і ягоным начальнікам і намеснікам Антоніу Гутэрыша стаў расійскі дыпламат Уладзімір Варанкоў.

Незадоўга да яго прызначэння, калі ўжо стала ясна, што ўпраўленню — быць, у беларускае прадстаўніцтва пры ААН у Нью-Ёрку быў закінуты ціхі дарадца па прававых пытаннях Руслан Варанкоў, яго ўладкавалі трэцім сакратаром. 

Уладзімір Варанкоў

Выглядае імаверным, або, прынамсі, магчымым, што Руслан атрымаў павышэнне ў выніку тонкага разліку начальства. 

Рэч у тым, што беларускі юрыст Руслан Варанкоў — гэта сваяк расійскага Уладзіміра Варанкова. Прадзед Руслана і дзед Уладзіміра — адзін чалавек.

Ім быў беларускі селянін, ураджэнец вёскі Ржаўцы Шклоўскай воласці Магілёўскага павета Гомельскай губерніі Аляксандр Варанкоў. 

У гэтага Аляксандра ў тых жа Ржаўцах нарадзілася два сыны: першы Іван у 1921-м, і другі Аляксандр у 1927-м. Па іх генеалогія роду раздзялілася на дзве краіны. 

Старэйшы, Іван, пайшоў вучыцца, трапіў у Маскву, стаў гісторыкам прарасійскіх поглядаў, прафесарам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У яго нарадзіўся сын Уладзімір — гэта той самы, які цяпер намеснік Гутэрыша. 

Імаверна, пры атрыманні расійскіх дакументаў яго і запісалі на расійскі лад — «Воронковым».

У той жа час, родны брат таго Івана Аляксандравіча, Аляксандр, застаўся жыць на малой радзіме. І застаўся — нават па-руску, і ўсе ягоныя дзеці таксама — «Варанковым». У Аляксандра нарадзіўся сын Мікалай, а ўжо ў Мікалая — Руслан. Руслан пайшоў у Міністэрства замежных спраў. 

Руслан Варанкоў з бацькамі

Такім чынам, расійскі дыпламат Уладзімір Варанкоў прыходзіцца беларускаму дыпламату Руслану Варанкову стрыечным дзядзькам. 

Ці ўдала спрацаваліся паміж сабой сваякі і ў якіх пытаннях, невядома, але ўжо ў 2018-м Уладзіміра Варанкова ў Мінску прымаў Лукашэнка, просячы перадаваць прывітанне Гутэрышу і рассыпаючыся ў падзяках за «актыўны ўдзел у арганізацыі ў Мінску міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню на тэму прадухілення і барацьбы з тэрарызмам у лічбавую эпоху».

Паводле Лукашэнкі, без Варанкова гэтая канферэнцыя не адбылася б.

Лукашэнка прымае маскоўскага Варанкова, 2018 год

«Дзівосна было даведацца, што ваш бацька родам з вёскі Ржаўцы Шклоўскага раёна. […] Перадавайце прывітанне нашай малай радзіме. Не забывайцеся, прыязджайце», — ціснуў Лукашэнка на настальгічны момант. 

Хросная маці першай жонкі

Не ў кожнага нават адоранага выпускніка юрыдычнага факультэта БДУ ў прынцыпе кар'ера развіваецца так імкліва і хутка, як у Руслана. 

Ягонае прызначэнне ў Нью-Ёрк было ўжо не першым. І да таго сціплы ўчорашні студэнт ездзіў на пару год на работу ў Вашынгтон.

Вядома, бывае рознае. Але можна дапусціць, што ў вялікай ступені кар'ера сціплага выпускніка юрфака пайшла ў гару праз удалы студэнцкі шлюб. 

Першую, ужо былую жонку Руслана, зваць Вольга Маліноўская. 

Вольга Маліноўская, фота: фэйсбук

Яна ўраджэнка знакамітага горада Шклова. Сёння працуе начальніцай упраўлення малога і сярэдняга бізнэсу Белінвестбанка.

У банкірскіх асяродках вядома, што Вольга Маліноўская — гэта хросная дачка Надзеі Ермаковай, былой начальніцы Нацбанка і моцна набліжанай да Лукашэнкі асобы. 

«Белпол» пацвердзіў «Нашай Ніве», што Маліноўская — сапраўды першая жонка Варанкова.

Цяпер Варанкоў паказваецца на людзях з іншай жанчынай. 

Сам факт хроснага царкоўнага сваяцтва складана пацвердзіць дакументальна. Таму тут мы таксама звярнуліся да баз «Белпола», каб праверыць імавернасці.

Атрымліваецца, што на момант нараджэння Вольгі — 1986 год, — яе маці працавала ў шклоўскім лясгасе, а бацька — у шклоўскім філіяле «Магілёўэнэрга». У той жа самы час Надзея Ермакова жыла і працавала таксама ў шклоўскай ашчадкасе. 

Вольга Маліноўская ўсю кар'еру зрабіла ў банках, пачынала ў Белгазпрамбанку, потым быў Беларускі народны банк, потым — «СмартКансалтСаюз», потым — Белінвестбанк.

Каментары17

  • Кум
    05.07.2025
    У Пуціна няма радні у РБ. А то зрабілі бы такія людзі бліскучую кар'еру :)))
  • Имя
    05.07.2025
    Жена симпатичная и работа у нее нормальная, даже не смотря на то, что из Шклова. А этот....
  • Gorliwy Litwin
    05.07.2025
    Магілёўскія заходне-русы спрадвеку кіруюць штучна сканструяванай БР, таму што пастаўленыя на гэта Вялікай Руссю

    "Рэч у тым, што беларускі юрыст Руслан Варанкоў — гэта наўпроставы сваяк расійскага Уладзіміра Варанкова. Прадзед Руслана і дзед Уладзіміра — адзін чалавек.

    Ім быў беларускі селянін, ураджэнец вёскі Ржаўцы Шклоўскай воласці Магілёўскага ўезду Гомельскай губерніі Аляксандр Варанкоў".

Цяпер чытаюць

Ілан Маск абвясціў аб стварэнні сваёй партыі3

Ілан Маск абвясціў аб стварэнні сваёй партыі

Усе навіны →
Усе навіны

Швейцарскі грамадскі басейн забараніў уваход усім замежнікам — усё праз дрэнныя паводзіны французаў4

Пачаўся Будслаўскі фэст. Сёлета там адбудзецца асаблівая падзея4

Чакаецца новы раўнд перамоваў між Беларуссю і ЗША — літоўскі СМІ13

Кныровіч расказаў, што трэба рабіць Ціханоўскаму, каб вызваліць палітвязняў7

Трамп сказаў Зяленскаму, што хоча дапамагчы Украіне з супрацьпаветранай абаронай4

«Спыталі, чый Крым». Беларус падаўся адразу на два ДНЖ у Польшчы і Літве, а ў выніку мусіў пакінуць ЕС9

Зяленскі пагаварыў з Трампам па тэлефоне. Абмеркавалі пастаўкі зенітных ракет1

«Абарані суверэнітэт сваёй Радзімы!» На мяжы Украіны і Беларусі з нагоды 3 ліпеня з'явіўся плакат з Пуціным8

Усаў паставіў крыж на палітычнай кар'еры Сяргея і Святланы Ціханоўскіх48

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ілан Маск абвясціў аб стварэнні сваёй партыі3

Ілан Маск абвясціў аб стварэнні сваёй партыі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць