Не менш за 12 замежных добраахвотнікаў загінулі падчас ліпеньскага ўдару па вучэбным лагеры ва Украіне
Прынамсі 12 замежных добраахвотнікаў УСУ з ЗША, Калумбіі, Тайваня, Даніі і іншых краін загінулі ў выніку расійскага ўдару па сталовай у навучальным лагеры каля Крапіўніцкага Кіраваградскай вобласці 21 ліпеня, піша The New York Times.

Напрыканцы ліпеня ва Украіне адбыўся адзін з самых смяротных удараў па замежных добраахвотніках за ўвесь час вайны.
Паводле звестак NYT, расійская ракета трапіла ў сталоўку вучэбнага лагера каля Крапіўніцкага ў час абеду, забіўшы прынамсі дванаццаць замежных рэкрутаў і параніўшы больш за сотню чалавек.
Украінскае войска пацвердзіла факт удару і наяўнасць забітых і параненых, але не ўдакладніла дэталі. Сярод загінулых былі добраахвотнікі з ЗША, Калумбіі, Тайваня, Даніі і іншых краін. Паводле апісання аднаго з амерыканскіх добраахвотнікаў, выбух быў надзвычай моцны, абломкі разляцеліся па тэрыторыі, а узгаранне на складах боепрыпасаў выклікала серыю другасных выбухаў. «Выбух быў самым гучным, які я калі-небудзь чуў», — сказаў ён.
Пасля ўдару на месцы засталіся забітыя, цяжкапараненыя і разбураныя пабудовы.
Многім байцам аказвалі першую дапамогу на месцы і эвакуіравалі іх у шпіталі прыватным транспартам і «хуткімі». Паводле сведчанняў, паветраная трывога перад атакай не абвяшчалася.
Ахвяры служылі ў міжнародным легіёне ваеннай разведкі Украіны (ГУР) або ў рэгулярных частках войска. З пачатку поўнамаштабнага ўварвання праз гэты лагер, вядомы як Camp Krop, прайшлі сотні замежных байцоў.
Гэта не першы смяротны ўдар па замежных рэкрутах. У сакавіку 2022 года расійскія ракеты трапілі ў вучэбную базу ў Яварыве (блізка да польскай мяжы), забіўшы і параніўшы дзясяткі людзей.
Галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі заявіў, што асабовы склад павінен адразу рэагаваць на сігналы паветранай трывогі і варожыя беспілотнікі, а трэніроўкі будуць праводзіцца пад зямлёй, калі гэта магчыма.
Амерыканскі рэкрут, які знаходзіўся на базе менш за тыдзень і яшчэ не атрымаў зброі, прызнаўся, што хаця і быў гатовы да рызыкі на фронце, не чакаў, што людзі будуць гінуць падчас навучання.
Цяпер чытаюць
Унікальныя здымкі будаўніцтва Старога моста ў Гродне. Хто фатаграфаваў небяспечныя кесоны, у якіх людзі рызыкавалі на дне Нёмана, каб паставіць апоры? ШМАТ ФОТА
Унікальныя здымкі будаўніцтва Старога моста ў Гродне. Хто фатаграфаваў небяспечныя кесоны, у якіх людзі рызыкавалі на дне Нёмана, каб паставіць апоры? ШМАТ ФОТА
DDoS-атака ідзе на сайты адразу некалькіх беларускіх СМІ. Магчыма, яна звязаная з шостай гадавінай народнага ўздыму 2020‑га і канферэнцыяй «Новая Беларусь», што адкрылася сёння
Каментары