Лукашэнка: без гальштука ў размовах з пасланнікамі Трампа, у гальштуку з расійскімі губернатарамі
Аляксандр Лукашэнка паслядоўна прыходзіць на сустрэчы з прадстаўнікамі ЗША без гальштука. Такая дэталь выглядае асабліва рэзка ў кантрасце з яго выглядам на перамовах з расійскімі губернатарамі, дзе Лукашэнка заўсёды прытрымліваецца поўнага пратакольнага дрэс-кода.

У гэтым годзе ў Мінску рэгулярна бываюць прадстаўнікі адміністрацыі Дональда Трампа. Некаторыя візіты засталіся па-за публічнай увагай, але чэрвеньскія і вераснёўскія сустрэчы шырока асвятляліся і каментаваліся.
Пасля вераснёўскай сустрэчы стала зразумела: сваім дрэс-кодам Аляксандр Лукашэнка імкнецца выказаць сваю непавагу да амерыканскага боку.

У чэрвені, аналізуючы сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі са спецпрадстаўніком прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Кітам Келагам і яго намеснікам Джонам Коўлам, канал «Беларускі сілавік», за якім стаяць супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, пісаў:
«Аляксандр Лукашэнка без гальштука, але ў зашпіленым пінжаку. У той час як усе астатнія ўдзельнікі сустрэчы, у тым ліку самога Келага, выконвалі поўны пратакольны дрэс-код.
У дыпламатыі такія дэталі не выпадковыя. Адмова ад гальштука пры афіцыйнай сустрэчы можа ўспрымацца як жэст дамінавання, дэманстрацыя ўнутранай упэўненасці і статутнай перавагі.

Гэта сігнал: «На маёй тэрыторыі я дыктую правілы». Зашпілены пінжак пры гэтым захоўвае рамкі фармальнасці, але падкрэслівае, хто тут гаспадар. Такі візуальны дысбаланс — форма камунікацыі без слоў».
Такая ацэнка можа падацца занадта самаўпэўненай, адсутнасць гальштука магла здацца выпадковай — жаданнем адчуваць сябе камфортна, спробай падаць сябе як «чалавека без лішніх фармальнасцяў». Але калі ў верасні Лукашэнка зноў прыйшоў на сустрэчу з Джонам Коўлам без гальштука, стала відавочна: гэта ўжо заканамернасць.

У той жа час гэты палітык не забывае завязаць гальштук на сустрэчы з расійскімі губернатарамі.



І нават прымаючы з дакладам пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў ААН Валянціна Рыбакова, які яму пастаянна перакладае падчас сустрэч з амерыканцамі, Лукашэнка — у гальштуку.

Вядомы яшчэ адзін цікавы выпадак. 28 ліпеня 2020 года, калі Лукашэнка наведваў брыгаду 3214, ён спачатку аслабіў гальштук, а потым і зусім яго зняў.
Каментары