Вайна88

Стала вядома, што адбываецца з расійскімі палоннымі адразу пасля абмену

Ніякай рэабілітацыі ці адпачынку для тых, каго вярнулі з палону, не прадугледжана. Некалькі дзён ці тыдняў на допытах — і назад на фронт.

Расійскія ваеннапалонныя, вызваленыя падчас абмену 4 ліпеня 2025 года. Фота: Прэс-служба Міністэрства абароны Расіі / AP

Украінскі блогер Дзмітрый Карпенка разам з Уладзімірам Золкіным з’яўляюцца сааўтарамі ютуб-канала, на якім выкладваюць інтэрв’ю з расійскімі ваеннапалоннымі. У размове з расійскай блогеркай Ірынай Шыхман ён расказаў, што больш за год ездзіць на абмены палоннымі паміж Украінай і Расіяй.

Па словах Карпенкі, ён можа па хвілінах апісаць лёс палоннага расіяніна ад моманту затрымання да вяртання на вайну. Крыніцай інфармацыі, па словах блогера, з'яўляюцца непасрэдна самі ваеннапалонныя.

«Напрыклад, дзесьці пад Ізюмам з ім запісалі ролік «ўзяты ў палон». Потым я з ім запісваю інтэрв'ю. Потым яго мяняюць. Я запісваю ролік на мяжы, перад тым, як ён з'язджае. (…) А потым ён выходзіць на сувязь [з Расіі]».

Карпенка сцвярджае, што мае доказы такіх размоў, уключаючы аўдыязапісы.

«Я магу ўключыць ролік. На тэлефоне запіс аднаго, якога памянялі. Ён адтэлефанаваўся і расказаў, што ў іх там адбываецца», — заяўляе блогер.

Менавіта гэтыя званкі, паводле яго, і дазваляюць раскрываць дэталі абменаў.

Дзмітрый Карпенка. Скрын відэа: apogovorit / YouTube

Карпенка адзначыў цікавую дэталь: сам абмен заўсёды адбываецца не на ўкраінскай тэрыторыі, бо расійскія спецслужбы баяцца заходзіць на яе.

«За ўсю гісторыю поўнамаштабнага ўварвання іх спецслужбы ні разу не зайшлі на нашу зямлю. Таму што яны баяцца. (…) Таму заўсёды нашы прадстаўнікі едуць туды, заходзяць за «стужачку», і на чужой тэрыторыі [праводзяць абмен]», — тлумачыць Карпенка.

Прапагандысцкае шоу замест душа

Адразу пасля таго, як «аўтобусы раз'ехаліся, сустрэліся, пералічылі, праверылі па спісах, перайшлі, памяняліся месцамі, раз'ехаліся», пачынаецца тое, што блогер называе прафанацыяй:

«Роўна праз 15 хвілін яны ў новай форме крычаць «Ура, ура!». Прычым гэта мы іх навучылі. Мы, Украіна, навучылі, што трэба паказваць, што адбыўся абмен. З дваццатага разу яны пачалі з аднаго сцяжка. З трыццатага разу яны пачалі паказальна раздаваць тэлефоны, нібыта тыя тэлефануюць. (…)

Тэлефоны выдаюцца паказальна 3‑4 людзям, каб запісаць прапагандысцкія ролікі. (…) Той, хто тэлефанаваў мне, ён сказаў: «Я ўвогуле не бачыў, што камусьці давалі тэлефоны». Гэта быў нядаўні абмен».

Карпенка падкрэслівае, што ўсё гэта — пастаноўка. Новую форму вайскоўцы апранаюць проста на бруднае цела. Адзін з палонных, які звязаўся з ім пасля абмену, пацвердзіў гэта.

Сарціроўка ў Маскве і допыты з паліграфам

Пасля былых палонных садзяць у аўтобусы і вязуць на аэрадром, адкуль яны ляцяць у Маскву. Там іх размяркоўваюць па дзвюх частках ФСБ, якія знаходзяцца ў Падольску і пасёлку Масрэнтген.

Былыя рассійскія ваеннапалонныя выходзяць з самалёта ў аэрапорце пад Масквою. 19 чэрвеня 2025 года. Фота: Прэс-служба Міністэрства абароны Расіі / AP

Там высвятляюць, хто афіцэр, хто зняволены, хто паранены. Там былыя палонныя могуць памыцца і пагаліцца.

Наступны этап — допыты, якія могуць доўжыцца ад 15 хвілін да чатырох гадзін, часта з выкарыстаннем паліграфа. Былыя палонныя знаходзяцца ў часцях ФСБ ад трох дзён да трох тыдняў.

Кантракт на паўзе і вяртанне на фронт

Але самае галоўнае, сцвярджае Карпенка, — гэта тое, што ніякага адпачынку вайскоўцам не даюць, а час, праведзены ў палоне, не залічваецца ў тэрмін кантракту.

«Потым прыязджае з часці прадстаўнік. Як правіла, зампаліт, і вязе назад у пункт часовай дыслакацыі, на вайну. (…) Знаходжанне ў палоне — кантракт стаіць на паўзе. Грошы плацяцца, але кантракт стаіць на паўзе», — тлумачыць ён.

Блогер прыводзіць канкрэтны прыклад: адзін з вайскоўцаў, у якога быў кантракт на год, трапіў у палон на другім месяцы службы і правёў там 14 месяцаў. Пасля абмену высветлілася, што тэрмін кантракту ў яго не скончыўся.

«Потым яго памянялі, і тып адзвоньваецца і кажа: «Мне ўвесь палон не залічылі». То-бок пасля адседжаных у палоне 14 месяцаў у яго яшчэ засталося 10 месяцаў кантракту».

Па словах Карпенкі, ніякай рэабілітацыі ці адпачынку для тых, каго вярнулі з палону, не прадугледжана.

Каментары8

  • Мяснік
    26.10.2025
    Пітун пракручвае расейцаў як фарш.
  • Ёсік
    26.10.2025
    Канешне, бабы шчэ не пасьпелі нарадзіць за 14 месяцаў. Вельмі добра, паскуднікі, выглядаюць, Украіна прытрымліваецца нейкага чалавечага абыходжаньня з забойцамі свайго народа. Глядзіш на ўкраінскіх палонных, дык жахліва выглядаюць, усе схуднелыя.
  • Gorliwy Litwin
    26.10.2025
    Дык ясна што не паложана Рускім Людзям ніякіх адпачынкаў і рэабілітацыі. Яны жа ўласнасць Рускага Цара. І ім акурат тое радасна, як яшчэ А.С.Пушкіну, яны за гэта ўсё і ваююць. Іх выйгрыш у тым каб іх Русі ўсё баяліся, у гэтым іх адзіны кайф

Цяпер чытаюць

Маштабы, якіх вы не маглі сабе ўявіць — беларускія цыгарэты кураць у многіх краінах Еўропы. Як працуе гэты бізнэс7

Маштабы, якіх вы не маглі сабе ўявіць — беларускія цыгарэты кураць у многіх краінах Еўропы. Як працуе гэты бізнэс

Усе навіны →
Усе навіны

Мантажніку оптавалакна прысудзілі 5,5 года калоніі за актыўнасць у тэлеграме. Спачатку — за каментары, пасля — за Гаюн3

Літва абяцае карэкціроўкі працы закрытых пераходаў — беларусам дадуць магчымасць вярнуцца дадому16

У вёсцы пад Гомелем два тыдні блукае самы сапраўдны дзікабраз

Амаль Неапаль. У Слуцку сметніцы перапоўненыя, але іх не прыбіраюць3

На Камароўцы прадаюцца агуркі па 25 рублёў3

Сотні літоўскіх фур захраслі ў Беларусі — транспартнікі Літвы заклікаюць урад тэрмінова шукаць выйсце15

У раёне «Мінск-Свет» адбыўся пажар1

Дыпламаты ўшанавалі памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій у Курапатах12

Алімпійскія чэмпіёны па батуце Іван Літвіновіч і Віялета Бардзілоўская разышліся5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Маштабы, якіх вы не маглі сабе ўявіць — беларускія цыгарэты кураць у многіх краінах Еўропы. Як працуе гэты бізнэс7

Маштабы, якіх вы не маглі сабе ўявіць — беларускія цыгарэты кураць у многіх краінах Еўропы. Як працуе гэты бізнэс

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць