Сакрэтны канал абмену палоннымі паміж Расіяй і Украінай. Невядомыя раней дэталі аперацыі
Украіна і Расія правялі адзін з найбуйнейшых абменаў ваеннапалоннымі ў Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны. З пачатку поўнамаштабнай вайны яны ўжо вярнулі больш за 10 000 чалавек — практыка, амаль беспрэцэдэнтная ў сучасных канфліктах. Як гэта атрымалася рэалізаваць?

Як піша The Wall Street Journal, найбуйнейшая ў Еўропе хваля абменаў палоннымі з часоў Другой сусветнай вайны пачалася з выпадковай знаходкі: украінскі салдат дастаў з кішэні забітага расійскага афіцэра тэлефон.
Прылада трапіла да брыгаднага генерала Дзмітрыя Усава, намесніка кіраўніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны, які нядаўна страціў двух сваіх людзей у баях на паўночны захад ад Кіева. На той момант прайшло тры тыдні з пачатку расійскай агрэсіі, і тэлефон стаў магчымасцю вярнуць целы загінулых.
Кадравы афіцэр разведкі Усаў прагледзеў тэлефонную кнігу загінулага і націснуў «патэлефанаваць» кантакту, чые званкі сведчылі аб тым, што гэта мог быць расійскі камандзір на перадавой.
«Ваш афіцэр мёртвы», — сказаў ён збянтэжанаму расіяніну пасля таго, як прадставіўся. Затым даслаў паведамленне з фотаздымкам цела і прапанаваў угоду: целы вашых за нашых.
Тое, што адбылося пасля, ператварылася ў адзін з найбольш незвычайных эпізодаў найбуйнейшай вайны ў Еўропе з 1940-х: серыю абменаў, якія пачаліся з некалькіх загінулых, але паступова выраслі ў рэгулярны гандаль сотнямі палонных, многія з якіх былі знясіленыя, ледзь трымаліся на нагах і нагадвалі жывых шкілетаў.
Як адзначае выданне, нягледзячы на працяглы канфлікт і тупік на перамовах, абодва бакі называюць свой неафіцыйны канал абмену палоннымі, якім непасрэдна кіруюць афіцэры ваеннай разведкі, эфектыўным і прафесійным, а ваенныя гісторыкі адзначаюць, што падобная зладжанасць і рытмічнасць падчас баявых дзеянняў — выключная з’ява.
Для параўнання: СССР трымаў нямецкіх палонных гадамі пасля Другой сусветнай, і некаторыя былі вызвалены толькі ў 1956 годзе. ЗША і Паўночны В’етнам пачалі рэгулярныя абмены палоннымі толькі ў 1973-м, праз два дзесяцігоддзі пасля пачатку ўдзелу амерыканцаў і пасля працяглага мірнага працэсу. Іран і Ірак, чыя вайна скончылася ў 1988 годзе, адпусцілі апошніх палонных толькі за тры дні да пачатку амерыканскага ўварвання ў Ірак у 2003 годзе.

Каб зразумець, як два варагуючыя бакі здолелі адкласці ўбок рознагалоссі дзеля вяртання сваіх ваеннапалонных, журналісты The Wall Street Journal пагутарылі больш чым з дзясяткам украінскіх, расійскіх і еўрапейскіх чыноўнікаў, наведалі пункты абмену на лініі фронту і месцы ўтрымання палонных па ўсёй Украіне. Яны таксама пабывалі ў падвале кіеўскага офіса ваеннай разведкі, які з’яўляецца цэнтрам аперацый па пошуку салдат, захопленых Расіяй.
Вытокі: Мінск, 2014
Пачатак каналу для абмену ваеннапалоннымі быў закладзены больш за дзесяць гадоў таму ў «Прэзідэнт-гатэлі» ў Мінску.
У 2014 годзе Украіна спрабавала вярнуць усходнія тэрыторыі, занятыя прарасійскімі баевікамі. Пад ціскам заходніх лідараў урад пагадзіўся на перамовы, каб вырашыць палітычныя, эканамічныя і культурныя спрэчкі.
Паводле швейцарскага дыпламата Тоні Фрыша, які курыраваў сустрэчы, бакі спрачаліся літаральна па кожным пытанні, аднак атрымалася падрыхтаваць глебу для серыі невялікіх абменаў палоннымі, якія адбыліся ў канцы 2014 і пачатку 2015 года.
Перамовы былі цяжкімі, часам, як згадваў Фрыш, «нагадвалі гандаль на рынку ў Марока», але ў выніку ўдалося абмяняць каля 600 чалавек.
У 2022 годзе, напярэдадні ўварвання, працэс спыніўся, і пасля пачатку вайны сувязь давялося аднаўляць з нуля.
Вялікая гульня
Праз менш чым месяц пасля пачатку ўварвання брыгаднага генерала Усава выклікалі ў офіс кіраўніка ГУР Кірылы Буданава: украінская ваенная разведка не мела спосабаў выйсці на сувязь з расійскімі калегамі.
Старыя каналы былі зачынены, новыя спробы правальваліся. «Даверу не было. Баявыя дзеянні ішлі пад Кіевам, і трэба было схіліць іх да абмену», — успамінаў Буданаў. — «Але мы не верылі адно аднаму».
У гэтай сітуацыі кітайскі тэлефон Xiaomi ў руках Усава стаў рэдкім каналам для аднаўлення сувязі. У размовах з расейцамі Усаў рэдка выкарыстоўваў свой пазыўны «Стаер» (марафонец) і сваё сапраўднае імя. Ён ніколі не паведамляў свой нумар тэлефона.
Праз два месяцы пасля пачатку вайны Расія раскрыла імя суразмоўцы са свайго боку — генерал-лейтэнант ГРУ Аляксандр Зорын, які быў асноўным кантактам Расіі ў Лівіі, прадстаўляў Маскву на перамовах па Сірыі ў Жэневе і нават прыносіў журналістам піцу. Усаў апісаў 56-гадовага Зорына, які старэйшы за яго на 12 гадоў і нарадзіўся ў савецкай Украіне, як адкрытага і прамога чалавека.
«Тое, як ён гаварыў і абмяркоўваў рэчы, адпавядала яго генеральскаму званню», — сказаў Усаў. «Ён быў на галаву вышэйшы за тых, з кім я размаўляў да гэтага моманту».
Гэтая размова з Зорынам стала пачаткам працяглых працоўных адносін, якія натхнілі Усава ўзяць на сябе новую ролю перамоўшчыка.

Украінскі генерал вучыўся непасрэдна ў працэсе, разбіраючыся ў складанай лагістыцы бяспечнай арганізацыі абмену і звяртаючыся па парады да Джонатана Паўэла — цяперашняга дарадцы па нацыянальнай бяспецы Вялікабрытаніі, які калісьці дапамог спыніць канфлікт у Паўночнай Ірландыі.
Па словах Усава, ён прачытаў копію дысертацыі Зорына, у якой, паводле яго слоў, апісваўся досвед вядзення перамоў па канфліктах на Блізкім Усходзе.
«Калі я гэта прачытаў, то зразумеў, як магу наладзіць з ім працоўныя адносіны», — адзначыў Усаў.
Сустрэча генералаў
Праз месяц украінскі генерал накіраваўся ўглыб тэрыторыі, падкантрольнай расійскім войскам, каб асабіста сустрэцца з Зорынам у разбураным Марыупалі. Яго суправаджалі два расійскія браневікі «Тыгр», а над яго аўтамабілем развіваўся белы сцяг.
Паводле слоў чалавека, які прысутнічаў там, у той дзень Усаў паціснуў руку Зорыну, якога акружалі чатыры расійскія афіцэры, і сеў насупраць яго за стол у канферэнц-зале за горадам. У выніку перамоваў 2 500 украінскіх абаронцаў Марыупаля ў маі 2022 года пагадзіліся на капітуляцыю, пасля чаго пачаліся пошукі міжнародных пасярэднікаў для іх вяртання.
Кіеў шукаў краіну, якая магла б стаць пасярэднікам у абмене, але Швейцарыя, якая садзейнічала ў абмене палоннымі падчас канфлікту на Данбасе, цяпер была ў спісе недружалюбных Маскве краін за далучэнне да еўрапейскіх санкцый. Замест гэтага ён звярнуўся да Катара, Саудаўскай Аравіі і Турцыі.
У верасні 2022 года Турцыя правяла найбуйнейшы абмен з пачатку вайны: Украіна атрымала пяць сваіх камандзіраў, а Расія — прарасійскага палітыка Віктара Медведчука. Саудаўская Аравія і Катар таксама ўключаліся ў перамовы.
Новая інфраструктура
З цягам часу першыя абмены прывялі да стварэння новай інфраструктуры. У зялёным раёне Кіева, побач з хіпстарскімі кавярнямі і салонамі прыгажосці, непрыкметны трохпавярховы будынак стаў Каардынацыйным штабам ГУР па справах ваеннапалонных.
На верхнім паверсе Усаў і яго падначаленыя рэгулярна сустракаюцца з сем’ямі палонных у канферэнц-зале. У падвале аналітыкі даследуюць расійскія сайты і сацсеткі ў пошуках інфармацыі пра месцазнаходжанне і стан палонных. Яны стварылі вялікую базу даных з 200 параметраў на кожнага — ад росту і колеру вачэй да адказаў Расіі на запыты Чырвонага Крыжа.
Вызваленыя ўкраінцы часам выносілі з няволі спісы з імёнамі таварышаў па камеры. Фотаздымкі гэтых спісаў становяцца доказамі, каб пераканаць расіян, што пэўны чалавек сапраўды ў іх палоне.
Аналітыкі выявілі амаль 200 месцаў утрымання палонных па ўсёй Расіі і на акупаваных тэрыторыях Украіны, дзе ўкраінскія байцы часта знаходзяцца ў цяжкіх умовах.
Ва Украіне ёсць пяць спецыяльных лагераў для палонных — у асноўным былыя турмы, дзе расіяне працуюць за грошы: шыюць, сякуць дровы або робяць мэблю для продажу ў мясцовых крамах. Кіеў імкнецца паказаць заходнім партнёрам сваю маральную перавагу, дэманструючы, што ставіцца да палонных лепш, чым Расія.

Лагістыка абменаў няпростая. У студзені 2024 года самалёт з 65 украінскімі палоннымі быў збіты на мяжы — Масква абвінаваціла ў гэтым Кіеў. Часам ГУР прапаноўваў у абмен нават парэшткі даўно памерлых савецкіх разведчыкаў.
Расія адхіліла гэтыя прапановы. Але калі гэтай вясной у Стамбуле забуксавалі мірныя перамовы, абодва бакі пагадзіліся на чарговы, найбуйнейшы на сёння абмен, і генерал Усаў зноў сустракаў сотні вызваленых салдат, якія пыталіся, калі дадому вернуцца іх таварышы.
Каментары