Ягораў расказаў, што ж было на яго сустрэчы з Ціханоўскай у 2020-м
«Мікіта Мелказёраў у сваёй размове з Уладзімірам Мацкевічам узгадаў эпізод з маёй размовай са Святланай Ціханоўскай у ліпені 2020 года. Яшчэ да таго як было сфармаванае жаночае трыа і яна была зарэгістраваная кандататам. Было гэта так», — піша ў фэйсбуку палітолаг, спікер Каардынацыйнай рады папярэдняга склікання Андрэй Ягораў.

Сябры, што мелі дачыненне да штабу Ціханоўскай, патэлефанавалі і кажуць: «Трэба прафесійная паліталагічная дапамога. Можаш дапамагчы Святлане?»
Я пагадзіўся, і Святлана прыехала да нас на падворак. Размаўлялі мы гадзіны з тры, дзе я імкнуўся патлумачыць структуру палітычнай сітуацыі і сітуацыі самой Ціханоўскай у ёй.
Мы ўжо ясна разумелі, што палітычны ўздым будзе вялікім, параўнальным з 1990-мі, і трэба рыхтавацца да масавай вуліцы. Святлана даволі наіўна глядзела на ўсё, не вельмі разумела свае перспектывы, хвалявалася за Сяргея, за тое, як і калі яго выпусцяць. Гэта было цалкам натуральна для яе як новага чалавека ў палітыцы. Хіба большасць беларусаў у той час так сама наіўна ўспрымала тое, што адбываецца.
Прагаварылі мы гадзіны з тры.
Я казаў Святлане, што ў яе два шляхі. Першы — выйсці з сітуацыі, з забеспячэннем сваіх інтарэсаў. Другі — гэта шлях героя. А шлях героя — цяжкі, бо ў канцы трэба будзе змагацца з людажэрным драконам.
А ў гэтага дракона няма ніякіх абмежаванняў, і ён пойдзе на ўсё дзеля захавання ўлады, уключна з шантажом, тэрорам, забойствамі. Любым брудам, які можна сабе ўявіць.
Таму першая вам парада — вывозьце дзяцей за мяжу.
Калі вы абярэце шлях героя і застацца ў палітыцы, — працягваў я, — то на вас будзе сканцэнтраваная вялікая увага. Журналісты, інтэрв’ю, сустрэчы, перамовы, вас будуць разрываць рознымі пытаннямі, пра якія ў вас няма прафесійнага меркавання. Тут лёгка памыліцца.
Таму другая парада — вывучыце казку «пра слана». Кароткую прывабную гісторыю, якую можна расказваць у адказ на любое пытанне.
«— Якая ў вас эканамічная праграма? — Усе пытаюць, якая эканамічная праграма, а ты вазьмі да і купі слана!». Вось, кажу, вы знайшлі формулу — «я прышла для таго, каб перамагчы і правесці новыя справядлівыя выбары» — яе і трымайцеся.
Наступнае, кажу, палітыка — справа дамоўленасцяў і кампрамісаў, але там яны пастаянна парушаюцца. Нейкай гарантыяй ад цынічнага «кідалава» з боку іншых можа быць толькі публічная адказнасць перед грамадствам.
Таму трэцяя парада — фіксуйце ўсе дамоўленасці публічна. Што б вы ні вырашылі — выйсці з працэсу, зняцца на карысць кагосьці, стаць кандыдатам ад аб’яднання розных групаў — усё фіксуйце ў публічнай форме.
І апошняе, кажу: зараз увесь працэс разварочваецца па-новаму, на новых людзях, новай тэхналагічнай базе, з новымі падыходамі, і гэта дае плён.
Таму чацьвёртая парада — не звязвайцеся з традыцыйнай апазіцыяй. Бо яны зноў павядуць па старой каляіне, спрацуюць па старых шаблонах, яны маюць негатыўны імідж і будуць адштурхоўваць новыя грамадскія групы, што прыйшлі ў палітыку.
З гэтых чатырох парадаў Святлана скарысталася з першых трох і не скарысталася з апошняй. Я ўпэўнены, не толькі таму, што я ёй гэта казаў, але і іншыя людзі побач.
Хіба галоўнае, што не ўдалося данесці, гэта пра шлях героя і змаганне з драконам. Пазней, у нейкіх інтэрв'ю, згадваючы сітуацыю ціску ў ЦВК перад ад’ездам, Святлана казала, што ёй ніхто не патлумачыў пра тое, што яе чакае, не падрыхтаваў яе да такой сітуацыі. Я спрабаваў, але атрымліваецца, такіх галасоў было мала.
Па выніку той сустрэчы я сказаў, што які б шлях вы ні абралі, я гатовы вам дапамагчы, чым змагу. Але вам важна вызначыцца — вы ідзяце гераічным шляхам ці шляхам выхаду з сітуацыі. Гэта дасць разуменне, што менавіта трэба рабіць.
Святлана і яе каманда так і не вярнуліся з адказам. Мы пайшлі рознымі шляхамі ў адзінай беларускай рэвалюцыі. Ужо потым я дапамагаў іншымі рэчамі, дзесьці больш паспяхова, дзесьці менш. І так, крытыкаваў таксама. Але гэта ўжо іншая гісторыя.
Мацкевіч: Не пара аспрэчваць лідарства Ціханоўскай. Яна вельмі добрая ў якасці лідаркі
Былы палітвязень Уладзімір Мацкевіч зрабіў ФОТА са сваімі вучнямі
Ці можна будаваць Беларусь па-за межамі Беларусі? Дыскутавалі Ягораў, Гарбацкі, Югася Каляда
«Урад у выгнанні — гэта каргакульт». Палітолаг Андрэй Ягораў крытыкуе Офіс Ціханоўскай
Каментары
Колькі ж у гэтых людзей пыхі...
Не згодзен з вамi. Так, у варварскiх краiнах, такiх як масковiя, рэвалюцыi заусёды крывавыя. У цывiлiзованых жа странах гэта не так. Вось прыклады.
Рэвалюцыя ў Партугаліі 1974 года, якая называлася рэвалюцыяй гваздзікоў. Бяскроўнае ваеннае паўстанне, якое прывяло да звяржэння дыктатуры Estado Novo.
"Рэвалюцыя Гавела" ў Чэхаславакіі, так званая аксамітная рэвалюцыя 1989 года. Як i у нас, пратэсты насілі мірны характар. Камуністычная партыя адмовілася ад ўлады і пачаўся мірны пераход да дэмакратыі.
Адзiная памылка беларусау у 20-м годзе была у тым, што яны лiчылi сваю краiну цывiлiзаванай. А як жа было лiчыць iнакш? Быу свабодны iнтэрнэт без vpn, быу свабодны уезд/выезд з краiны без анiякiх чыiх та дазволау, можна было свабодна выказвацца на любыя тэмы i не хвалявацца, што хто-та падслухае. Краiна была цывiлiзаванай.