Грамадства

Квіткі на ўсе навагоднія прадстаўленні ў Белдзяржцырку размялі за пару дзён. А попыт застаўся не задаволены

У рэдакцыю «Анлайнера» звярнуліся некалькі чытачак, якія расказалі пра складанасці з купляй квіткоў у Белдзяржцырк. Ажыятаж, па іх словах, выклікала навагодняя праграма «Месца сустрэчы — Новы год». Шоу стартуе 13 снежня і працягнецца да 11 студзеня. У некаторыя дні ў раскладзе значацца аж па тры прадстаўленні ў дзень. Аднак шанцы вылавіць квіткі, па словах чытачоў, блізкія да нуля.

Фота: Акаўнт Белдзяржцырка ў інстаграме

Чытачы: «Праз дзень пасля пачатку продажу квіткоў ужо не было»

Першай у рэдакцыю звярнулася Крысціна. Дзяўчына расказала, што хацела трапіць менавіта на навагодні паказ.

«Я зайшла па квіткі праз дзень пасля пачатку продажаў — іх ужо не было. Па тэлефоне [у касе] сказалі, што шмат квіткоў аддалі прафсаюзам. Пры гэтым, калі я спрабавала знайсці квіткі ў прафсаюзах праз знаёмых, то іх не было».

З такой жа праблемай сутыкнулася Надзея:

«14 чысла [лістапада] убачыла анонс прадстаўлення на сайце. Тут жа перайшла на TicketPro — там ужо на ўсе даты і час адсутнічалі квіткі. Рэдка трапляліся лічаныя квіткі ў ложы па 150 рублёў.

Проста не магла паверыць, што такое магчыма. Вырашыла, што адбыўся нейкі збой ці перш за ўсё продаж ідзе праз касы. Маніторыла анлайн-квіткі на працягу тыдня. Не вытрымала, патэлефанавала ў касы. Адказ: Так, квіткоў няма, сачыце — раптам хтосьці здасць.

Выразнага адказу на пытанне, з якога чысла пачаўся продаж квіткоў, мне не далі. Сказалі толькі, што яшчэ дзён з 12 таму іх можна было купіць.

У мінулым годзе 14 лістапада я купіла квіткі на навагодні паказ — у патрэбнай колькасці, на патрэбную дату і па жаданай цане. Не маніторыла, а проста, як аказалася, удала зайшла на сайт і купіла. Ужо праз некалькі дзён я бачыла ў сетках абураныя каментары: квіткі купіць немагчыма…».

Таксама дзяўчына звярнула ўвагу, што ў інтэрнэце шмат аб'яў пра жаданне купіць квіткі. А вось прапаноў пра іх продаж куды менш.

На момант падрыхтоўкі матэрыялу журналісты знайшлі 4 прапановы продажу квіткоў у цырк. Аўтарка адной з аб'яў запэўніла, што прадае па той самай цане, якая пазначаная на самім квітку.

«Учора поўная зала была, сёння ўжо квіткоў з 20 засталося»

На сайце і ў акаўнце Белдзяржцырка ў інстаграме анонс і спасылка на куплю квіткоў з'явіліся 11 лістапада. А вось паста з «навагодняй афішай» у профілі журналісты не знайшлі.

Два дні таму быў апублікаваны пост з анонсам дадатковых прадстаўленняў — 24 снежня ў 15:00 і 29 снежня ў 11:00.

У каментарах некаторыя зноў пішуць пра праблему куплі квіткоў:

  • «Такой падставы не было ніколі! Гэтая афіша проста ні да месца. Шанцу купіць квіток проста не было»;
  • «Ну і час вы выбралі… Брава, апладысменты. Як звычайнаму чалавеку з іншага горада трапіць?»;
  • «Падкажыце, а што з квіткамі? Іх няма ў продажы. Нават у студзені…»;
  • «З квіткамі бяда. Я пачала маніторыць адразу, як выйшла афіша. І ўсё, квіткоў ужо не было! Дзіўна проста. Балазе 29‑га нам пасуе і мы купілі квіткі! Але такога хуткага продажу ўсіх квіткоў яшчэ ні ў адным годзе не было».

Хуткі пошук квіткоў (розныя даты і час) на сайце аператара пацвердзіў: трапіць у цырк і праўда складана.

Журналісты патэлефанавалі ў касу цырка ў сераду раніцай і ўдакладнілі, ці ёсць месцы хоць на нейкую дату і час і, галоўнае — на навагодняе прадстаўленне.

«На 23‑е а 15‑й гадзіне дадалі. Глядзіце сайт TicketPro — іх [квіткоў] там няшмат ужо, разбіраюць праз інтэрнэт. Засталася літаральна кропля, учора поўная зала была, сёння ўжо квіткоў з 20, можа, ёсць», — адказалі там.

Сапраўды, невялікая колькасць квіткоў на згаданае касірам шоу аказалася даступная. Праўда, на некаторых шэрагах вольныя былі па адным месцы — не самы зручны варыянт для сямейнага паходу. Калі ж не арыентавацца на блізкасць да сцэны, то аказалася рэальным вылавіць квіткі па 25 рублёў за штуку.

Скрыншот зроблены 26 лістапада ў 10:23

Пры абнаўленні старонкі праз гадзіну даступных месцаў стала менш — мабыць, маніторылі сітуацыю не толькі журналісты. Да вечара серады на гэты ж дзень у продажы засталося ўсяго тры квіткі (30‑35 рублёў), на іншыя даты даступныя адзінкавыя квіткі: часцей гэта месца ў ложы па 150 рублёў.

Пры паўторным званку ў касу цырка ў чацвер раніцай там расказалі, што ёсць некалькі месцаў на прадстаўленне 4 студзеня. А яшчэ параілі маніторыць сайт: часам квіткі здаюць.

Каментар Белдзяржцырка: «Сітуацыя зусім не новая»

Сітуацыю з ажыятажам на навагодні паказ журналісту «Анлайнера» пракаментавалі ў Белдзяржцырку.

Там пацвердзілі, што электронны продаж квіткоў стартаваў 11 лістапада — анонсы размясцілі на сайце цырка і ва ўсіх сацсетках.

«Прыкладна за двое сутак усе квіткі на снежань-студзень былі прададзеныя», — растлумачылі там.

У Белдзяржцырку пацвердзілі, што частку квіткоў сапраўды перадаюць прафсаюзам, а таксама ўстановам адукацыі.

«Яны дасылаюць калектыўныя заяўкі (ад 300 да 3000 чалавек) пачынаючы з лютага. Таму вялікая частка квіткоў загадзя ідзе на гэтыя заяўкі. Што тычыцца дадатковых прадстаўленняў, то іх вырашана дадаць у сувязі з высокім попытам. На два шоу былі даступныя па 1580 квіткоў — яны былі прададзеныя на працягу дзвюх гадзін».

На пытанне пра магчымасць дадаць яшчэ некалькі прадстаўленняў адказалі, што гэта «тэхнічна немагчыма».

«Скаргі ў Белдзяржцырк пра недахоп квіткоў на навагоднія прадстаўленні паступаюць штогод. Сітуацыя зусім не новая. Так як навагоднія прадстаўленні з'яўляюцца самымі папулярнымі сярод гледачоў, а квіткі на іх раскупляюць вельмі хутка».

Таксама ў цырку дадалі, што часам па розных прычынах раней набытыя квіткі могуць вяртацца ў продаж, таму ёсць сэнс маніторыць сайт білетнага аператара.

«Намі была запланаваная максімальна магчымая колькасць прадстаўленняў навагодняй праграмы «Месца сустрэчы — Новы год!», мы нават прызначылі прэм'еру раней звычайнага тэрміну, каб як мага больш гледачоў змаглі наведаць прадстаўленне».

Каментары

Цяпер чытаюць

Трамп падпісаў закон аб «пякельных» санкцыях супраць Расіі10

Трамп падпісаў закон аб «пякельных» санкцыях супраць Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп прапануе Пуціну бізнэс-здзелкі з ЗША да завяршэння вайны з Украінай7

«За гэта ў турму трэба садзіць». Лукашэнку абурыла, як цярэбяць лён на роднай Шклоўшчыне37

Наколькі каштоўнае для Лукашэнкі апошняе зняцце санкцый з боку ЗША8

Вызвалены Алесь Чумакоў расказаў пра абвінавачванне: «Граў беларускую народную музыку і тым самым гуртаваў пратэставае ядро»14

Мінчанцы, якая прасіла ў Лукашэнкі кватэру за трох народжаных дачок, пакуль падарылі трохмесную каляску26

«Калі працуеш дома — жыць няма за што, а калі працуеш на фуры — жыць няма калі». Беларусы-дальнабоі расказалі пра свой лад жыцця13

Беларуска за два дні прайграла ў анлайн-казіно амаль 70 тысяч рублёў і цяпер спрабуе вярнуць іх ад банка14

Дачка міністра Маркава запусціла новы праект на тэлебачанні — будзе расказваць пра гісторыю Беларусі18

Ці пусціць Латвія беларускі калій? Даведаліся, што пачуў Коўл у Рызе12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп падпісаў закон аб «пякельных» санкцыях супраць Расіі10

Трамп падпісаў закон аб «пякельных» санкцыях супраць Расіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць