Выезд вызваленых палітвязняў з Украіны адбудзецца ў бліжэйшыя дні
Пытанне выезду з Украіны ў краіны ЕС вызваленых беларускіх палітвязняў пакуль не вырашанае з-за адсутнасці дакументаў і складанасцяў з лагістыкай. Аднак сітуацыя пачынае праясняцца. Пра гэта «Люстэрку» паведаміў дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі.

Паводле слоў Кучынскага, цяпер ідзе актыўная праца па ўзгадненні дэталяў выезду. У працэс уцягнутыя прадстаўнікі некалькіх краін.
— Перш за ўсё мы каардынуем дзеянні паміж украінскім, амерыканскім, польскім і літоўскім бакамі па арганізацыі трансферу нашых герояў з Украіны. Чакаецца, што ён адбудзецца ў бліжэйшыя дні. Ужо сёння павінна з’явіцца больш яснасці наконт дэталяў і лагістыкі, — паведаміў дарадца.
Ён таксама адзначыў, што дапамогу гатовыя аказаць і іншыя еўрапейскія дзяржавы.
— Мы на сувязі з Германіяй, Чэхіяй, іншымі еўрапейскімі краінамі, якія папярэдне гатовыя аказаць дапамогу. Сёння ў Вільні я правяду брыфінг для паслоў NB8 (краіны Паўночнай Еўропы і Балтыі) і Іспаніі, а таксама папрашу аб падтрымцы для вызваленых палітвязняў, — дадаў Кучынскі.
Ён падкрэсліў, што праца вядзецца амаль кругласутачна.
— Я знаходжуся ў пастаянным кантакце з еўрапейскімі і амерыканскімі калегамі. Непасрэдна на месцы ва Украіне вялікую працу праводзяць кіраўніца місіі дэмсіл у Кіеве Святлана Шаціліна і прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальнай абароне Вадзім Кабанчук. Прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Вольга Зазулінская сумесна з праваабаронцамі каардынуе лагістыку па прыёме людзей у Літве і Польшчы, — расказаў ён.
Кучынскі падзякаваў партнёрам з ЕС за гатоўнасць дапамагчы, асабліва адзначыўшы Польшчу і Літву, а таксама Украіну, якая прыняла беларускіх палітвязняў і забяспечыла ім усе неабходныя ўмовы.
У нядзелю, 14 снежня, кіраўніца місіі беларускіх дэмсіл у Кіеве Святлана Шаціліна паведаміла, што ідзе працэс узгаднення спісаў і працэдур выезду з украінскім бокам. Яна таксама адзначала, што адсутнасць пашпартоў у многіх вызваленых не ўплывае на іх цяперашні статус ва Украіне.
13 снежня на волю выйшлі 123 палітвязні, у тым ліку знакавыя фігуры пратэсту — Марына Золатава, Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Алесь Бяляцкі, Максім Знак. Большасць з іх — 109 чалавек — былі вывезеныя ва Украіну.
-
Пахаваць законна свайго хатняга любімца ў Беларусі можна толькі ў жывёльны могільнік. Парушэнне закону выглядае больш маральна прымальным для многіх
-
Калеснікава: Вайна, якую пачала Расія, не проста супраць Украіны. Гэта вайна супраць еўрапейскіх каштоўнасцяў
-
Што цяпер з італьянскімі візамі? Масавыя адмовы? Турфірмы называюць альтэрнатыву
«Калі б я быў следчым КДБ, я б падкрэсліў тое самае». Фядута — пра схаваныя сэнсы «Каласоў пад сярпом тваім», увагу сілавікоў да свайго рукапісу і загадку з трэцяй часткай рамана Караткевіча
Каментары