Свет

Сёння ў Амане адбудуцца перамовы ЗША і Ірана. Ці дапамогуць яны прадухіліць вайну?

На 6 лютага ў Амане запланаваны перамовы паміж ЗША і Іранам. Краіны рэгіёну спадзяюцца, што яны дапамогуць пазбегнуць вялікай вайны, але пакуль бакі, меркавана з афіцыйных і неафіцыйных заяў, не дамовіліся нават аб змесце гэтых перамоў, а прэзідэнт ЗША Дональд Трамп не адмаўляецца ад намераў ударыць па Іране, калі той не пойдзе на саступкі, пішуць Бі-бі-сі.

Фота: Morteza Nikoubazl/NurPhoto via Getty Images

Іран заяўляе, што гатовы гаварыць толькі пра сваю ядзерную праграму, ЗША ж маюць намер патрабаваць ад яго саступак па некалькіх напрамках, уключаючы ракетны арсенал і падтрымку іранскіх проксі ў рэгіёне.

«Непрамыя перамовы паміж Іранам і Злучанымі Штатамі пройдуць у пятніцу ў Маскаце [сталіцы Амана]. Іх тэматыка будзе абмежаваная ядзерным пытаннем і адменай санкцый у дачыненні да Ірана», — заявіла ў сераду іранскае інфармацыйнае агенцтва «Таснім».

Іранскую дэлегацыю, як паведаміла агенцтва, узначаліць міністр замежных спраў Абас Арагчы. Амерыканскі бок будуць прадстаўляць спецпасланнік прэзідэнта Трампа Стыў Уіткаф і зяць Трампа Джарэд Кушнер.

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа ў той жа дзень, 4 лютага сказаў тое, пра што ўжо неаднаразова гаварылі прадстаўнікі ЗША: парадак дня перамоў, з іх пункту гледжання, павінен быць значна шырэйшы.

«Для таго, каб перамовы прывялі да чаго-небудзь канкрэтнага, яны павінны ахопліваць пэўныя рэчы, уключаючы далёкасць іх [Ірана] балістычных ракет, уключаючы падтрымку тэрарыстычных арганізацый па ўсім рэгіёне, уключаючы іх ядзерную праграму і ўключаючы іх абыходжанне з уласным народам», — цытуе Рубіа агенцтва AFP.

Дональд Трамп тым часам працягвае пагражаць Ірану ўдарамі. ЗША перакінулі ў раён Персідскага заліва авіяносную групу з дзясяткамі баявых самалётаў і ракет, і прэса ўжо некалькі дзён перадае «ўцечкі» з Белага дома пра тое, што Трамп вывучае варыянты ўдараў па Іране.

«Я б сказаў, што яму [вярхоўнаму лідару Ірана аятале Алі Хаменеі] трэба вельмі непакоіцца», — адказаў Трамп у сераду на пытанне тэлекампаніі NBC News.

Затым Трамп заявіў, што Іран пасля 12‑дзённай вайны мінулым летам, калі Ізраіль і ЗША нанеслі ўдары па іранскіх ваенных і ядзерных аб'ектах, задумаў пабудаваць нейкі новы ядзерны аб'ект.

«Яны думалі над тым, каб пачаць будаваць новы аб'ект у іншай частцы краіны. Мы даведаліся пра гэта, і я сказаў: калі вы гэта зробіце, мы зробім вам вельмі дрэнна», — паведаміў Трамп.

Іранскія ўлады і ваенныя на пагрозы Трампа адказваюць, што нанясуць удары па амерыканскіх базах у рэгіёне (іх каля 20 у розных краінах), а таксама па краінах-саюзніцах ЗША.

«Тэгеранскія прыхільнікі жорсткай лініі, блізкія да вярхоўнага лідара, заяўляюць, што на пагрозы ЗША ваеннай сілай Іран павінен адказваць контрпагрозамі, а не запрашэннямі да перамоваў. Павысіць верагоднасць вайны ім, магчыма, удалося», — паведамляе карэспандэнт Персідскай службы Бі-бі-сі Касра Наджы.

Збіты дрон і пагроза танкеру

Новае супрацьстаянне амерыканцаў з іранцамі ўжо вылілася ў два інцыдэнты.

У аўторак амерыканскія ваенныя заявілі, што збілі на Аравійскім моры іранскі дрон-разведчык «Шахед-139», які, па іх словах, агрэсіўна збліжаўся з авіяносцам Abraham Lincoln.

Як заявіла Цэнтральнае камандаванне ЗША, беспілотнік быў збіты самалётам F-35.

Іранская дзяржаўная прэса заявіла, што гэты беспілотнік ажыццяўляў разведвальны палёт і што сувязь з ім была страчана па невядомых прычынах.

У той жа дзень Цэнтральнае камандаванне ЗША заявіла, што два катары Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі пры падтрымцы шматмэтавага беспілотніка спрабавалі спыніць і захапіць у Армузскім праліве танкер пад флагам ЗША.

Брытанская кампанія Vanguard, якая займаецца аховай суднаходства, удакладніла, што іранцы, наблізіўшыся да танкера, загадалі спыніць судна і падрыхтавацца да іх высадкі на борт, але танкер замест гэтага дадаў ход і проста працягнуў шлях.

Выбар Амана і «чырвоная лінія»

Першапачаткова перамовы меркавалася правесці ў Турцыі, але Іран настаяў, каб яны прайшлі ў Амане. Спецыялісты па рэгіёне адзначаюць, што гэта падкрэслівае нежаданне Тэгерана абмяркоўваць што-небудзь, акрамя ядзернай праграмы.

Як піша агенцтва Reuters, спасылаючыся на ананімную афіцыйную асобу з блізкаўсходняга рэгіёну, Іран хоча, каб гэтыя перамовы выглядалі як працяг ірана-амерыканскіх перамоў аб ядзернай праграме, якія пачыналіся мінулай вясной менавіта ў Амане.

Карэспандэнт Персідскай службы Бі-бі-сі Касра Наджы дадае, што Іран лічыць Аман больш дружалюбнай краінай, чым Турцыю.

Тыя перамовы былі перапыненыя, і ў чэрвені ЗША, уключыўшыся ў паветраную кампанію Ізраіля супраць Ірана, нанеслі ўдары па іранскіх ядзерных аб'ектах. Ізраільская ж авіяцыя знішчыла большую частку ракетнага арсенала Ірана.

Іран заўсёды сцвярджаў, што яго ядзерная праграма носіць выключна мірны характар, а пасля тых удараў заявіў, што і яна цалкам спынена.

Аднак, паводле ацэнкі МАГАТЭ, Іран назапасіў не менш за 408 кг высокаўзбагачанага ўрану, і ЗША хочуць, каб ён аддаў іх на захоўванне ў іншую краіну.

Што тычыцца ракет, то Іран заяўляў, што пасля чэрвеньскай вайны аднавіў іх запас.

Тэгеран заяўляў і працягвае заяўляць, што не мае намеру згаджацца ні на якія абмежаванні ў дачыненні да сваіх балістычных ракет і што гэта для яго — «чырвоная лінія». На думку іранскага кіраўніцтва, валодаць ракетамі, здольнымі даляцець да Ізраіля, яму дазваляе яго законнае права на самаабарону.

Не жадае Тэгеран абмяркоўваць і падтрымку ім саюзных узброеных груповак і партый у рэгіёне.

Таму якіх вынікаў бакі змогуць дасягнуць на сустрэчы 6 лютага ў Маскаце, зусім не ясна.

Каментары

Цяпер чытаюць

У Драздах выставілі на продаж катэдж з рэкорднай цаной — $7,5 мільёна ШМАТ ФОТА

У Драздах выставілі на продаж катэдж з рэкорднай цаной — $7,5 мільёна ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

Народ пабег глядзець «Валадара пярсцёнкаў» па-беларуску — на некаторыя сеансы ўжо не набыць квіткі10

Цягнік Масква — Мінск спазняецца на дзве з паловай гадзіны. На адным з пераездаў ён пратараніў аўтамабіль

Рыбак злавіў пад Мінскам шчупака вагой 12 кілаграмаў2

У гарах Балгарыі за тыдзень знайшлі шэсць трупаў. Мяркуюць, што трое забілі іншых траіх. Але хто тады забіў іх саміх?

П’яны расіянін ударыў у сэрца нажом 11‑гадовую дачку, калі тая спала1

На пажары загінуў знакаміты мастак Уладзімір Акулаў2

Гродзенскі фатограф прадаваў фотасесіі, але не рабіў іх, а прайграваў усе грошы ў анлайн-казіно. Ён расказаў, як усё адбывалася2

Лукашэнка: Да канца гэтага года мы павінны мець свае боепрыпасы да артылерыйскіх сістэм39

Урад Ціханоўскай прыняў пастанову «Аб беларускім партызанска-супраціўным руху»25

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Драздах выставілі на продаж катэдж з рэкорднай цаной — $7,5 мільёна ШМАТ ФОТА

У Драздах выставілі на продаж катэдж з рэкорднай цаной — $7,5 мільёна ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць