Вайна11

«Калі Пуцін пойдзе на Нарву, мы пойдзем на вайну» — міністр абароны Швецыі

У інтэрв’ю польскаму выданню Rzeczpospolita міністр абароны Швецыі Пол Ёнсан тлумачыць, наколькі Швецыя гатова ўдзельнічаць у абароне, калі Расія нападзе на Еўропу.

Міністр абароны Швецыі Пол Ёнсан. Фота: AP Photo / Roman Koksarov

На думку шведскага міністра, сцвярджэнні пра поспехі Масквы не вытрымліваюць крытыкі. Ён падкрэслівае, што за мінулы год расійскія войскі занялі толькі 0,7% украінскай тэрыторыі, страціўшы больш за 300 тысяч забітымі і параненымі. Пры гэтым, як адзначае Ёнсан, расійская эканоміка «сцякае крывёю»: расце дэфіцыт, змяншаюцца рэзервы, паглыбляюцца праблемы банкаўскай сістэмы.

«Расія не была ў стане летась правесці ніводнага значнага наступлення на фронце. Ёй не ўдалося захапіць ніводнага буйнога горада. Яе мэтай быў захоп у мінулым годзе ўсяго Данбаса. Але і тут яна пацярпела паражэнне», — адзначае Ёнсан.

Разам з тым міністр прызнае: вайна не скончыцца сама па сабе. На яго думку, Расія адступіць толькі тады, калі Захад яшчэ мацней ударыць па яе энергетычных даходах і адначасова ўзмоцніць ваенную падтрымку Украіны. У гэтым кантэксце ён называе абнадзейлівым рашэнне ЕС выдзеліць Кіеву 90 млрд еўра на наступныя два гады.

Швецыя, у сваю чаргу, працягвае маштабную дапамогу: па 4 млрд еўра штогод. Паводле даных Кільскага інстытута сусветнай эканомікі, пасля Германіі і Вялікабрытаніі менавіта Швецыя — адзін з найбуйнейшых донараў зброі для Украіны.

Чаму Швецыя рыхтуецца да пагрозы з Усходу

Нягледзячы на тое што Швецыя не ўваходзіць у канцэпцыю «рускага міру», Ёнсан адкрыта называе Расію галоўнай пагрозай. Пры гэтым ён удакладняе: гаворка не пра страх, а пра падрыхтоўку.

Па яго словах, Масква дэманструе ўсё большую гатоўнасць да рызыкоўных ваенных і палітычных крокаў, нарошчвае сілы ў Ленінградскай і Калінінградскай зонах, працягвае агрэсію супраць суседзяў. Менавіта таму Стакгольм імкнецца выкарыстаць час, пакуль Расія ўцягнутая ў вайну супраць Украіны, каб умацаваць стрымліванне.

Швецыя, як і Польшча, выступае за павелічэнне абаронных выдаткаў да 5% ВУП — у адпаведнасці з рашэннямі саміту НАТА ў Гаазе летам мінулага года. Краіна, паводле міністра, актыўна развівае канцэпцыю «татальнай абароны».

«Грамадству рэгулярна задаецца пытанне: калі Швецыя падвергнецца нападу, ці павінна краіна абараняцца? А таксама: ці будзеш ты сам ваяваць? У абодвух выпадках пераважная большасць адказаў — больш за 80 працэнтаў — станоўчыя. Гэта, побач з Фінляндыяй, самы высокі паказчык у Еўропе. Са 100 тысяч чалавек, якія падлягаюць прызыву, каля 8 тысяч фактычна служаць у войску. І сярод іх 82 працэнты рэкамендуюць гэты вопыт іншым, а 37 працэнтаў застаюцца ў арміі на пастаяннай аснове. У нас таксама ёсць агенцтва псіхалагічнай абароны», — адзначыў Ёнсан.

«Адзін за ўсіх, усе за аднаго»

Асобна Ёнсан падкрэслівае безумоўнасць саюзніцкіх абавязкаў. На пытанне: «калі Пуцін захоча праверыць надзейнасць Паўночнаатлантычнага альянсу, заняўшы, скажам, эстонскую Нарву, Швецыя пойдзе на вайну з Расіяй?» міністр адказаў:

«Вядома! Бо менавіта гэта азначае прыналежнасць да альянсу. Мы будзем абараняць кожную пядзю саюзнай тэрыторыі».

Менавіта гэтым, тлумачыць ён, абумоўленая практычная прысутнасць Швецыі на ўсходнім флангу НАТА: знішчальнікі Gripen у мінулым годзе знаходзіліся ў Польшчы ў межах місіі паветранага патрулявання, у Латвіі дыслакуецца шведскі механізаваны батальён, а ў 2026 годзе Швецыя возьме на сябе вядучую ролю ў Перадавых сухапутных сілах НАТА ў Фінляндыі.

Такім чынам, па словах Ёнсана, НАТА сёння значна мацнейшае, чым пяць гадоў таму: з новымі планамі, новай сістэмай кіравання і большымі магчымасцямі ўдару.

Каментуючы дыскусіі пра магчымую ненадзейнасць трансатлантычнай сувязі, Ёнсан сцвярджае, што цалкам давярае артыкулу 5 Дамовы аб НАТА. Швецыя, адзначае ён, не распрацоўвае «план Б» на выпадак, «калі Амерыка падвядзе».

Дапамога Украіне

Адначасова, паводле яго слоў, еўрапейцы павінны інвеставаць у праграму закупак зброі для Украіны, асабліва той, якая не вырабляецца на кантыненце.

«У мяне таксама была двухбаковая сустрэча з намеснікам міністра абароны Элбрыджам Колбі. Амерыканцы чакаюць, што мы будзем інвеставаць у праграму закупкі зброі для патрэб Украіны ў рамках праграмы PURL (Prioritised Ukraine Requirements List).

Тое самае сказаў мне генерал Алексус Грынкевіч, камандуючы амерыканскімі войскамі ў Еўропе. Гаворка, аднак, ідзе пра закупку ў ЗША толькі той зброі, якая не вырабляецца ў Еўропе. Амерыканцы павінны сканцэнтравацца на іншых патрэбах, перш за ўсё ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне», — адзначыў Ёнсан і падкрэсліў:

«19 лютага Швецыя перадала ўкраінцам 21‑ы пакет ваеннай дапамогі, гэтым разам вартасцю 1,2 мільярда долараў. І мы гатовыя працягваць гэта».

Гаворачы пра перспектывы мірнага працэсу, міністр абароны Швецыі акцэнтаваў:

«Вызначэнне таго, што ёсць перамогай, я пакідаю ўкраінцам. Калі яны хочуць вярнуць усю ўкраінскую тэрыторыю разам з Крымам, мы будзем іх у гэтым падтрымліваць. А калі яны хочуць пачаць перамовы, пра што яны сігналізавалі, мы таксама будзем іх у гэтым падтрымліваць. Менавіта таму мы павялічылі нашу падтрымку Украіны, каб яна магла весці такія перамовы з пазіцыі сілы».

Пасля вайны, паводле Ёнсана, Еўропа адыграе важную ролю ў гарантыях бяспекі, інтэграцыі Украіны ў еўраатлантычную прастору і пасляваенных інвестыцыях.

Каментары1

  • Украінскі аглядальнік
    24.02.2026
    Усё сказана па справе. Без вады і замутненняў.

Цяпер чытаюць

Вярхоўны лідар Ірана аятала Алі Хаменэі забіты, яго цела знойдзена — крыніцы ў Ізраілі41

Вярхоўны лідар Ірана аятала Алі Хаменэі забіты, яго цела знойдзена — крыніцы ў Ізраілі

Усе навіны →
Усе навіны

Ізраіль і ЗША рыхтуюцца да шматдзённага канфлікту з Іранам

Як асвоілася Святлана Ціханоўская ў Варшаве і ці ўжо пайшла на бокс? Распыталі10

Цэны на какава-бабы абваліліся. Але ці патаннее шакалад?7

Боршч з мёдам і кава з парфумай. У Беларусі адкрылі стараверскую кавярню

Гродна апераджала Вільню. Былі часы, калі італьянцы эмігравалі ў Беларусь. Іх кроў цячэ ў некім з вас4

У Балівіі разбіўся самалёт, які перавозіў грошы, загінулі 15 чалавек

Трамп дапусціў сяброўскі захоп Кубы2

Трамп: З Беларуссю ў нас выдатныя адносіны36

У катоў не ўзнікае эмацыйнай залежнасці ад гаспадара — яны за раўнапраўнае суіснаванне5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вярхоўны лідар Ірана аятала Алі Хаменэі забіты, яго цела знойдзена — крыніцы ў Ізраілі41

Вярхоўны лідар Ірана аятала Алі Хаменэі забіты, яго цела знойдзена — крыніцы ў Ізраілі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць