Трох палякаў з прымежжа асудзілі за кантрабанду беларускіх цыгарэт. Аднаму турму, астатнім — штрафы
Акруговы суд у Беластоку асудзіў трох мужчын, якіх абвінавачвалі ва ўдзеле ў кантрабандзе цыгарэт з Беларусі ў Польшчу пры дапамозе метэаралагічных паветраных шараў. Самы суровы прысуд — 2,5 года пазбаўлення волі. Двое астатніх атрымалі ўмоўныя тэрміны.

Абвінавачаныя — маладыя палякі ва ўзросце ад 22 да 26 гадоў, якія жывуць у памежнай зоне. Паводле пракуратуры, яны як мінімум некалькі разоў удзельнічалі ў перапраўцы цыгарэт з выкарыстаннем шароў. Усе трое, як палічыў суд, дзейнічалі ў складзе арганізаванай злачыннай групы: іх задачай быў прыём грузу пасля кантакту з людзьмі, якія запускалі шары і перадавалі каардынаты месцаў, дзе тыя падалі на польскім баку.
Затрыманні адбыліся ў кастрычніку 2025 года: Памежная варта і паліцыя ў сумеснай аперацыі ўзялі падазраваных у памежнай гміне Кузніца Падляшскага ваяводства. Падчас вобыскаў знайшлі тэлефоны, SIM-карты і прылады для лакалізацыі шароў. Справу вяла Акруговая пракуратура ў Беластоку, якая аб’яднала ў адно следства ўсе выяўленыя на той момант выпадкі такой кантрабанды. Абвінавачанні ахопліваюць перыяд з верасня 2024‑га па красавік 2025 года і перапраўку 11,5 тысячы пачкаў цыгарэт.
Самы суровы прысуд атрымаў мужчына, на рахунку якога было найбольш прыёмаў грузу, а таксама ўцёкі ад патрулёў падчас перавозкі кантрабанды. Яму прызначылі 2,5 года пазбаўлення волі, пяцігадовую забарону кіраваць транспартам, а таксама каля 15 тысяч еўра штрафу. Двое іншых атрымалі ўмоўныя тэрміны і штрафы.
Паводле слоў суддзі, галоўны абвінавачаны атрымаў прапанову ад чалавека, які займаўся такімі перапраўкамі: ён ездзіў да пазначаных кропак прыёму і адвозіў пакункі з цыгарэтамі ва ўмоўленыя месцы. За адзін прыём ён атрымліваў 250 еўра, а сваім напарнікам плаціў па 25‑50 еўра.
Каментары