Спорт33

У навічка НБА з топ-30 драфта бацька — беларус: вырас у галечы, дзеля развіцця сына прадаў матацыкл

Беларускіх спартсменаў у наймацнейшай баскетбольнай лізе свету не было ніколі, але цяпер туды прабіўся сын эмігранта з Мінска — 23‑гадовы Алекс Карабан, распавядае «Трыбуна». Атрымалася зорка студэнцкага баскетбола ЗША.

Абвешчаны топ-30 драфта НБА — і пад 29‑м нумарам пайшоў 23‑гадовы лёгкі форвард Алекс Карабан. Выбіраў «Кліўленд», але па дамоўленасці з «Сакрамента», якому адразу ж перайшлі правы на гульца. Новая каманда Карабана ў мінулым сезоне была аўтсайдарам Заходняй канферэнцыі, падзяліўшы апошняе месца. З іншага боку, у слабейшай камандзе і прабіцца прасцей.

Бацька баскетбаліста Аляксей Карабан нарадзіўся ў Мінску. Сам казаў, што вырас у галечы — быў дзіцём у сям’і інжынера і бухгалтара, якія жылі на 15 долараў у месяц.

Аляксей Карабан, як і яго бацька, паступіў у БДУ, стаў інжынерам-праграмістам. Пасля таго як пабываў у Амерыцы на вяселлі сябра — краіна спадабалася, ды і адчуў, што яго спецыяльнасць будзе запатрабаваная. Здолеў атрымаць працоўную візу і ў 2001 годзе пераехаў назаўсёды. Пасяліўся ў штаце Масачусетс, вядомым сваім топавым тэхналагічным універсітэтам.

«У Беларусі, калі ты не паступаеш, то ідзеш у армію. Гэта твой выбар. Ты не хочаш ісці змагацца ў першых шэрагах або будаваць дом для генерала. Гэта не такія ж магчымасці, як у Амерыцы», — успамінаў Карабан пра Беларусь.

Неўзабаве пасля пераезду, шпацыруючы ў мясцовым парку, мужчына пачуў, як дзяўчына па-руску размаўляе са сваім сабакам — і падышоў пазнаёміцца. Вольга Мягкова расла ва ўкраінскім Львове, дзе прафесійна займалася плаваннем, а ў 1996 годзе яе сям’я пераехала ў Масачусетс — прычынай называўся антысемітызм. З выпадковай сустрэчы ў парку атрымаўся доўгі шлюб з трыма дзецьмі.

Першым 11 лістапада 2002 года нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Алекс. З дзяцінства ён захапіўся баскетболам і ў нейкі момант папрасіў у бацькоў зрабіць пляцоўку проста на ўчастку сямейнага дома ў гарадку Саўтбара.

Бацька падумаў — і прадаў свой матацыкл Kawasaki, каб выканаць жаданне сына. На пакрыццё нанеслі ініцыялы AK, якія падыходзяць абодвум.

Карабан гадзінамі кідаў мяч у кошык і летам, і зімой — рабіў гэта і з бацькам, які захапляўся гульнёй у студэнцтве. Калі трэба было пераводзіцца ў старэйшую школу, сям’я пераехала ў суседні Нортбара, дзе была бліжэйшая прыдатная па баскетбольных параметрах навучальная ўстанова. Праз год маладога баскетбаліста заўважылі ў суседнім штаце Нью-Гэмпшыр. Гульня за школу Нью-Хэмптана прыпала на кавідны перыяд, але ён не перашкодзіў у сезоне-2020/21 набіраць 25,8 ачка і 8,7 падбору ў сярэднім за матч і стаць найлепшым у штаце па сваім класе, дзе быў самым маладым.

Ужо ў 2021 годзе Карабан, якому заставаўся яшчэ адзін школьны год, выбраў на будучыню ўніверсітэт штата Канэктыкут. Пасля экскурсіі па ім быў вельмі ўражаны ўмовамі для баскетбола, а вось маці была незадаволеная — ім амаль нічога не расказалі пра вучобу. Але гульца так хацелі атрымаць, што пасля яго званка трэнеру з аповедам пра гэта хутка прыслалі за ім і маці машыну і правялі экскурсію па ўсіх навучальных корпусах.

Вольга Карабан супакоілася, а сын вырашыў, што паводле прыкладу бацькі пойдзе на інжынерны факультэт. І сапраўды сумяшчаў вучобу са спортам.

Але ў баскетболе, канешне, праславіўся пакуль мацней. У галоўнай амерыканскай студэнцкай лізе NCAA Карабан практычна не прапускаў матчы, хутка стаў лідарам «ЮКон Хаскіс» — а каманда два гады запар станавілася чэмпіёнам, што ў студэнцкім баскетболе вялікая рэдкасць.

У сезоне-2022/23 гулец дапамог тытулу, набраўшы 9,3 ачка і 4,5 падбору за матч, у сезоне-2023/24 дэманстраваў 13,3 ачка пры 5,1 падбора. Пасля гэтага ўжо мог выходзіць на драфт НБА, але падумаў, параіўся з маці — і застаўся давучыцца.

У сезоне-2024/25 Карабан меў найлепшую выніковасць — 14,3 ачка, але каманда правяла слабы для сябе сезон і хутка вылецела ў рэгіянальным адборы. Але ў сезоне-2025/26 вярнулася — і дайшла да фінальнага матча NCAA, хоць там і прайграла, а Карабан набіраў 13,2 ачка пры 5,3 падбора. Усяго за кар’еру ў «ЮКон Хаскіс» атрымалася 151 гульня і 126 перамог — рэкордныя ў гісторыі каманды паказчыкі, яшчэ Карабан стаў лідарам усіх часоў па хвілінах на пляцоўцы і рэалізаваных трохачковых. А ўсяго набраў 1880 ачкоў, што з'яўляецца шостым вынікам за гісторыю.

За такія дасягненні ў сакавіку 2026 года Карабана ўвялі ў Залу славы ўніверсітэта і вывелі з абароту яго 11‑ы нумар — упершыню такое адбылося яшчэ падчас кар’еры гульца. «Капітан Амерыка», як даўно празвалі лідара каманды, не стрымаў слёз.

Перад драфтам НБА Карабана з ростам у 2 метры і вагой 102 кг ацэньвалі як «паспяховага ролевага гульца, які добры і ў абароне». Хвалілі за «здольнасці прымаць рашэнні, хутка перамяшчаць мяч, рэалізоўваць кідкі і неверагодна добра рухацца без мяча». Слабымі месцамі называлі дрыблінг і абарону адзін у адзін. Тым не менш прадказвалі выбар у канцы першага раўнда драфта-2026 — як і атрымалася.

Прычым калі Карабан сядзеў з таварышамі перад экранам, чакаючы трансляцыі драфта, то атрымаў званок. Адказаў, пачуў пра магчымасць патрапіць у «Сакрамента», сказаў «Вось лайно» (без негатыву, гэта лаянка ў Амерыцы на ўзроўні выклічніка) і «Давай зробім гэта» — а хутка прымаў віншаванні, калі ўсё абвясцілі афіцыйна.

Не забывае Карабан і падзякаваць за свой поспех бацькам.

«Думаю, самаахвяраванне — галоўнае, што я ў іх шаную. Пераезд у Амерыку — не самы лёгкі шлях, асабліва калі адразу з’яўляецца дзіця. Мае бацькі — сведчанне таго, як імігранты могуць дасягнуць поспеху. Бачачы, колькі працы яны ўклалі, я разумею, што магу прысвяціць сваім заняткам дадатковую гадзіну або дзве. Яны ахвяравалі ўсім дзеля мяне. Я хачу зарабіць столькі, каб купіць ім дом або пагасіць іпатэку, каб аддзячыць за ўсё, што яны зрабілі ў маім дзяцінстве», — кажа баскетбаліст. Што ж, цяпер ён бліжэй да гэтай мэты.

Яго малодшы брат Эндру Карабан таксама можа паказаць сябе ў баскетболе — даўно займаецца, выпускаецца са школы ў 2027‑м і відавочна прыцягне ўніверсітэты хаця б праз прозвішча. Тым часам у UConn перайшоў — і цалкам можа замяніць Алекса Карабана па пазіцыі — іншы сын беларуса.

19‑гадовы Нік Хаменя ў 2025 годзе стаў чэмпіёнам свету сярод юніёраў за зборную ЗША і лічыцца вельмі перспектыўным баскетбалістам.

Каментары3

  • Denasimento
    25.06.2026
    жили на 15 далярау́ у́ мінску
  • баскетфан
    25.06.2026
    Першы беларус у НБА, віншуем!
    Нарэшце і трыбунка даведалась пра яго. Не калі ён двойчы запар стаў чэмпіёнам сярод студэнтаў, а толькі зараз, праз два гады.
  • Питон
    26.06.2026
    Denasimento, а какие по твоему зарплаты были в 1993 году? мои родители зарабатывали примерно столько же.. на круг на семью выходило наверно баксов 70-80 в мес..

Цяпер чытаюць

Міністэрства абароны Расіі заявіла, што Украіна ўпершыню ўжыла балістычную ракету вялікай далёкасці7

Міністэрства абароны Расіі заявіла, што Украіна ўпершыню ўжыла балістычную ракету вялікай далёкасці

Усе навіны →
Усе навіны

Коля Лукашэнка скончыў універсітэт — ці трапіць ён пад бліжэйшы прызыў у армію ці зможа адкасіць?28

У Беларусі пад Колю Лукашэнку створаць адмысловы цэнтр «спецыяльнасцяў будучыні»25

У Сейм Літвы ўнеслі папраўкі па мігрантах. Як зараз трэба будзе здаваць іспыт па літоўскай13

Зяленскі пракаментаваў удар па заводзе змазачных матэрыялаў ва Уфе1

Добкін: Шмат гавораць, колькі работнікаў ШІ зробіць непатрэбнымі, але ж колькі новых спраў і прац ён дазволіць стварыць?5

Дзяніс з Нясвіжа дзесяць гадоў адпрацаваў на лікёра-гарэлачным заводзе. А знайшоў сябе і найлепш стаў зарабляць як блогер Алкабард13

ФК «Стэнлес» з Пінска перажывае цяжкія часы: следам за кіраўніком клуба памёр менеджар каманды

Трамп зарабіў больш за мільярд даляраў на крыпце за год пасля вяртання на пасаду прэзідэнта11

Хлопчык памёр ад шаленства пасля кантакту з кажаном — той сеў малому на твар, пакуль ён спаў10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міністэрства абароны Расіі заявіла, што Украіна ўпершыню ўжыла балістычную ракету вялікай далёкасці7

Міністэрства абароны Расіі заявіла, што Украіна ўпершыню ўжыла балістычную ракету вялікай далёкасці

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць