Грамадства

Як у Польшчы працуюць бацькоўскія камітэты ў школах і колькі збіраюць грошай

Кацярына ўжо некалькі гадоў жыве ў Польшчы і паспела пабыць у бацькоўскім камітэце і ў дзіцячым садку, і ў школе, дзе цяпер вучацца яе дзеці. Яна расказала Most як арганізаваны збор грошай на школу і садок у Польшчы, колькі збіраюць і на што.

Ілюстрацыйнае фота Yan Krukau / Pexels.com

«Спачатку падумала, што мы прыехалі ў нейкую чароўную краіну»

Калі Кацярына пераехала ў Польшчу, яна думала, што тут збораў няма.

— Мне спачатку сказалі: «Вы будзеце прыемна здзіўленыя, але тут грошы не збіраюць». І я падумала, што мы прыехалі ў нейкую чароўную краіну, — я ж прывыкла, што ў Беларусі збіраюць на ўсё і ўсялякае, — успамінае Кацярына.

Спачатку яна паспрабавала даведацца, ці сапраўды гэта так, у дырэктаркі садка. Тая сказала, што грошы сапраўды ніхто не збірае. Але насамрэч аказалася інакш.

— Потым высветлілася, што тут усё нармальна збіраюць, проста яны неяк па-іншаму гэта дзецям падаюць, — кажа суразмоўца.

Першы досвед працы ў бацькоўскім камітэце Кацярына атрымала, калі яе дзіця яшчэ хадзіла ў садок. Тады выхавальніца папрасіла дапамагчы, і беларуска ёй не адмовіла.

У Польшчы, як і ў Беларусі, у бацькоўскім камітэце звычайна тры чалавекі: старшыня, яго намеснік і скарбнік, які адказвае за бюджэт. Паводле назіранняў Кацярыны, рэальная «ўлада» ў класе часта аказваецца менавіта ў скарбніка.

— У мяне быў старшыня бацькоўскага камітэта, на якога ў прынцыпе была ўскладзеная місія вырашаць нейкія пытанні: што мы купляем, падымаць пытанні наконт паездак. Але раз ужо быў прызначаны скарбнік, які збірае гэтыя грошы, то няхай ён і вырашае, куды іх патраціць. Мне здаецца, гэта выглядае так практычна ўсюды, — кажа Кацярына.

Давялося адкрыць ашчадны рахунак у банку

Для безнаяўных збораў неабходна адкрыць асобны банкаўскі рахунак.

— Тут і наяўнымі збіраюць грошы — перадаюць праз дзяцей. Але ў садку і пачатковых класах гэтага ніхто не робіць. Таму для безнаяўнага пераводу просяць адкрываць асобны рахунак.

У банку беларусцы сказалі, што для такіх збораў ад класа можна адкрыць ашчадны рахунак у межах свайго рахунку. На яго паступаюць грошы, якія Кацярына потым перыядычна пераводзіць на свой асноўны рахунак без камісіі. Пасля гэтага яна пры неабходнасці можа зняць грошы на патрэбы класа.

Колькі і на што збіраюць у садку і школе

У дзіцячым садку грошы ў асноўным ішлі на канцылярскія тавары — з разліку каля 200 злотых у год [каля 160 беларускіх рублёў — НН] на чалавека. Паколькі навучальны год доўжыцца дзесяць месяцаў, атрымліваецца каля 20 злотых у месяц [16 рублёў — НН].

У школе структура збораў крыху больш складаная. Штомесяц бацькі здаюць 15—20 злотых [12‑16 рублёў] — гэтыя грошы ідуць на падарункі настаўнікам і, напрыклад, на сумесныя паходы класа ў кіно.

Асобна ў пачатку навучальнага года збіраюць яшчэ 30—40 злотых [24‑32 рублёў] на канцылярскія тавары для ўсяго класа на ўвесь навучальны год.

— Настаўніца кажа, што трэба купіць, дае спіс. Можна выбіраць, дзе ўсё гэта купляць, ці ўкладваемся мы ў гэтую суму. У выніку ўсе гэтыя канцылярскія прыналежнасці захоўваюцца ў іх у класе — тое, чым рэжуць, клеяць і гэтак далей, — расказвае Кацярына.

Асобна грошы збіраюцца не на ўзроўні класа, а ў цэлым на школу. З іх аплачваюць прызы за творчыя і прадметныя конкурсы, якія школа рэгулярна праводзіць, а таксама невялікія сімвалічныя падарункі для дзяцей, якія скончылі год з выдатнымі вынікамі, і для тых, хто неяк яшчэ вызначыўся за год.

— Калі ў мяне, напрыклад, двое ці трое дзяцей, гэтая сума аплачваецца адзін раз, — удакладняе Кацярына.

У сярэднім па школе выходзіць каля 280 злотых у год на сям’ю [225 рублёў]:

230 злотых [185 рублёў] — на канцылярыю, падарункі і сумесныя мерапрыемствы класа, яшчэ каля 50 злотых [40 рублёў] — на агульны школьны фонд прызоў. Дадаткова аплачваюцца экскурсіі і іншыя выязныя мерапрыемствы.

Адна з мам купляла кнігу ўліку для збораў

У класе, дзе вучыцца дзіця Кацярыны, скарбнікі па-рознаму ставіліся да збору грошай. Адна з мам вяла ўлік вельмі старанна.

— Яна нават асобна купіла кнігу ўліку, фіксавала, хто колькі здаў і калі, адрывала талончык — адна частка заставалася ў яе, другая перадавалася бацькам для справаздачнасці, — расказвае Кацярына.

Але былі і іншыя выпадкі. Адзін з бацькоў у канцы навучальнага года так і не змог даць справаздачу за сабраныя з класа грошы.

— У яе неяк усё аказалася ў даўгах. Яна не змагла пакрыць падарункі дзецям на заканчэнне года, і грошай таксама не засталося. Бацькі, якія збіралі значную суму на паездку ў Варшаву, грошы назад не атрымалі. Што там адбылося насамрэч, я не ведаю, — кажа Кацярына.

Пазней дзіця гэтай жанчыны перайшло ў іншую школу. Паводле слоў Кацярыны, тая мама забрала астатнія грошы з сабой.

Калі беларуска стала скарбнікам, бацькі ўжо больш асцярожна ставіліся да збору грошай.

— Мне адразу пачалі тэлефанаваць і прасіць прадставіць усе чэкі — куды сыходзяць грошы. Ступень даверу знізілася, гэта факт, — прызнае Кацярына.

Падарункі настаўнікам

Галоўная нагода для падарункаў настаўнікам — Дзень настаўніка. Акрамя таго, бацькі могуць скідвацца на падарункі да Новага года і кветкі ў канцы навучальнага года.

— Я не збіраю на букеты па 500 злотых — ёсць нармальная мяжа сумы, і ўсе з гэтым згодныя, — кажа Кацярына.

Пры гэтым многае залежыць ад класа. Паводле слоў Кацярыны, у класе, дзе вучыцца адно яе дзіця, бацькі не надта актыўныя: проста здаюць грошы і асабліва не цікавяцца, на што яны ідуць. У іншым класе бацькі, наадварот, актыўна ўдзельнічаюць у абмеркаваннях і вырашэнні агульных пытанняў.

«Мы прывучаныя здаваць грошы»

Кацярына заўважыла розніцу ў «плацежнай дысцыпліне» імігрантаў і палякаў.

— Украінцы, беларусы, расіяне — з імі ўвогуле няма пытанняў наконт здачы грошай. Ніхто нічога не кажа. Мы прывучаныя, — кажа яна.

Сярод польскіх бацькоў сітуацыя іншая: нехта плаціць адразу за паўгода, нехта — часткамі кожны месяц.

— Некаторыя абураюцца або проста не здаюць. Ёсць бацькі, з якімі ўвогуле няма кантакту, — дзіця проста ходзіць у школу, а бацькі нічым не цікавяцца. З імі вельмі цяжка, — адзначае Кацярына.

«Звычайна ў пачатку года здаём па 100 злотых»

У Threads бацькі дзеляцца сваім досведам і расказваюць, колькі ўжо паспелі выдаткаваць на пачатак навучальнага года ў Польшчы.

«Група падоўжанага дня, абеды, ужо дзве бацькоўскія рады, басейн, канцылярыя, кнігі, у класе таксама ўжо здалі грошы… І гэта яшчэ не ўсё», — пералічыла адна з мам усе выдаткі ў першыя дні верасня.

У некаторых сем’яў выдаткі пакуль аказаліся невялікімі.

«Падоўжанка і кнігі бясплатныя ў базавай школе. Абеды — па жаданні бацькоў. Хутка бацькоўскі сход, звычайна ў пачатку года здаём па 100 злотых [80 рублёў] — і гэта на ўвесь год. 

— На Бацькоўскай радзе — па жаданні, я звычайна ў канцы года плачу 100 злотых», — расказала мама.

Іншая сям’я выдаткавала пакуль толькі 200 злотых у фонд класа на ўвесь год.

«Падручнікі бясплатныя, дакупіць давялося толькі два атласы па біялогіі і геаграфіі для 7—8 класа — іх знайшлі на Vinted (анлайн-пляцоўцы) прыкладна за палову кошту. Заплечнік і канцылярскія тавары ў дзіцяці засталіся з мінулага года. Абеды каштуюць 11 злотых у дзень [9 рублёў], але праз новае меню сын есць у школе два-тры разы на тыдзень — прыкладна на 90—130 злотых у месяц» [ 72‑105 рублёў].

Асобна сям’я траціцца на рэпетытараў, але гэты артыкул выдаткаў мама лічыць індывідуальным — «каму яны патрэбныя, каму не».

«Дорага ўсё гэта»

Адна з беларусак падрабязна распісала выдаткі адразу на дваіх дзяцей. За падоўжанку яна заплаціла па 100 злотых [80 рублёў] за дзіця, хоць добраахвотны ўнёсак складае 200 злотых у год. Яшчэ 100 злотых пайшло на зборы класа. У фонд бацькоўскай рады трэба ўнесці па 150 злотых [120 рублёў] за дзіця.

Абеды на дваіх ужо абышліся ёй прыкладна ў 650 злотых [520 рублёў]. Пры гэтым дзеці выбіраюць толькі тыя стравы, якія ядуць. Поўны варыянт харчавання з першай, другой стравай і падвячоркам каштуе каля 25 злотых у дзень [20 рублёў], або прыкладна 550 злотых у месяц [440 рублёў] на аднаго дзіцяці.

«А далей ідуць выдаткі на заняткі: дзюдо для аднаго дзіцяці — 370 злотых [295 рублёў], для другога — пакуль 250 [200 рублёў], футбол — 315 злотых [250 рублёў].

Зменны абутак абышоўся па 89 злотых [71 рубель], заплечнікі — па 180 [145 рублёў], пеналы з напаўненнем — па 100 [80 рублёў], белыя кашулі — па 100 злотых. Карацей, дорага ўсё гэта».

«Дзеці цяпер дорага абыходзяцца»

Яшчэ адна сям’я налічыла нямала выдаткаў ужо ў першыя тыдні навучальнага года і шчыра прызналася, што «дзеці цяпер [абыходзяцца] дорага».

«Мы ўжо прывыклі: добраахвотны ўнёсак, ён жа абавязковы, па 200 злотых [160 рублёў] з дзіцяці ў фонд школы, асобна па 150 [120 рублёў] — у фонд класа. Гэтая сума не канчатковая, бо шмат платных варштатаў (майстар-класаў) і выездаў класа. Абед у гэтай школе каштуе 15 злотых у дзень [12 рублёў].

Дадатковыя заняткі па англійскай абыходзяцца ў 440 злотых [350 рублёў] у месяц, а ў першы месяц яшчэ 300 злотых [240 рублёў] за падручнікі на год. Басейн — каля 300 злотых у месяц. Плюс валейбол і кікбоксінг».

Але ёсць і іншае меркаванне. Адна з мам напісала, што здаваць грошы на патрэбы класа неабавязкова.

«У нас тры разы на тыдзень заняткі ў басейне бясплатныя. Падоўжанка бясплатная, ёсць спіс, што купіць, але па аналогіі з мінулым годам дзіцяці нічога, акрамя альбома для малявання, не спатрэбілася. Абеды ў нас каштуюць 6 злотых. Ёсць бацькі, якія не купляюць абеды. Кнігі бясплатныя. Я буду здаваць толькі на выдаткі класа (падарункі), абеды, паходы ў тэатр».

«Перадыхнуць няма як»

Ёсць і такія бацькі, чые выдаткі пакуль абмежаваліся харчаваннем.

«Пакуль 110 і 176 злотых за харчаванне [88—141 рубель]. За падоўжанку выходзіць каля 170 злотых у год [136 рублёў]. У бацькоўскай радзе плануюць здаць каля 200 злотых у год [160 рублёў]— па 100 у першым і другім семестры. На кнігі траціцца неабходнасці няма — яны бясплатныя. Канцылярыю я купіла яшчэ летам са зніжкай 70%, таму на яе патраціла зусім мала. У садку трэба будзе нешта каля 350 злотых у год [250 рублёў] на розныя патрэбы. Але гэта ж разавыя выплаты».

«Верасень — самы жорсткі месяц для бюджэту, так. Потым крыху перадыхнуць і рыхтуемся да Калядаў па ўсіх франтах: падарункі туды-сюды, зімовыя канікулы. — выдаткі, Вялікдзень таксама, «зялёныя школы», выезды… Не, перадыхнуць няма ўсе 10 месяцаў школы, не будзем сябе падманваць», — падзялілася яшчэ адна мама.

Каментары

Цяпер чытаюць

Брат беларускай каралевы прыгажосці трапіў у рэанімацыю ў Азербайджане6

Брат беларускай каралевы прыгажосці трапіў у рэанімацыю ў Азербайджане

Усе навіны →
Усе навіны

Набыццё беларусам газавага тэрмінала на Падляшшы выклікала трывогу палякаў, але спецслужбы далі дабро

Ціханоўская едзе ў Нью-Ёрк. Яна можа перасекчыся з прадстаўнікамі Лукашэнкі, але галоўную інтрыгу пакуль не раскрываюць51

«І загарэліся ўсе чырвоныя лямпачкі, якія толькі ёсць». Пачобут распавёў, як яго правяралі на мяжы пры ўездзе ў Беларусь27

Мужчына зрабіў званок з Беларусі праз сетку літоўскага аператара. Як гэта атрымалася?3

26‑гадовага гамельчука асудзілі на 5,5 года калоніі за «паклёп і знявагу Лукашэнкі»4

Былы пасол Расіі атрымаў участак для катэджа ў Драздах. Ён будзе суседам Качанавай2

На беларускія экраны вярнулася інтэлектуальная гульня «Брэйн-рынг»6

Колькі заставалася сядзець палітвязням, вызваленым 16 верасня? Некаторым з іх — яшчэ па восем гадоў

«Па-першае, не Коля, а Мікалай». Ботаў вывелі на абарону Колі-лейтэнанта34

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Брат беларускай каралевы прыгажосці трапіў у рэанімацыю ў Азербайджане6

Брат беларускай каралевы прыгажосці трапіў у рэанімацыю ў Азербайджане

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць