Расійскі вайсковы верталёт зранку без наступстваў заляцеў у паветраную прастору Польшчы
Расійскі верталёт Мі-8 парушыў паветраную прастору Польшчы, заляцеўшы з боку Калінінградскай вобласці. Пра гэта паведаміла Аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы.

Паводле польскіх вайскоўцаў, верталёт заляцеў прыкладна на 300 метраў углыб польскай тэрыторыі ў раёне горада Бранева і знаходзіўся там каля 42 секундаў. У адказ Польшча падняла ў паветра дзяжурныя знішчальнікі, а наземныя падраздзяленні супрацьпаветранай абароны прывяла ў стан павышанай гатоўнасці.
У польскай арміі лічаць, што гэты інцыдэнт мог быць чарговай праверкай гатоўнасці польскай сістэмы супрацьпаветранай абароны з боку Расіі.
«Характар інцыдэнту сведчыць пра тое, што Расія чарговы раз правярае боегатоўнасць нашай сістэмы паветранай абароны, — падкрэслілі ў камандаванні. — Персанал, які адказвае за працу польскай сістэмы СПА, вядзе кругласутачнае назіранне і знаходзіцца ў пастаяннай гатоўнасці, каб гарантаваць бяспеку польскай паветранай прасторы».
Раней расійскія ўдары беспілотнікамі неаднаразова адбываліся ўсяго за некалькі кіламетраў ад польскай мяжы. У такіх выпадках Польшча таксама падымала знішчальнікі і прыводзіла сродкі СПА ў гатоўнасць.
У верасні расійскія беспілотнікі атакавалі цягнік і аўтазапраўку каля памежных пераходаў. Пасля гэтага польскія ўлады пачалі дадаткова ўмацоўваць мяжу.
Каментары