Мінкульт адмовіўся даць найвышэйшы статус цэрквам Палесся са спіса ЮНЕСКА, назваўшы гэта сваім «суверэнным правам»
Міністэрства культуры афіцыйна адмовілася прысвойваць найвышэйшую катэгорыю каштоўнасці ўнікальным драўляным храмам Палесся. Сярод усіх беларускіх прэтэндэнтаў у спіс Сусветнай спадчыны толькі палескія цэрквы дагэтуль яго не маюць.

Яшчэ 30 студзеня 2004 года Беларусь унесла намінацыю «Культавае драўлянае дойлідства Палесся XVII—XVIII стст.» у Папярэдні спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Згодна з артыкулам 96 Кодэкса аб культуры Рэспублікі Беларусь, гісторыка-культурныя каштоўнасці, прапанаваныя для ўключэння ў гэты спіс, аўтаматычна павінны атрымліваць найвышэйшую катэгорыю «0», якая так і тлумачыцца: «гісторыка-культурныя каштоўнасці, уключаныя або прапанаваныя да ўключэння ў спіс сусветнай спадчыны».
Аднак за 22 гады ніводзін з палескіх храмаў яе не атрымаў, застаючыся пад слабай абаронай (звычайна 2‑я катэгорыя). Як паведамляе тэлеграм-канал «Спадчына», актывісты накіравалі афіцыйны зварот у Міністэрства культуры з патрабаваннем выканаць норму заканадаўства, але атрымалі адмову.
У афіцыйным адказе за подпісам намесніка міністра Сяргея Саракача ведамства фактычна распісалася ў адсутнасці намераў нешта змяняць у гэтай сітуацыі.
Чыноўнікі заявілі, што ўключэнне ў Папярэдні спіс ЮНЕСКА з'яўляецца выключна «дэкларацыяй намераў» і «абавязковай тэхнічнай умовай», якая не накладае на дзяржаву ніякіх юрыдычных абавязацельстваў па далейшай распрацоўцы дасье.
Што тычыцца прамога патрабавання артыкула Кодэкса аб культуры, Міністэрства трактуе яго выключна як «класіфікацыйную норму». Паводле логікі ведамства, закон не абавязвае пераглядаць катэгорыю, а толькі дае дзяржаўным органам права гэта зрабіць.
«Далейшая распрацоўка намінацыі і наданне катэгорыі «0» аб'ектам драўлянага дойлідства Палесся застаецца суверэнным правам і добраахвотным планам дзяржавы і не носіць дырэктыўнага характару», — гаворыцца ў афіцыйным адказе Мінкульта.
Адсутнасць належнага ахоўнага статусу прыводзіць да фізічнай страты помнікаў. Драўляныя цэрквы Палесся масава ашалёўваюцца пластыкавым сайдынгам, губляюць аўтэнтычныя гонтавыя дахі і ўвенчваюцца залатымі расійскімі «цыбулінамі» з нітрыду тытану, як гэта адбылося з храмам у Валавелі.
Трагічным прыкладам стаў лёс Свята-Міхайлаўскай царквы ў Сцяпанках Жабінкаўскага раёна, пабудаванай каля 1780 года, якая з'яўлялася адным з яскравых узораў заходнепалескай школы дойлідства з рысамі барока. У ліпені 2025 года з-за парушэнняў пры рамонтна-аднаўленчых работах (кароткае замыканне праз перагрузку электрасеткі) будынак згарэў.
Нягледзячы на наяўнасць дэталёвых абмераў і фотафіксацыі, якія дазваляюць правесці дакладную навуковую рэстаўрацыю, Навукова-метадычная рада пры Міністэрстве культуры прыняла рашэнне аб «немагчымасці аднаўлення». Пастановай ад 6 мая 2026 года ведамства афіцыйна пазбавіла згарэлую царкву ахоўнага статусу, што дазволіла мясцовым уладам расчысціць участак для будаўніцтва новага аб'екта. Спецыялісты адзначаюць, што гэты прэцэдэнт адкрывае шлях да легалізацыі знішчэння гістарычнай забудовы: спаліць помнік становіцца прасцей і танней, чым яго рэстаўраваць.
Рэальнае стаўленне дзяржавы да намінацыі палескага дойлідства яскрава ілюструе афіцыйная старонка аб'екта на сайце Цэнтра сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
У англамоўным апісанні, якое вісіць на сайце ЮНЕСКА з 2004 года, згадваюцца толькі дзве царквы: Святога Мікіты ў Здзітаве і Спаса-Праабражэнская ў Олтушы. Аднак адразу пасля апісання ашалёўкі здзітаўскага храма тэкст літаральна абрываецца на паўслове і без лагічнага пераходу пачынаецца апісанне забудовы праспекта Францішка Скарыны (цяпер Незалежнасці) ў Мінску — яшчэ аднаго прэтэндэнта на высокі міжнародны статус.
І далей у дакуменце пра драўлянае дойлідства Палесся падрабязна расказваецца пра манумент Перамогі, ліхтарныя слупы, урны і Дзяржаўную прэмію архітэктараў Паруснікава і Баданава.
Гэты вынік неакуратнага капіравання тэкстаў з розных намінацый застаецца нявыпраўленым на міжнародным рэсурсе ўжо 22 гады, з'яўляючыся адзінай даступнай свету інфармацыяй пра беларускіх кандыдатаў у спіс Сусветнай спадчыны — і нікому да гэтага няма справы ў Міністэрстве культуры.
Каментары