Іван Краўцоў расказаў, як займеў праблемы пасля трапляння ў брытанскі санкцыйны спіс цёзкі-расіяніна
Былы сакратар Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў на сваёй старонцы ў фэйсбуку расказаў на ўласным прыкладзе, як на практыцы працуюць персанальныя санкцыі.

6 ліпеня Вялікабрытанія ўнесла ў нацыянальны санкцыйны спіс Івана Сяргеевіча Краўцова — начальніка 4‑га навукова-даследчага аддзела Нацыянальнага цэнтра «Сігнал». Гэта маскоўскі інстытут, які Лондан звязвае з распрацоўкамі, звязанымі з «Навічком».
Пры гэтым у брытанскім санкцыйным запісе, акрамя імя, імя па бацьку, прозвішча і пасады, няма ніякіх іншых ідэнтыфікацыйных звестак: ні даты нараджэння, ні грамадзянства, ні нумара пашпарта, ні ІПН і нават напісання імя і прозвішча кірыліцай. Еўрасаюз, дарэчы, падышоў да гэтай справы больш адказна: уключыўшы супрацоўнікаў таго ж «Сігнала» ў свой санкцыйны спіс на тры дні раней, ён пазначыў для кожнага з іх дату і месца нараджэння, грамадзянства, ІПН, напісанне кірыліцай і пасаду.
Беларускі Іван Краўцоў 6 ліпеня, як ён мяркуе, менавіта праз брытанскія санкцыі пачаў атрымліваць паведамленні аб блакаванні сваіх акаўнтаў. Абмежаванні закранулі ўсе яго сэрвісы, дзе ёсць білінг: Google, Wise, банкаўскія рахункі і іншыя. Пры гэтым OpenAI і Anthropic яго не заблакавалі.
Сэрвісы запатрабавалі ад Краўцова ўдакладніць імя па бацьку. Іван адказаў, што ён Яўгенавіч, і гэтага аказалася дастаткова для разблакавання. Прытым некаторыя кампаніі аднавілі доступ проста пасля адказу на ліст і нават не папрасілі пацвярджальных дакументаў.
Пазней Краўцоў сутыкнуўся з падобнай праблемай пры адпраўцы плацяжу па SWIFT на некалькі тысяч еўра за межы ЕС. Банку-карэспандэнту спатрэбілася 17 дзён, каб аўтарызаваць перавод.
Ён звяртае ўвагу на тое, што прозвішча Краўцоў даволі распаўсюджанае ў Беларусі, Расіі і Украіне, а імя Іван уваходзіць у лік самых частых мужчынскіх імёнаў. Таму, на яго думку, людзей з імем і прозвішчам Іван Краўцоў могуць быць тысячы. Недастаткова дакладны санкцыйны запіс, такім чынам, можа прыводзіць да таго, што праблемы з доступам да рахункаў і сэрвісаў узнікаюць у іншых людзей з такімі ж імем і прозвішчам.
Прытым праблемы могуць вылазіць у самых нечаканых месцах. Па словах Івана Краўцова, нядаўна аналагічны запыт ён атрымаў і ад аўтобуснага перавозчыка LuxExpress, які не захацеў прадаваць яму білет без удакладнення імя па бацьку.
Іван Краўцоў расказаў, дзе цяпер працуе
Краўцоў расчараваны, што беларусы забылі Калеснікаву. «А яна становіцца ледзь не тварам №1»
«Насамрэч каманда не заўсёды была сканцэнтравана на Бабарыку. Не ўсё сышлося на ім». Краўцоў выпісвае Бабарыку з «бабарыканцаў»?
Краўцоў: Я б не сказаў, што Бабарыка добра разумее палітычны кантэкст. А ўдзел у канферэнцыі «Новая Беларусь» — слабы ход
Іван Краўцоў склаў абавязкі сакратара Каардынацыйнай рады. Цяпер будзе дэлегатам
Каментары