Швейцарскія ледавікі пакрылі воўнай. Вынік перасягнуў чаканні
Швейцарскія ледавікі імкліва растаюць, і навукоўцы шукаюць новыя спосабы іх абараніць. Група маладых даследчыкаў прапанавала выкарыстаць воўну, якой у краіне хапае з лішкам.

Швейцарскія ледавікі імкліва губляюць лёд, а асабліва цяжкім для іх стала сёлетняе спякотнае лета. Снег, які абараняе лёд ад сонца, сышоў на некалькі тыдняў раней за звычайнае. Цалкам спыніць раставанне немагчыма, але найбольш важныя ўчасткі ледавікоў спрабуюць абараняць. Для гэтага летам іх накрываюць спецыяльнымі сінтэтычнымі палотнамі. Яны адбіваюць сонечнае святло, таму лёд менш награваецца і павольней растае.
Метад працуе, але стварае іншую праблему. Такія палотны пад уздзеяннем сонца, ветру і іншых умоў могуць выдзяляць мікрапластык, які забруджвае навакольнае асяроддзе.
Як паведамляе Reuters, ідэю выкарыстаць для абароны ледавікоў натуральны матэрыял прапанавалі чацвёра магістрантаў Лазанскага ўніверсітэта. У якасці альтэрнатывы сінтэтыцы яны прапанавалі воўну — натуральны біяраскладальны матэрыял, да 70% якога ў краіне ідзе на сметнік. Так з'явіўся праект Keep It Wool, які рэалізуюць разам з экалагічнай арганізацыяй Summit Foundation.
У чэрвені на ледавіку Цанфлерун (фр. Glacier de Tsanfleuron) у заходняй Швейцарыі 200 квадратных метраў лёду накрылі двума прататыпамі ваўнянага пакрыцця, вырабленымі мясцовай кампаніяй. Побач паклалі звычайнае сінтэтычнае пакрыццё, каб параўнаць іх эфектыўнасць. На працягу лета даследчыкі кожныя два тыдні вымяралі раставанне лёду пад абодвума пакрыццямі.
Першыя вынікі перавысілілі чаканні. Ваўнянае палатно запавольвала раставанне ледавіка гэтак жа эфектыўна, як традыцыйнае сінтэтычнае. Пры гэтым натуральны матэрыял аказаўся больш трывалым, чым чакалі ўдзельнікі эксперыменту.
Аднак аўтары праекта падкрэсліваюць, што ваўняныя пакрыцці не вырашаць праблему раставання ледавікоў. Цяпер рознымі ахоўнымі палотнамі накрыта толькі каля 0,02% паверхні ледавікоў Швейцарыі.
Такія пакрыцці могуць дапамагчы захаваць асобныя ўчасткі лёду, але не спыніць агульнае раставанне ледавікоў. Навукоўцы падкрэсліваюць, што ў доўгатэрміновай перспектыве галоўным спосабам запаволіць гэты працэс застаецца скарачэнне выкідаў парніковых газаў.
Каментары