Спорт

Завяршыла кар’еру і працавала ў «Жабцы». Гісторыя беларускай лучніцы, якая ўзяла ўсе залатыя медалі на чэмпіянаце Польшчы

Карына Казлоўская выйграла сем залатых медалёў з сямі магчымых на чэмпіянаце Польшчы па стральбе з лука. Але да гэтага былі цяжкая эміграцыя, канфлікт з кіраўніком клуба, суд і амаль два гады без трэніровак. Пра тое, як яна вярнулася ў спорт, беларуска расказала «Радыё Свабода».

Карына Казлоўская. Фота: Inpost

Лучніца з Беларусі Карына Казлоўская стала першай спартоўкай у гісторыі Польшчы, якая выйграла сем з сямі залатых мэдалёў на чэмпіянаце краіны. На фота ў навінах — усмешлівая дзяўчына ў панамцы, абвешаная мэдалямі. Перад гэтай гучнай перамогай Карына патаемна з'ехала з Беларусі, ледзь не завяршыла спартовую кар’еру, перажыла дэпрэсію, суд супраць трэнэра і амаль два гады без трэнаванняў.

Карыне 26, яна паходзіць з Менску. У лучніцтве з 12 гадоў, майстар спорту міжнароднага ўзроўню. У 2019 годзе выграла золата на Гран-пры Эўропы. У 2021 выступала за Беларусь на Алімпійскіх гульнях у Токіё, дзе зборная заняла чацвёртае месца. Казлоўская падпісала ліст спартоўцаў супраць гвалту. У 2022 годзе з'ехала з Беларусі ў Польшчу. Цяпер трэнуецца ў клубе гораду Жывец на поўдні Польшчы, выступае як польская спартоўка.

Гарой адно за аднаго

«Калі я страляла, была моцная навальніца, пачалася залева. І я чула, як уся каманда стаіць ззаду пад парасонамі, і ўсе перажываюць, заўзеюць. Было вельмі здорава», — расказвае Карына пра атмасфэру на апошніх спаборніцтвах.

Чэмпіянат Польшчы ў стральбе праходзіў сёлета ў пачатку верасня ў Беластоку. Карына Казлоўская выступала за польскі клюб «Лучнік-Жывец». І выйграла ўва ўсіх дысцыплінах. Гэта была стральба на дыстанцыі 70, 60, 50 і 30 мэтраў (так званыя «малыя мэдалі», за якія не даюць тытул чэмпіёна Польшчы), а таксама стральба ў жаночай камандзе, у змяшанай камандзе і ў асабістым заліку сваёй узроставай катэгорыі (гэта тры важнейшыя мэдалі). Некаторыя залатыя мэдалі былі індывідуальнымі, а некаторыя — каманднымі. Яшчэ адзін хлопец з клубу Карыны Матэуш Мэнджак таксама ўзяў усе тры «вялікія» залатыя мэдалі.

«Я вельмі доўга рыхтавалася да гэтага. Мне вельмі моцна дапамог трэнэр зборнай Сяргей Васілевіч Антонаў з Украіны — у рыхтаванні, у тэхніцы. Таксама рэч была ў тым, як я рыхтавалася сама, як працавала з спэцыялістамі ў спартовай псіхалогіі», — дзеліцца Карына тым, як ёй удалося забраць усё золата.

Такая яскравая перамога не была для дзяўчыны чымсьці відавочным, хоць перад гэтым яна выйграла яшчэ і фінал Кубку Польшчы. У канцы чэмпіянату сярод удзельнікаў ішла цяжкая барацьба за перамогу.

«Стральба з лука — такі спорт, што можна прайграць у першай дуэлі — у 1/16 або 1/32, і на гэтым спаборніцтвы заканчваюцца. Бывае, самы слабы праціўнік збіраецца і пачынае страляць лепш за цябе. Невядома, як пойдзе, як мы здолеем сабрацца з дзяўчатамі, каб добра страляць. У нас была моцная каманда. Але, бывае, адзін чалавек не збярэцца — і ўсё», — тлумачыць нюансы спорту суразмоўца.

Лучніца заўважае, што вельмі важна, як паплечнікі падтрымліваюць адно аднаго. Ёй пашчасціла з добрымі камандамі і ў Беларусі, і ў Польшчы.

«У нас паехала група людзей, якія гарой адно за аднаго стаялі. Калі камусьці нешта не ўдавалася, то ўся каманда прыходзіла і ўсе падтрымлівалі. Гэта быў нібы не індывідуальны спорт, а камандны, як у валейболе ці баскетболе», — расказвае суразмоўца пра апошні чэмпіянат.

У канцы чэмпіянату адбываецца традыцыйная «стральба па курах», працягвае лучніца. Усіх прызёраў чэмпіянату дапускаюць пастраляць па малюнку з выявай пеўня. У гэты час яны могуць мяняцца лукамі, бавіцца, смяяцца. І выглядае гэта хутчэй як забава, а не спаборніцтва.

Два гады без трэнаванняў

Апошні год Карына рыхтавалася да спаборніцтваў, але папярэднія два гады ў яе фактычна выпалі з спартовага жыцця. Яна ўжо нават завяршала спартовую кар’еру ў 2023 годзе. Аднак летась дзяўчына пастанавіла выступіць на іншым чэмпіянаце Польшчы — у стральбе ў памяшканні — і нечакана выйграла золата. Пасля гэтага яна зноў вярнулася ў актыўны спорт.

«Тады была цяжкая сітуацыя, звязаная з клубам, з тым, што я не хацела страляць з лука, трэнавацца. Мне не ішло», — успамінае суразмоўца.

Карына Казлоўская. Фота: Inpost

У 2022 годзе ў Карыны пачаўся канфлікт з Янам Ляхам, старшынём клубу «Лучнік», у якім яна дагэтуль трэнуецца. Беларуска называе гэта разыходжаннем інтарэсаў. Кажа, што ёй было складана страляць, бо старшыня звычайна быў незадаволены вынікамі. Таксама ён падкрэсліваў няпольскае паходжанне Карыны, як і іншых прыезджых удзельнікаў клубу. Пазней, калі ў Казлоўскай з'явіўся спартовы спонсар, то старшыня хацеў браць з яе за трэбаванне ў клубе большыя складкі, чым з іншых.

Казлоўская тады ўзяла бюлетэнь па хваробе, а потым своечасова не вярнулася на трэбаванні. Яна мусіла атрымаць дазвол працягваць спартовыя заняткі ад лякарні, але для гэтага ёй быў патрэбны ад трэнера ліст, які той не хацеў даваць, расказвае Карына. Калі яна ўрэшце вырашыла звольніцца з клубу, трэнер яе звольніў за парушэнні дысцыпліны, а не па згодзе бакоў. Ян Лях раней сказаў у каментары выданню «Трыбуна», што ён звольніў Казлоўскую на дысцыплінарнай падставе, бо яна не выйшла своечасова на працу.

«Ён звольніў мяне за прагулы, якіх насамрэч не было», — каментуе суразмоўца.

Казлоўская звярнулася ў суд, каб абскардзіць падставу свайго звальнення і перакваліфікаваць артыкул. Суд разглядаў справу каля году і ўрэшце стаў на ейны бок.

Карына дзеліцца ўспамінам пра тое, што агулам падчас эміграцыі ў яе быў моцны стрэс, хоць яна спадзявалася, што адаптацыя пройдзе лягчэй. Калі пастанавіла завяршыць кар’еру, то пачувалася слаба, шмат часу ляжала ў ложку, не займалася фізічнай актыўнасцю. Выбірацца было цяжка. Кажа, што яе моцна падтрымліваў ейны хлопец, таксама лучнік, які трэнуе дзяцей у іхным клубе.

«Усё трэба было рабіць вельмі паступова. Я выходзіла на шпацыры. Сёння прайду 5 кіламетраў, потым больш. З сабакам шмат гуляла. Потым пайшла на звычайную працу. Гэта дапамагло мне «перазагрузіцца». Трэба з сабой размаўляць у такія моманты — што ўсё будзе добра», — расказвае Карына.

Леташняя перамога на чэмпіянаце стала для Казлоўскай крокам да вяртання ў спорт. Яна не ставіла сабе адразу высокіх планак і рыхтавалася да пільнай працы. А праз год паказала вынікі, якіх у польскіх спартоўцаў яшчэ не было.

«Было такое захапленне, што я магу, што я вяртаюся да таго, як я раней страляла. Гэта ўпэўненасць у сабе. Дагэтуль у мяне былі цяжкія гады, калі на спаборніцтвах рэдка бывалі добрыя вынікі. Пасля доўгага перапынку я змагла адчуць перамогу, адчуць, што я малайчына, што я дала рады, што я зрабіла вялікую працу», — прызнаецца яна.

Спартовая сям’я

Карына мяркуе, што прыродны талент да стральбы яна мае. Калі прыйшла ў спорт, яе вынікі хутка паляпшаліся. Важнай яна лічыць працу трэнера, які заўважыў ейны талент. Да таго ж, як яна мяркуе, узровень падрыхтоўкі ў Беларусі ў гэтым відзе спорту крыху вышэйшы, чым у Польшчы. У свае 16 гадоў Карына стала майстрам спорту ў стральбе, а ў 19 — майстрам спорту міжнароднай класы.

«Да звання заслужанага ў мяне справа не дайшла, але нічога страшнага», — усміхаецца спартоўка.

Карына ўспамінае, што ў лучніцтва яна трапіла амаль выпадкова. З дзяцінства маці вадзіла яе ў розныя спартовыя гурткі: гімнастыку, плаванне, тхэквандо. У іхнай сям’і было шмат спартоўцаў: дзядуля займаўся лёгкай атлетыкай, прабабуля бегала, прадзед гуляў у футбол, маці гуляла ў гандбол і валейбол.

«Мой дзядуля лічыў, што ў мяне вялікі талент у спорце і характар, і трэба яго выкарыстоўваць, трэба мяне аддаць на нейкі спорт, каб мне спадабалася — і «100%, што ў яе пойдзе»», — успамінае дзяўчына.

Але маленькай Карыне нічога не падабалася, нідзе яна доўга не затрымлівалася. Урэшце маці сказала, каб дзяўчо само сабе знайшло нейкі занятак. Так Карына вырашыла схадзіць на трэнаванне з аднакласніцай, што займалася стральбой.

«Можна мне паспрабаваць пастраляць? Бо гучыць прыкольна», — успамінае яна пачатак заняткаў. — Мая трэнерка была вельмі строгая, сур’ёзная жанчына, дзеці яе баяліся. Першыя спаборніцтвы памятаю: неяк мне не ішло. Не было так, што ўзяла лук у рукі — і паляцелі дзясяткі. Вельмі паступова. Я страляла, страляла і падумала: цікава, трэба застацца».

Цяпер стральба з луку прыдаецца дзяўчыне і ў іншых сферах жыцця. Гэты спорт вучыць яе канцэнтравацца, адключацца ад навакольнага свету. Гэта дапамагае Карыне ў вучобе. Таксама трэнаванні развіваюць у яе трываласць, пасля іх яна лепш пачуваецца.

«Хачу пазмагацца за гэтую краіну»

Цяпер Карына будзе вучыцца ў магістратуры на спецыяльнасці «кіраванне» ў горадзе Бельска-Бяла. Гэта за 20 кіламетраў ад гарадку Жывец, дзе дзяўчына жыве і трэнуецца. Некалькі дзён на тыдзень у яе вольныя ад вучобы. Тады лучніца мае па два трэнаванні ў стральбе і дадаткова ідзе ў басейн або мацоўню. У вольны час любіць хадзіць з сям’ёй у горы, бо яны побач. Кажа, што вельмі любіць збіраць канструктары Lego, але на паліцах для іх ужо няма месца.

Перад гэтым Карына скончыла ў Польшчы ўніверсітэт у кірунку «ангельская філалогія», спецыялізавалася ў перакладзе на польскую мову, хоць пры пераездзе ў Польшчу ведала па-польску толькі «вітаю», «бывай», «як маешся?». На радзіме адвучылася ў будаўніча-архітэктурным каледжы, але не паспела скончыць універсітэт фізічнай культуры.

Карына Казлоўская. Фота: Inpost

Карына адзначае, што зарабляць на стральбе з лука ў Польшчы складана. Чальцы польскай зборнай не маюць пастаянных выплатаў. Ім можа плаціць заробак клуб, у якім яны трэнуюцца. Яны могуць зарабляць грошы як трэнеры. Многія спартоўцы занятыя на іншых працах, а на спаборніцтвы ездзяць у свой адпачынак.

Сёлета на чэмпіянаце Польшчы за свае перамогі Казлоўская атрымала каля 1100 еўра. Але 10% ад гэтай сумы трэба было аддаць на падаткі. За фінал Кубку Польшчы спартоўка атрымала каля 550 еўра, з якіх таксама адлічылі падаткі.

У першы час Карыне плаціў заробак ейны клуб. Таксама ён аплачваў дзяўчыне здымную кватэру. Аднак пасля канфлікту з трэнерам яна больш не атрымлівае ні заробку, ні грошай на арэнду. Каб сябе ўтрымліваць, раней Карына працавала барыстай у кавярнях, у рэстарацыі, у сетцы невялікіх крамаў-кавярняў «Жабка».

Пасля леташняй перамогі ў чэмпіянаце Казлоўскай прапанавала супрацу буйная польская кампанія Inpost, якая займаецца дастаўкамі пасылак. Карына кажа, што не можа выдаваць дэталяў гэтай супрацы. Але дзякуючы ёй дзяўчыне хапае сродкаў на жыццё і яна можа больш засяродзіцца на спорце. Падчас нашай размовы на ёй майка з лагатыпам гэтай кампаніі.

Карына Казлоўская з Рафалам Бжоскам, заснавальнікам польскай кампаніі Inpost

Карына плануе будучыню ў Польшчы. Хацела б пераехаць у буйнейшы польскі горад. Кажа, што ёй падабаецца гэтая краіна, для яе гэта другі дом. Яна ўжо атрымала польскае грамадзянства. Карына з дзяцінства ведала, што яна напалову полька, бо частка ейных продкаў былі палякамі. Цяпер лічыць сябе ўжо больш польскай спартоўкай.

«Я разумею, што дарога ў Беларусь для мяне даўно закрытая. Мне тут (у Польшчы. — РС) вельмі падабаецца. Я разумею, што тут маё месца ў свеце. Хачу паспрабаваць пазмагацца за гэтую краіну, і на міжнародных спаборніцтвах, і на польскіх. Па лініі мамы ў мяне ўсе палякі былі, акрамя бабулі. Таму я лічу, што сям’я проста вярнулася на сваё месца», — кажа Карына пра іхную эміграцыю.

Каментары

Цяпер чытаюць

Люксавы мінскі рэстаран Veras i Kolas, у якім працуюць зорныя шэф-кухары Навіцкі і Чарыеў, круціць рызыкоўныя аперацыі8

Люксавы мінскі рэстаран Veras i Kolas, у якім працуюць зорныя шэф-кухары Навіцкі і Чарыеў, круціць рызыкоўныя аперацыі

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома, якой краіне перадаваў інфармацыю былы кіраўнік нямецкай разведкі6

Узброеныя людзі ў масках сілком гналі мігрантаў з Беларусі ў Латвію, перасеклі мяжу і скралі камеры23

Вядучы трэйдар папярэдзіў пра рызыку росту цэн на нафту да $200 за бараль праз недахоп рэзерваў і танкераў

У Гродзенскі драмтэатр прыйшла маладая актрыса з Расіі. У тэатра кадравыя праблемы4

Каля Сочы шугануў пажар на судне ВІДЭА2

«Рука цягнецца да кішэні, а тэлефона там няма». Як палітвязні выпадаюць з лічбавага свету, а потым наноў прывыкаюць да яго

Каля ўзбярэжжа Балгарыі дроны атакавалі два гандлёвыя судны, адно затанула1

У Буда-Кашалёўскім раёне ў кастрычніку цвітуць сланечнікі. Прытым так і было задумана

QR-код у аўтобусе не працаваў, а кандуктарка выгнала пасажыраў, якія не мелі наяўных. Ці мае яна рацыю?4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Люксавы мінскі рэстаран Veras i Kolas, у якім працуюць зорныя шэф-кухары Навіцкі і Чарыеў, круціць рызыкоўныя аперацыі8

Люксавы мінскі рэстаран Veras i Kolas, у якім працуюць зорныя шэф-кухары Навіцкі і Чарыеў, круціць рызыкоўныя аперацыі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць