Ветэран беларускага руху цешыцца, што ЗША пачалі перамовы з Лукашэнкам: «Рэжым не вечны, народ вечны».

Лідар руху «Вольная Беларусь», старшыня партыі КХП-БНФ Зянон Пазняк на «Белсаце» расказаў, што бачыць дзве прычыны вызвалення ўсяго 25 палітвязняў, калі чакалася вызваленне 200 ці больш.
Пазняк назваў добрай навіной тое, што пастаўкі беларускага калію пайшлі ў Злучаныя Штаты, але кепскай навіной — тое, што яны пайшлі праз расейскі порт, бо гэта дорага і гэта «пэўная залежнасць ад Расеі». Прычынай гэтага ён назваў супраціў ЕС:
«ЕС праводзіць сваю палітыку, абапіраючыся на непрыняцце асабіста Лукашэнкі, рэжыму Лукашэнкі, — сказаў Пазняк. — А фактычна гэта палітыка антыбеларуская. Таму што ў Беларусі галоўнае не Лукашэнка, а галоўнае — народ, галоўнае — дзяржава».
Літва, лічыць ён, «поўнасцю пад уплывам Бруселю», а з Латвіяй «былі праблемы», ды праз «ціск Бруселю» ўдалося пераканаць Латвію не пускаць беларускі калій. Гэта, на думку Пазняка, «антыбеларуская палітыка», якая «супярэчыць міжнароднаму заканадаўству».
Пастаўкі калію Штатам не паспрыяюць «адрыванню» Беларусі ад Расеі, канстатаваў Пазняк. Але ён лічыць добрым сам факт таго, што ЗША пайшлі на гандаль з Беларуссю. Кажа, выступае за такое, бо гэта дасць вызваліць палітвязняў і ліквідаваць санкцыі, якія «б'юць па народзе, не па Лукашэнку».
З каліем ён звязвае тое, што пасля апошніх перамоваў спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам вызвалілі толькі 25 палітвязняў. Ён назваў дзве прычыны.
Першая, на думку Пазняка, у тым, што «за некалькі месяцаў да прыезду Коўла ішла вялікая кампанія ў друку, псеўдадруку, выступалі розныя блогеры там, эксперты, і гаварылі, як трыумфальна Коўл заваёўвае магчымасці, што гэта будуць вызваленыя ўсе, што Лукашэнка нічога не вырашае, а вот вырашае Коўл». Лукашэнка ж, лічыць Пазняк, на такое пакрыўдзіўся і вырашыў «паказаць, хто ў доме гаспадар».
Другая прычына, кажа Пазняк, у тым, што чакаліся пастаўкі калію праз балтыйскія парты: «Коўл намякаў на гэта, яны спадзяваліся». Зладзіць гэтыя пастаўкі, лічыць ён, не ўдалося, бо «Еўропа зараз праводзіць антыамерыканскую палітыку ў пэўных аспектах.
Перамовы ЗША з Лукашэнкам Пазняк вітае, бо «вельмі важна, каб Беларусь заставалася незалежнай дзяржавай».
А палітыку Літвы і Латвіі ён называе «шкоднай для іхных нацыянальных інтарэсаў», бо «незалежнасць Літвы і Латвіі залежыць ад незалежнай Беларусі».
Палітыку Польшчы, якая бачыць «невялікае пацяпленне» з Лукашэнкам, Пазняк хваліць: гэтая палітыка не толькі ў перамовах з Лукашэнкам, але і ў падтрымцы «Белсату», у працы Польскага радыё на беларускай мове. Перамовы Польшчы з Беларуссю, уяўляе Пазняк, могуць быць працягнутыя, пераведзеныя на тэмы аднаўлення транспартных сувязяў, у тым ліку чыгункі і авіяцыі; развіцця памежнага гандлю — і ўрэшце «вяртання да нармальных адносінаў».
«Гэта не прывядзе да таго, як было раней, таму што сітуацыя зараз вельмі небяспечная, — спрагназаваў Пазняк. — Яна не прывядзе да той лібералізацыі, да спынення рэпрэсіяў, але крок за крокам яна можа становішча палепшыць».
«Я маю звесткі. Лічу, што недакладныя. Да 2032 года ўкладзеныя спісы, кожны дзень будуць арыштоўваць, — распавёў сярод іншага Пазняк. — Да 32‑га года губазікі і міліцыя забяспечаныя работай, будуць хапаць людзей».
Таму ён лічыць, што перамовы даюць перспектывы зменаў, калі палітыка будзе паслядоўнай.
Беларусаў у Польшчы, якія баяцца, што «пацяпленне» з Лукашэнкам пойдзе за іхны кошт, Пазняк лічыць нецярплівымі. Ён патлумачыў: «Гэта працэс, і няможна пераскакваць праз пэўныя этапы».
На ягоную думку, першы крок — вызваленне Андрэя Пачобута. Другі крок — сустрэча міністраў замежных справаў. Затым — наступныя крокі. Магчыма, дазвол некаторым беларусам вярнуцца на радзіму або дазвол афармляць дакументы за мяжой.
Пазняк падкрэсліў: рэпрэсіі трываюць, але «гэта сёння так, а заўтра будзе інакш» пры ўмове, што будуць трываць перамовы. Калі не было перамоваў, не было і зрухаў.
Цяпер чытаюць
«Стрэльба калі і стрэліць, то наўрад ці кулямётнай чаргой». Максім Знак ацаніў рэальнасць пагроз беларускай прапаганды пазбавіць грамадзянства палітэмігрантаў
Каментары