У сэрвісе для зваротаў у дзяржаўныя органы адбыўся выцек даных. Папаліліся і вядомыя прапагандысткі
Персанальныя даныя беларусаў, зарэгістраваных у сэрвісе «Обращения.бел» для электроннага ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі, сталі даступныя праз папулярны тэлеграм-бот «Шэрлак», які выкарыстоўваюць для пошуку асабістай інфармацыі. Пра выцек паведаміла выданне «Люстэрка». Афіцыйных паведамленняў пра інцыдэнт не было.

У базе бота з’явіліся звесткі, пазначаныя як даныя карыстальнікаў «Обращения.бел». Праверка паказала, што праз сэрвіс можна знайсці сапраўдныя звароты грамадзян у дзяржаўныя органы.
Сярод даных, якія трапілі ў чужыя рукі, — прозвішчы, імёны і імёны па бацьку, нумары тэлефонаў, адрасы электроннай пошты, а ў некаторых выпадках ідэнтыфікацыйныя нумары, а таксама тэксты зваротаў. Датаў падачы зваротаў і далучаных да іх дакументаў у базе няма. Выданне не змагло вызначыць, колькі чалавек пацярпелі ад выцеку.
У базе знайшліся, у прыватнасці, звесткі пра Сяргея Белікава, дырэктара дзяржаўнай кампаніі «Цэнтр лічбавага развіцця», якая распрацавала «Обращения.бел». Захаваўся ягоны зварот з адным словам — «Праверка». Магчыма, ён быў адным з першых карыстальнікаў платформы і тэставаў яе працу.

Таксама ў базу трапілі звароты супрацоўніцы дзяржаўнай газеты «СБ» Людмілы Гладкай. У адным з іх яна дзякавала медыкам за аказаную дапамогу, а ў другім патрабавала абвяржэння артыкула раённага выдання.

Прарасійская актывістка Вольга Бондарава, паводле звестак з уцечкі, скардзілася на «дзеянні групы асобаў», якія, як сцвярджалася ў звароце, дыскрымінавалі яе, публікавалі хлуслівую інфармацыю, што шкодзіць яе рэпутацыі, і аказвалі на яе публічны псіхалагічны ціск.

У сэрвісе «Обращения.бел» зарэгістраваныя больш за 413 тысяч фізічных асобаў, а таксама каля 19 тысяч дзяржаўных органаў і арганізацый. З 2023 года электронныя звароты ў дзяржаўныя ўстановы прымаюцца толькі праз гэту платформу. Яе распрацоўшчык — «Цэнтр лічбавага развіцця», які падпарадкоўваецца Міністэрству сувязі.
Паводле дзейных правіл, у выпадку выцеку персанальных даных аператар сістэмы абавязаны паведаміць пра гэта ў Нацыянальны цэнтр абароны персанальных даных. Цэнтр публікуе інфармацыю пра найбольш маштабныя інцыдэнты. Сёлета, напрыклад, паведамлялася пра выпадкі, калі староннія асобы атрымалі доступ да даных беларускіх кліентаў кампаній «ДоДо Піца», «Джэнэрал лізінг» і «Максбет-М».
Аднак пра выцек з «Обращения.бел» афіцыйнай інфармацыі не з’явілася. На думку «Люстэрка», гэта можа азначаць, што адміністратары сэрвісу яшчэ не ведаюць пра інцыдэнт або што на нейкім этапе было прынята рашэнне не паведамляць пра яго.
Калі чалавек лічыць, што ягоныя правы ў сферы абароны персанальных даных парушаныя, ён можа падаць скаргу ў Нацыянальны цэнтр абароны персанальных даных.
Цяпер чытаюць
«Чаму мы павінны неяк ушчэмліваць сябе?». Дырэктарка РТБД патлумачыла, чаму паставіла спектакль паводле Пушкіна ў адным з апошніх тэатраў краіны, які працаваў па-беларуску
Каментары