Чангарскі мост разбураны — важны лагістычны маршрут расійскіх войскаў атрымаў новыя пашкоджанні
Чангарскі аўтамабільны мост, які злучае анексаваны Крым з акупаванай часткай Херсонскай вобласці праз Чангарскі праліў, атрымаў новыя маштабныя пашкоджанні. Пра гэта сведчаць спадарожнікавыя здымкі, а таксама каментары тых, каму давялося ехаць па пантоннай пераправе, піша Astra.

На вераснёўскім відэа відаць, што мост амаль разбураны, а аўтар роліка едзе за іншымі аўтамабілямі па часовай пераправе.
У кастрычніку з'явіліся звесткі, што як мінімум адзін пралёт Чангарскага моста абрынуўся — гэта відаць нават на спадарожнікавых здымках.
Good morning Vietnam
Chongar bridge https://t.co/ZqfHyaZPdx
Dnipro Osint паведаміў, што мост як ключавы сухапутны пераход неаднаразова атакавалі Сілы абароны Украіны.
«На 26 верасня на мосце і пераправе побач фіксаваліся прынамсі тры вялікія прабоіны ў палатне моста і пераправы. Гэта істотна ўскладніла рух і прывяло да затору лагістычнага транспарту, у тым ліку вайсковага. На здымку за 30 верасня ўжо відаць, што пралёт моста абрынуўся», — гаворыцца ў паведамленні.
У чатах, дзе абмяркоўваюць дарогу ў анексаваны Крым, кіроўцы сцвярджаюць, што абрынуліся два пралёты моста, таму транспарт накіроўвалі па пераправе з рэверсіўным рухам. Яшчэ адзін кіроўца паведаміў, што ў адзін з дзён усіх накіроўвалі ў аб'езд па старой дарозе.
Акрамя праблем з Чангарскім мостам, ахвотныя трапіць у анексаваны Крым або выехаць з паўвострава паведамлялі, што па дарозе амаль няма працуючых заправак, а на тых, што працуюць, дызельнае паліва каштуе 130—140 рублёў, бензін — 160—200 рублёў.
Акрамя таго, траса знаходзіцца пад пастаяннымі атакамі дронаў, якія цэляць па грузавых аўтамабілях. У паведамленні ад 4 кастрычніка адзін з кіроўцаў расказаў, што яму разам з пасажырамі давялося выскокваць з машыны, калі мабільныя агнявыя групы збівалі БПЛА. Паводле яго, ён сам бачыў, як «падбілі дзве фуры». Яшчэ адзін кіроўца паведаміў, што бачыў шэсць згарэлых фур, і папярэдзіў, што «сітуацыя пастаянна мяняецца».
У чэрвені Генштаб Узброеных сіл Украіны паведамляў пра паражэнне трох чыгуначных мастоў на акупаваных тэрыторыях. Згадваліся чыгуначны мост праз Паўночнакрымскі канал у раёне Раздольнага, чыгуначны мост у раёне вёскі Петэрсгаген (былая Кутузаўка) Запарожскай вобласці, а таксама чыгуначны мост праз Сіваш у Чангары. Першы асобны штурмавы полк УСУ таксама паведамляў пра паражэнне пантоннага моста ў Чангары.
Каментары