Літаратура22

Па-беларуску выйшла кніга «Дух надзеі» пра тое, як дзейнічаць, калі будучыня палохае, і як супрацьдзейнічаць страху

На рускай мове кнігі вядомага карэйска-нямецкага філосафа Бён-Чхоль Хана яшчэ няма.

Як захаваць здольнасць думаць, дзейнічаць і ўяўляць лепшую будучыню, калі страх становіцца часткай паўсядзённасці? Гэтаму прысвечаная першая перакладзеная на беларускую мову кніга карэйска-нямецкага філосафа Бён-Чхоль Хана. Для перакладчыцы Аляксандры Логвінавай яе з’яўленне — вынік двух гадоў працы і адказ на пытанне, асабліва важнае для беларускай супольнасці.

Выдавецтва «Логвінаў» выпусціла кнігу «Дух надзеі: супраць грамадства страху». З нямецкай яе пераклала Аляксандра Логвінава, рэдактаркай стала філосафка Таццяна Шчытцова.

Логвінава расказала ў Facebook, што кніга дапамагла ёй сфармуляваць уласныя здагадкі і адчуванні. Менавіта таму захацелася зрабіць яе даступнай па-беларуску.

«Два гады ад гэтай задумы да кнігі, якую цяпер можна (і вельмі прыемна) трымаць у руках!» — напісала перакладчыца.

З Ханам яна пазнаёмілася выпадкова: шукала чытанне на адпачынак і знайшла ў кнігарні ягоны «Крызіс апавядальнасці». Пра папулярнасць аўтара тады не ведала. Цяпер радуецца гэтаму: гучныя характарыстыкі маглі перашкодзіць спакойна прачытаць і ацаніць яго тэксты.

Хан піша пра тое, як лічбавыя тэхналогіі і культ прадуктыўнасці ўплываюць на чалавечае жыццё, сувязі і адчуванне сэнсу. Але, паводле Логвінавай, яго адрознівае і форма: кароткія эсэ, афарыстычныя сказы, сканцэнтраваныя думкі замест грувасткай тэрміналогіі.

«Дык навошта чытаць гэту кнігу? Бо ў цяперашнім клімаце вельмі складана ўявіць сабе магчымасць зменаў, і наогул, навошта ўвогуле яшчэ пра нешта клапаціцца. І калі свет выглядае так, быццам нічога добрага нас не чакае, надзея пачынае здавацца ці то наіўнасцю, ці то раскошай, якую мы не можам сабе дазволіць. «Дух надзеі» — добрае проціяддзе ад такога мыслення. Хан не заклікае глядзець на свет праз ружовыя акуляры і не абяцае, што ўсё будзе добра. Наадварот, ён прапануе паразважаць, чаму надзея — гэта ўмова таго, каб не змірыцца з цяперашнім станам рэчаў і захаваць магчымасць дзейнічаць», — піша Логвінава.

Для беларускіх чытачоў гэтая кніга можа быць асабліва блізкай. Страх і нявызначанасць ускладняюць не толькі планы на будучыню, але і саму веру ў магчымасць зменаў. Гэта размова пра тое, як людзі могуць уяўляць і ствараць будучыню разам.

Беларускую перспектыву развівае пасляслоўе Таццяны Шчытцовай. Логвінава асобна раіць звярнуць на яго ўвагу: філосафка разглядае Хана найперш з беларускага пункту гледжання.

Ёсць і яшчэ адна адметнасць: паводле перакладчыцы, кніга пакуль не выйшла па-руску.

«Так што гэтым разам беларуская версія не прыйшла ўслед за расійскай, як гэта звычайна бывае, а сама апынулася наперадзе. І, пагадзіцеся, гэта прыемна», — адзначыла яна.

На сайце «Логвінава» кніга каштуе 8 еўра.

Каментары2

  • Чытачы вiншуюць!
    14.10.2026
    Наканец адвязалiся ад "великого и могучего". Трэба i надалей выдаваць кнiгi, не перакладзеныя на расiйскую.
  • забыліся?
    14.10.2026
    Уныніе- смяротны грэх.

Цяпер чытаюць

У Эстоніі арыштаваны Алег Маісееў, кажуць яго знаёмыя. Гэта былы кіроўца Ціханоўскай, які з часам стаў яе зацятым крытыкам23

У Эстоніі арыштаваны Алег Маісееў, кажуць яго знаёмыя. Гэта былы кіроўца Ціханоўскай, які з часам стаў яе зацятым крытыкам

Усе навіны →
Усе навіны

Рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Манцэвіч: Мне часам хочацца апынуцца за кратамі… На дзень, ну, гадзінку!

МЗС Беларусі назваў план НАТА на выпадак расійскага нападу падрыхтоўкай да агрэсіі11

«Белую крэпасць» у двары ЖК «Аркадзія» знясуць. Гаспадар распавёў, чым скончылася яго барацьба3

Новая прэс-сакратарка Трампа правяла першы брыфінг — і ў Белым доме ўжо сумняваюцца, ці доўга яна пратрымаецца10

Знакамітыя салігорскія тэрыконы могуць знікнуць1

Пад Харкавам уцяклі расійскія палонныя і застрэлілі пяцярых салдат УСУ ў доме3

За больш чым год выдалі 600 пашпартоў Новай Беларусі9

Начальнік Цэнтральнага РУУС Мінска пакінуў пасаду4

Па-беларуску выйшла кніга «Дух надзеі» пра тое, як дзейнічаць, калі будучыня палохае, і як супрацьдзейнічаць страху2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Эстоніі арыштаваны Алег Маісееў, кажуць яго знаёмыя. Гэта былы кіроўца Ціханоўскай, які з часам стаў яе зацятым крытыкам23

У Эстоніі арыштаваны Алег Маісееў, кажуць яго знаёмыя. Гэта былы кіроўца Ціханоўскай, які з часам стаў яе зацятым крытыкам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць