Слон з мёртвым сланянём, каёт у Сан-Францыска, пума на агароджы… Вось якія работы сталі сёлетнімі пераможцамі конкурсу «Фатограф года дзікай прыроды»
Эмацыйная сцэна, на якой слон нясе мёртвае сланяня, прынесла італьянскаму фатографу Федэрыка Веранэзі званне «Фатограф года дзікай прыроды — 2026» (Photographer of the Year 2026), піша Бі-бі-сі.

Падчас назірання за сланамі ў даліне ракі Хуаб у Намібіі Федэрыка Веранэзі заўважыў незвычайны ланцужок слядоў ад цела, якое цягнулі па пяску высахлага рэчышча.
Ідучы па гэтых слядах, ён трапіў на самку слана, якая несла мёртвае сланяня. Адна з ног малога была заціснутая паміж біўнем і хобатам дарослай жывёліны.
Спачатку Веранэзі меркаваў, што сланіха — маці сланяняці. Аднак пасля таго, як ён паказаў свае здымкі даследчыкам сланоў, якія працуюць у гэтай мясцовасці, высветлілася, што гэта не абавязкова так.
Даследчыкі пазналі ў сланісе самку, якая страціла ўласнае сланяня некалькі гадоў таму. Паводле іх звестак, раней яна таксама падымала мёртвых сланянят, што належалі іншым самкам.
Для Веранэзі гэтая сустрэча мела глыбокае значэнне.
«За ўсе 20 гадоў, на працягу якіх я фатаграфую жывёл, гэта самая душэўна балючая, захапляльная і драматычная падзея», — сказаў ён.
На яго думку, гэты выпадак «раскрывае глыбіню і складанасць эмоцый і пачуццяў жывёл».
Фатограф спадзяецца, што ягоны здымак заахвоціць людзей глядзець не толькі на знешні выгляд жывёл, але і бачыць у іх асобных істот са сваімі адносінамі, успамінамі і эмоцыямі.
«Гэта маленькае акенца, якое прыадчыняецца толькі на шчылінку і дазваляе зазірнуць у складаны свет жывёл», — сказаў ён.
Штогадовая выстава конкурсу адкрыецца ў Музеі натуральнай гісторыі ў пятніцу, 16 кастрычніка 2026 года. Далей можна ўбачыць іншыя ўзнагароджаныя здымкі.
Праца, зробленая з любоўю

Катэгорыя: галоўная ўзнагарода ў юнацкай намінацыі, 11—14 гадоў
Фатограф: Оскар Уітфілд, Зімбабвэ / Вялікабрытанія
Месца: Нацыянальны парк Замбезі, Зімбабвэ
Толькі лёгшы на пыл і сфатаграфаваўшы жука на ўзроўні яго вачэй, Уітфілд змог паказаць, колькі сілы патрабуе гэта праца.
Падчас сямейнай паездкі на аўтамабілі для назірання за дзікімі жывёламі ў Зімбабвэ, непадалёк ад свайго дома ў горадзе Вікторыя-Фолс, ён заўважыў гнаевіка, які з цяжкасцю штурхаў угару па пяску гнойны шарык. За жуком цягнуўся шчыльны рой мух. Паэксперыментаваўшы з рознымі ракурсамі і кампазіцыямі, фатограф злавіў момант, які раскрывае незвычайныя намаганні, неабходныя для выканання гэтай, на першы погляд, простай задачы.
«Я спадзяюся, што, гледзячы на гэты здымак, людзі таксама змогуць гэта ўбачыць і, магчыма, ацаніць, колькі ўсяго можа адбывацца за адзін кароткі момант у свеце прыроды», — кажа Уітфілд.
Палёт чмяля

Катэгорыя: 10 гадоў і маладзейшыя
Фатограф: Амелі Дэвіс, Вялікабрытанія
Месца: графства Сурэй, Англія
Каб зрабіць узнагароджаны здымак, не абавязкова мець фотаапарат ці купляць білет на самалёт. Дэвіс зрабіла гэты здымак у садзе з дапамогай смартфона свайго бацькі.
На фатаграфіі застылы ў часе адзін узмах крылаў звычайнага чмяля-каменшчыка ў момант, калі ён рыхтуецца сесці на кветку.
Месца сустрэчы

Катэгорыя: Жывёлы ў сваім асяроддзі
Фатограф: Джэймс Левін, Вялікабрытанія
Месца: Нацыянальны парк Ч'юлу-Гілз, Кенія
Левін зрабіў гэты задуменны чорна-белы здымак маладога самца слана, які пырскае вадой на зебраў каля вадапою.
Каб змякчыць звычайна рэзкае святло, ён выкарыстаў фотаапарат, перароблены для інфрачырвонай здымкі.
Пільнае вока

Катэгорыя: Партрэты жывёл
Фатограф: Аарон Сандэрс, Вялікабрытанія
Месца: пляж Порткерыс, Карнуол
Звычайныя васьміногі найчасцей сустракаюцца ў больш цёплым Міжземным моры. Аднак праз глабальнае пацяпленне вясновая тэмпература мора павышаецца, таму колькасць назіранняў за гэтымі жывёламі на паўднёвым захадзе Англіі рэзка павялічылася.
Сандэрс апісаў момант, калі заўважыў адно вока, якое выглядала з-за ламінарыі:
«Мы заставаліся зусім нерухомымі і назіралі адзін за адным з адчуваннем, нібыта цікаўнасць у нас была агульная».
Сцэны з балота

Катэгорыя: Птушкі
Фатограф: Ісак Прэторыус, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка
Месца: балота Мабамба, Уганда
Паводле ацэнак, у дзікай прыродзе засталося менш за 5300 дарослых кітагаловаў. Аднак Прэторыусу падчас падарожжа на каноэ з гідам удалося сфатаграфаваць дзвюх такіх птушак. Верагодна, гэта пара, якая збірала матэрыялы для гнязда.
Нягледзячы на назву, кітагаловы насамрэч больш блізкія да пеліканаў, чапляў і ібісаў.
Спевы птушак, намаляваныя святлом

Катэгорыя: 15—17 гадоў
Фатограф: Конрад Грэтэр, Германія
Месца: зямля Бадэн-Вюртэмберг, Германія
Увесну самцы чорных драздоў шукаюць узвышаныя месцы, адкуль можна спяваць і спрабаваць прывабіць самку.
Гэты здымак быў зроблены на вінаградніку на досвітку, калі птушкі выконваюць свае найбольш складаныя песенныя кампазіцыі.
Гарадскія джунглі

Катэгорыя: Дзікая прырода ў горадзе
Фатограф: Сэт Форэстсан, Вялікабрытанія
Месца: парк Лумпіні, Бангкок, Тайланд
Форэстсан лёг на гразь, каб сфатаграфаваць звычайнага вадзянога варана на фоне гарадскога сілуэта.
Гэтыя яшчаркі, якія прыстасоўваюцца да ўсяго, жывуць у гарадах па ўсёй Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі. Яны ядуць усё, што могуць знайсці, у тым ліку самоў і карпаў коі.
Фатаграфуючы мурэн

Катэгорыя: Падводны свет
Фатограф: Тоні Ву, ЗША / Японія
Месца: прэфектура Кагасіма, востраў Кюсю, Японія
Як паведаміў Музей натуральнай гісторыі, верагодна, гэта першы выпадак, калі ўдалося сфатаграфаваць шлюбны рытуал мурэн Эбата.
Тоні Ву супрацоўнічаў з біёлагамі і выкарыстаў цьмянае чырвонае святло і спецыяльна наладжаны аб'ектыў «рыбіна вока», каб як мага менш турбаваць рыб.
Хітрыя каёты Сан-Францыска

Катэгорыя: Узнагарода за фотажурналісцкую гісторыю
Фатограф: Ларэн Эліят, ЗША
Месца: ЗША
Паводле ацэнак, у Сан-Францыска жыве каля 100 каётаў, якія суседнічаюць з вялікай колькасцю людзей. Яны могуць паляваць на хатніх жывёл, але таксама дапамагаюць кантраляваць колькасць грызуноў — пераносчыкаў хвароб. Стаўленне жыхароў да каётаў неадназначнае.
Ахоўная пазіцыя

Катэгорыя: Паводзіны: земнаводныя і паўзуны
Фатограф: Антон Саракін, ЗША
Месца: акруга Контра-Коста, Каліфорнія, ЗША
Саракін апусціў фотаапарат і асвятляльнае абсталяванне ў каламутную сажалку, каб злавіць гэты момант адкладвання ікры самкай каліфарнійскага трытона.
Рухомы пясок

Катэгорыя: Паводзіны: беспазваночныя
Фатограф: Сітарам Раўл, Індыя
Месца: пустыня Тар, штат Раджастхан, Індыя
На здымку скарпіён закопваецца ў рухомыя дзюны індыйскай пустыні Тар.
Даследуючы дзюны ўначы, Раўл убачыў мноства скарпіёнаў, якія шукалі здабычу. Аднак пасля ўзыходу сонца, калі тэмпература пачала павышацца, скарпіён закапаўся ў пясок, каб уратавацца ад моцнай спёкі.
Начная здабыча

Катэгорыя: Акіяны: глабальны погляд
Фатограф: Алекс Ліндблум, ЗША
Месца: акваторыя каля заліва Чэндравасіх, Папуа, Інданезія
Кітовая акула вывучае ўлоў перасоўнай сеткавай рыбацкай платформы, вядомай як баган. Ліндблум шукаў акул на досвітку, выкарыстоўваючы яркае святло платформы, каб асвятляць іх у той час, калі натуральнага святла было недастаткова для здымкі з дрона.
Святло, якое раскрывае таямніцы

Катэгорыя: Расліны і грыбы
Фатограф: Агарастас Папацаніс, Грэцыя
Месца: Літахора, Піерыя, Грэцыя
Папацаніс выкарыстаў ультрафіялетавае святло, каб асвятліць грыбы, вядомыя пад назвай «прыгожыя шапачкі». Яны раслі на гнілым бервяне на ніжніх схілах гары Алімп у Грэцыі.
Схаваныя глыбіні

Катэгорыя: Узнагарода ўзыходзячай зорцы
Фатограф: Алексіс Тынкер-Цавалас, Германія
Месца: Германія і Паўночная Ірландыя, Вялікабрытанія
Тынкер-Цавалас выкарыстоўвае макрафатаграфію, каб раскрываць складаныя дэталі маленькіх жывёл, якіх лёгка не заўважыць, асабліва ў гарадскіх асяроддзях. Цікавасць да макрафатаграфіі ў яго развілася падчас каранцінаў праз COVID-19, калі ён быў абмежаваны ў магчымасці наведваць месцы па-за межамі прыродных асяроддзяў паблізу свайго дома ў Берліне.
Мастацтва ўцёкаў

Катэгорыя: Прыроднае мастацтва
Фатограф: Міхал Міхальскі, Польшча
Месца: Літахора, Піерыя, Грэцыя
Міхальскі выкарыстаў доўгую вытрымку, каб сфатаграфаваць птушак, якія ляцелі на фоне бяроз без лісця. На полі засталіся нязжатыя сланечнікі, якія прыцягнулі змешаныя зграі птушак, асабліва зяленушак і юркоў. Птушкі ўзняліся ў паветра, калі іх спалохаў ястраб-перапёлачнік.
Вялікі падзел

Катэгорыя: Водна-балотныя ўгоддзі: глабальны погляд
Фатограф: Алекс Вісбаль, Калумбія
Месца: заліў Стэнсберы, Вялікае Салёнае возера, штат Юта, ЗША
У межах доўгатэрміновага праекта пра ўплыў прамысловасці на водныя шляхі Вісбаль дакументуе, як адна штучна створаная лінія можа змяніць цэлыя водна-балотныя ўгоддзі. Ружовы колер вады абумоўлены мікраарганізмамі, якія цвітуць у надзвычай салёнай вадзе пасля таго, як гэтая тэрыторыя была адрэзаная ад прэснай вады.
Папераджальны знак

Катэгорыя: Фотажурналістыка
Фатограф: Франсіска Негроні, Чылі
Месца: траса № 40, правінцыя Санта-Крус, Аргенціна
Негроні зафіксаваў сцэну, у якой мёртвая пума выстаўленая як паляўнічы трафей у правінцыі Санта-Крус, што знаходзіцца ў аргенцінскай Патагоніі. Нягледзячы на тое, што ў 2025 годзе ў Санта-Крус забаранілі паляванне на пум, іх незаконны пераслед працягваецца.
Таемныя светы

Катэгорыя: Узнагарода за партфоліа
Фатограф: Кутуб Удзін, Бангладэш / Вялікабрытанія
Месца: Заходні Сасэкс, Англія, Вялікабрытанія
На сваіх здымках Удзін даследуе мініяцюрны свет слізевікоў — арганізмаў, якія могуць быць амаль незаўважнымі няўзброеным вокам. Іх пладовыя структуры маюць вышыню ўсяго адзін-два міліметры.
Каментары