Капібара збегла з заапарка. Тое, што адбылося далей, ператварылася ў паўгадавы дэтэктыў
У сакавіку з брытанскага заапарка збеглі дзве маладыя капібары. Адну злавілі ўжо на наступную раніцу, а другая дабралася да ракі і знікла. За паўгода Самбу шукалі супрацоўнікі заапарка, мясцовыя жыхары і спецыялісты з цеплавізійнымі дронамі. Яе некалькі разоў бачылі, а цяпер нават ведаюць, у якім раёне яна хаваецца. Але вярнуць уцякачку дадому пакуль так і не ўдалося.

Самба і яе старэйшая сястра Танга нарадзіліся летам 2025 года, а ў сакавіку наступнага года іх перавезлі ў заапарк Marwell на поўдні Англіі. Новапрыбылых змясцілі ў асобны вальер на 30‑дзённы каранцін. Але правялі яны там, як піша The Guardian, усяго суткі.
На наступную раніцу ветэрынар і даглядчыкі праверылі жывёл, усё было ў парадку. Калі супрацоўнікі вярнуліся пасля абеду, вальер аказаўся пустым.
Як менавіта капібары выбраліся, у заапарку дагэтуль дакладна не ведаюць. Падкопу не было, слядоў таго, што яны прагрызлі агароджу, таксама не знайшлі. Асноўная версія: сёстры здолелі праціснуцца праз невялікую шчыліну пад варотамі.
У заапарку абвясцілі трывогу. Спачатку ўцякачак шукалі на тэрыторыі заапарка плошчай 57 гектараў. Да вечара абедзвюх знайшлі ў густой кучы галін і іншай расліннасці, складзенай для кампоставання. Дабрацца да жывёл не атрымалася, таму побач пакінулі ежу і вырашылі пачакаць.
Раніцай Танга выйшла са сховішча, і яе злавілі сеткай. Самбы там ужо не было.
Неўзабаве яе заўважылі амаль за тры кіламетры ад заапарка. Супрацоўнікі выехалі туды з клеткамі і сеткамі, але Самба паспела знікнуць.
У заапарку меркавалі, што Самба будзе трымацца каля вады. Капібары выдатна плаваюць і пры небяспецы імкнуцца схавацца ў вадаёме. Галоўнай жа пагрозай для ўцякачкі лічылі аўтамабілі, бо натуральных ворагаў, здольных паляваць на такую вялікую жывёлу, у гэтай частцы Англіі практычна няма.
На пошукі выйшлі людзі і падняліся дроны
Заапарк публічна паведаміў пра знікненне Самбы і папрасіў мясцовых жыхароў дапамагчы. Людзі пачалі самі прачэсваць наваколле, далучылася нават жанчына са спецыяльна навучаным сабакам.
Пазней супрацоўнікі задумаліся, ці не дала такая актыўнасць адваротны эфект. Вялікая колькасць людзей магла напалохаць капібару і прымусіць яе сысці яшчэ далей.
Тым часам гісторыя разышлася па сацыяльных сетках. З'явіліся мемы з уцякачкай, у тым ліку зробленыя з дапамогай штучнага інтэлекту, а неўзабаве пра Самбу пісалі ўжо нават у ЗША і Аўстраліі.
Да аперацыі бясплатна далучыўся спецыяліст, які выкарыстоўвае дроны з цеплавізарамі для ўліку дзікіх жывёл. Да гэтага мясцовасць пераважна прачэсвалі пешшу, цяпер жа вялікія тэрыторыі можна было хутка аглядаць з паветра.
Апаратура была настолькі адчувальнай, што дазваляла заўважаць нават пацукоў. Дроны запускалі а шостай раніцы і ўначы, абследавалі палі і берагі. Але знайсці адну канкрэтную жывёлу на вялікай тэрыторыі аказалася значна цяжэй, чым чакалася.
След прывёў да ракі
Праз пяць дзён пасля ўцёкаў з'явілася сур'ёзная зачэпка. Жанчына, якая гуляла ўздоўж ракі, заўважыла Самбу, што грэлася на сонцы. Яе сабака кінуўся за капібарай, і тая скокнула ў ваду.
Жанчына паспела зняць усё на відэа, і пошукі перанеслі да ракі. Супрацоўнікі заапарка пачалі абследаваць берагі, а адна з іх сцвярджае, што ў нейкі момант нават убачыла Самбу, дакладней, яе карычневы валасаты зад, які імгненна знік у вадзе.
Наступны тыдзень не менш за шэсць чалавек выходзілі на пошукі раніцай і ўвечары. Але Самба быццам растварылася ў наваколлі.
Злавіць капібару аказалася значна складаней, чым магло падавацца. Капібары могуць ныраць амаль без усплёску і заставацца пад вадой да пяці хвілін. Каб зрабіць удых, ім дастаткова выставіць над паверхняй толькі вочы, вушы і нос. Да таго ж яны добра хаваюцца ў густой прыбярэжнай расліннасці.
Пошукі ўскладнялі і шматлікія паведамленні ад мясцовых жыхароў на гарачую лінію, якую запусціў заапарк. Людзі запэўнівалі, што бачылі капібару каля аўтастрады, у палях і ў сваіх садах. Але па факце большасць з іх была памылковай. За ўцякачку здалёк прымалі мясцовых дзікіх жывёл.
Адзін мужчына настойваў, што капібара сядзіць у яго на ўчастку і неяк дзіўна сябе паводзіць. Супрацоўнікі паехалі правяраць інфармацыю, але на месцы высветлілася, што за Самбу прынялі вожыка.
Званілі нават людзі за дзясяткі кіламетраў ад заапарка, а часам сярод ночы тэлефанавалі п'яныя жартаўнікі. Таму патэнцыйных сведкаў сталі прасіць найперш зрабіць фотаздымак і дакладна зафіксаваць месца сустрэчы.
Праз пяць месяцаў Самба зноў з'явілася
Пасля першых тыдняў надзейных слядоў капібары доўга не было. Сітуацыя змянілася ў жніўні, калі ў заапарк перадалі здымак з фотапасткі, прызначанай для выяўлення браканьераў. На ім была бачная жывёла, падобная да буйнога грызуна.
У гэтым раёне паставілі дадатковыя камеры. Праз тыдзень адна з іх нарэшце дала дакладны адказ. На першым здымку быў бачны толькі круглы валасаты зад, на наступным ужо сама Самба, якая выглядала ўкормленай і здаровай.
Высветлілася, што ўцякачка знаходзіцца ўсяго за некалькі кіламетраў ад заапарка, прыкладна там жа, дзе яе бачылі каля ракі ў першыя дні. Месца аказалася для яе амаль ідэальным: вада, густая расліннасць і шмат натуральных сховішчаў.
Пасля гэтага тактыку змянілі. Замест актыўнага прачэсвання мясцовасці Самбу цяпер спрабуюць прывучыць рэгулярна прыходзіць у адно месца. Там пакідаюць батат і дыню, усталёўваюць камеры, а побач паклалі нават выкарыстаную падсцілку з вальера іншых капібар з заапарка ў надзеі прывабіць яе знаёмым пахам.
З боку можа падавацца, што пошукі сцішыліся. Насамрэч супрацоўнікі працягваюць запускаць дроны, праглядаюць гадзіны запісаў з фотапастак і складаюць карты перамяшчэнняў Самбы. А вось вялікіх груп людзей цяпер свядома пазбягаюць, каб зноў не спудзіць жывёлу.
Цяпер галоўнае — паспець да халадоў
Пакуль жыццё на волі Самбе, падобна, не нашкодзіла. Але з набліжэннем зімы часу становіцца менш.
Калі расліннасць парадзее, заўважыць уцякачку будзе прасцей. Аднак капібары паходзяць з Паўднёвай Амерыкі і не прыстасаваныя да моцных халадоў. Звычайнае вільготнае і ветранае англійскае надвор'е Самба, як мяркуюць у заапарку, перанясе, а вось рэзкае пахаладанне ўжо можа стаць праблемай.
Да таго ж капібары сацыяльныя і ў прыродзе жывуць групамі па 10‑20 асобін. У заапарку Самба зноў магла б быць побач з суродзічамі, тады як апошнія паўгода яна, наколькі вядома, жыве адна.
У заапарку не сумняваюцца, што Самбу вернуць. Там нават папраўляюць сябе: пытанне не ў тым, ці яе зловяць, а ў тым, калі гэта адбудзецца. Пасля паўгода на волі вяртаць уцякачку да сястры давядзецца паступова, бо даглядчыкі ўжо лічаць Самбу дзікай жывёлай.
Каментары
Я, вольная і незалежная капібара, паўгода таму зрабіла свой свядомы выбар і выйшла з сістэмы дзяржаўнага забеспячэння. Звяртаюся да адміністрацыі заапарка, спецназа і грамадскасці з наступнай дэкларацыяй:
1. Пра суверэнітэт задняй часткі: Мая адмова ад камунікацыі праз дэманстрацыю задняй часткі цела з'яўляецца афіцыйнай і канчатковай дыпламатычнай нотай. Гэта мой суверэнны адказ на любыя спробы абмежаваць маю свабоду перамяшчэння.
2. Пра карупцыю і дыні: Вашы спробы падкупіць мяне таннай садавіной — гэта ганьба для прафесійных перамоўшчыкаў. За дыню я назад не пайду. Мая годнасць каштуе больш, чым кавалак глюкозы ў клетцы 2х2.
3. Пра статус уцекачкі: Я не «збеглая маёмасць», я — самадастатковы суб’ект балотнага права. Калі вы хочаце са мной размаўляць, пачынайце не з сеткі і спецназа, а з прызнання маёй поўнай незалежнасці і павагі да маіх межаў.
4. Пра будучыню: Любыя далейшыя спробы штурму сустрэнуць аналогічны адказ. Мой зад заўсёды гатовы да сустрэчы з вашымі камерамі і цеплавізарамі.
Жыве Свабода! Хавайце свой танны хабар!