Віталь Карпанаў назваў Надзею Каткавец паважаным палітыкам, блізкім яму чалавекам і нават прадзюсаркай калектыву.

На магілёўскі канцэрт гурта «Дразды» прыйшла памочніца Лукашэнкі і інспектарка па Магілёўскай вобласці Надзея Каткавец. Пра яе прысутнасць у зале са сцэны абвясціў лідар калектыву Віталь Карпанаў. Ён назваў Каткавец «чалавекам вельмі блізкім» для яго і папрасіў залю павітаць яе апладысментамі.
Карпанаў пажартаваў, што для іх Каткавец не толькі паважаны палітык, але і прадзюсар: «Мала хто ведае, але па Магілёўскай вобласці ў наступным годзе мы будзем гастраляваць пад новым брэндам «Дразды Надзеі», — выклікаў смех у залі Карпанаў.
Ён таксама падзякаваў чыноўніцы «за шматгадовую плённую працу на карысць краіны», а таксама за падтрымку іх творчасці.
Гурт «Дразды» быў створаны ў 2005 годзе Віталём Карпанавым. Калектыў вядомы беларускамоўнымі песнямі, найперш хітом «Хата бацькоў». У 2020 годзе музыкі выступалі на праўладных мерапрыемствах, аднак пазней усё роўна сутыкнуліся з праблемамі пры арганізацыі канцэртаў. У 2025‑м Карпанаў нават абвяшчаў, што гурт спыніць выступы, але ў выніку «Дразды» працягнулі гастролі.
Надзея Каткавец вярнулася на высокую дзяржаўную пасаду ў ліпені 2026 года пасля амаль дзесяцігадовага перапынку. Раней яна працавала ў шклоўскім саўгасе «Гарадзец» разам з Лукашэнкам, была першай намесніцай міністра сельскай гаспадаркі, а ў 2013—2017 гадах — намесніцай кіраўніка спраў Лукашэнкі. Пасля працавала ў Парытэтбанку і Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі. Цяпер яна курыруе Магілёўскую вобласць.
Каментары