З італьянскай вінаробні ўвадначас скралі элітнага віна на 5 мільёнаў даляраў. Гэта беспрэцэдэнтны маштаб
З адной з найстарэйшых вінаробных кампаній Італіі Marchesi Antinori скралі каля 30 тысяч бутэлек віна агульным коштам прыкладна 5 мільёнаў еўра. Крадзеж, які ўжо называюць найбуйнейшым у гісторыі краіны, адбыўся на складзе кампаніі ў Таскане, піша Бі-бі-сі.

Кампанія, штаб-кватэра якой знаходзіцца ў Фларэнцыі, вядзе сваю гісторыю з 1385 года. У мінулыя выхадныя злачынцы ўлезлі на склад у горадзе Картона. У гэты час вінаробня рыхтавалася адправіць замежным кліентам вялікую партыю некаторых сваіх самых дарагіх вінаў.
Рабаўнікі адключылі сігналізацыю і вывелі са строю камеры відэаназірання ўнутры склада і па яго перыметры. Затым яны заехалі на тэрыторыю на двух вялікагрузных аўтамабілях і скарысталіся пагрузчыкамі, якія належалі кампаніі, каб загрузіць скрынкі з бутэлькамі. Пра знікненне віна супрацоўнікі даведаліся ў панядзелак раніцай, калі прыйшлі на працу.
Мяркуецца, што ў злачынстве ўдзельнічалі не менш за сем мужчын у масках.
Генеральны дырэктар Marchesi Antinori Рэнца Катарэла заявіў, што Італія яшчэ не ведала крадзяжу такога маштабу і кошту. Ён спадзяецца, што праваахоўнікі змогуць адшукаць скрадзенае віно.
«Два грузавікі, поўныя тавару, не могуць проста бясследна знікнуць. На дарогах Тасканы паўсюль устаноўленыя камеры. Магчыма, калі нам крыху пашанцуе, мы здолеем вярнуць хаця б частку скрадзеных бутэлек», — сказаў Катарэла.
Кошт адной бутэлькі скрадзенага віна складаў ад 150 да 500 еўра. У кампаніі лічаць, што выбар такой дарагой прадукцыі сведчыць пра добрую дасведчанасць злачынцаў у вінах і наяўнасць у іх унутранай інфармацыі.
Катарэла адзначыў, што кампанія мае намер абараняць свой рынак і ўжо папярэдзіла патэнцыйных пакупнікоў: бутэлькі, якія прапануюць з незвычайных крыніц па падазрона нізкіх цэнах, могуць быць скрадзенымі. Кіраўнік кампаніі сумняваецца, што злачынцы змогуць прадаць такую колькасць дарагога віна па ўсім свеце, не прыцягнуўшы ўвагі.
Marchesi Antinori экспартуе сваю прадукцыю ў 170 краін. Летась выручка кампаніі склала 263 мільёны еўра.
Крадзяжы віна ў Італіі здараюцца нярэдка, але, паводле паліцыі, апошнім часам змяніўся характар такіх злачынстваў. Раней зламыснікі часцей рабавалі рэстараны, адзначаныя зоркамі Мішлен і вядомыя сваімі багатымі віннымі склепамі. Адтуль яны выносілі некалькі асабліва каштоўных бутэлек, кожная з якіх магла каштаваць дзясяткі тысяч еўра.
Напрыклад, летам двое мужчын, пераапранутых у рабочых і апранутых у ахоўныя каскі са святлоадбівальнымі камізэлькамі, прарабілі адтуліны ва ўдаратрывалым шкле знакамітага міланскага рэстарана Affinatore. Яны скралі некалькі бутэлек элітнага віна Romanée-Conti агульным коштам 280 тысяч еўра.
Часам віно крадуць і з грузавікоў падчас перавозкі. Аднак у апошнія месяцы прафесійныя злодзеі ўсё часцей нацэльваюцца на самі вінаробні, адкуль за некалькі гадзін вывозяць тысячы бутэлек са складоў з рэгуляванай тэмпературай.
Сёлета ўлетку гістарычная вінаробня Banfi di Montalcino паведаміла пра крадзеж трох тысяч бутэлек сваіх найлепшых вінаў Alta Langa са склада ў П’емонце. Прадстаўнікі кампаніі адзначылі, што злачынцы старанна адбіралі бутэлькі і добра ведалі, што менавіта трэба забраць.
У мінулым месяцы чацвёра зламыснікаў менш чым за тры гадзіны скралі тры тысячы бутэлек папулярнага віна Barolo з вінаробні Conterno Fantino, таксама размешчанай у П’емонце. Для пагрузкі яны выкарысталі складскі пагрузчык.
Рабаванне Marchesi Antinori, паводле папярэдніх ацэнак, стала найбуйнейшым не толькі ў Італіі, але і ва ўсім свеце — як паводле колькасці скрадзеных бутэлек, так і паводле іх агульнага кошту.
«Супрацоўнікі вінаробні плакалі. Справа не толькі ў кошце віна. Гэта нешта большае. Мы можам перажыць страту гэтага віна, але мяне жудасна засмучае сам факт таго, што падобнае магло адбыцца з намі», — гаворыць Катарэла.
У Францыі з музея скралі 150‑кілаграмовую вокладку работы Сальвадора Далі
У Лондане камеры распазналі больш за паўмільёна твараў. Вынік — адзін «злачынец». Ды і ён не той
Адкуль махляры даведваюцца імёны, нумары і нават месцы працы беларусаў?
У краінах Афрыкі чуткі пра «крадзеж геніталій» прывялі да дзясяткаў забойстваў
Каментары