Нарвегія збіраецца дазволіць свайму суверэннаму фонду дабрабыту інвеставаць у стварэнне ядзернай зброі
Нарвегія можа зноў дазволіць свайму суверэннаму фонду дабрабыту, найбуйнейшаму ў свеце з актывамі больш як 2 трыльёны еўра, інвеставаць у кампаніі, якія вырабляюць ядзерную зброю. Адпаведную прапанову 15 кастрычніка прадставіла камісія, створаная ўрадам для перагляду этычных правіл фонду, піша Euronews.

Згодна з дзейнымі нормамі, фонд не інвестуе ў 14 кампаній, якія распрацоўваюць або вырабляюць ядзерную зброю ці яе кампаненты. Сярод іх — буйныя міжнародныя вытворцы ўзбраенняў Airbus, BAE Systems, Boeing, Lockheed Martin і Safran.
У лістападзе мінулага года ўрад Нарвегіі даручыў перагледзець гэтыя абмежаванні. Камісію ўзначаліў былы кіраўнік нарвежскага Цэнтральнага банка Свейн Ёдрэм.
Паводле прапанаваных змен, фонд зможа ўкладаць сродкі ў вытворцаў ядзернай зброі, калі яны знаходзяцца ў краіне, якая афіцыйна валодае ядзернай зброяй, прызнаная такой у адпаведнасці з Дамовай аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі і адначасова з’яўляецца саюзнікам Нарвегіі па НАТА.
Як патлумачыў Ёдрэм, гэта дазволіць вярнуць у інвестыцыйны партфель некалькі брытанскіх, французскіх і амерыканскіх вытворцаў узбраенняў.
Іншыя этычныя абмежаванні застануцца ў сіле. Яны тычацца вытворчасці біялагічнай і хімічнай зброі, супрацьпяхотных мін і касетных боепрыпасаў, а таксама інвестыцый у вугальную прамысловасць, тытунёвы бізнес і індустрыю канабісу.
Даклад камісіі перадалі міністру фінансаў Нарвегіі Енсу Столтэнбергу, які раней займаў пасаду генеральнага сакратара НАТА. Ён звярнуў увагу на супярэчнасць: нарвежскі фонд не можа інвеставаць у кампаніі, якія могуць мець вырашальнае значэнне для бяспекі краіны, у той час як Расія ўсё часцей пагражае выкарыстаннем ядзернай зброі, а Кітай нарошчвае свой ядзерны арсенал.
Камісія таксама прапанавала змяніць паўнамоцтвы Рады па этыцы — незалежнага органа, які дае рэкамендацыі Цэнтральнаму банку Нарвегіі, што кіруе фондам. Рада па-ранейшаму будзе ацэньваць рызыку сур’ёзных парушэнняў этычных стандартаў кампаніямі, але больш не зможа самастойна рэкамендаваць выключэнне іх акцый з інвестыцыйнага партфеля. Гэта паўнамоцтва ўжо прыпыненае на час перагляду правіл.
Прапанаваныя змены вынесуць на грамадскае абмеркаванне, якое працягнецца да 15 студзеня. Пасля гэтага ўрад плануе прадставіць сваю ацэнку парламенту вясной наступнага года.
Даклад ужо выклікаў крытыку з боку шэрагу палітычных партый, асабліва левых. Адзін з прадстаўнікоў партыі зялёных назваў яго «цалкам пазбаўленым сэнсу».
Нарвежскі фонд інвестуе больш чым у 7 тысяч кампаній па ўсім свеце і валодае прыкладна 1,5% усіх акцый, якія абарачаюцца на біржах.
Як Нарвегія амаль цалкам адмовілася ад бензінавых аўто і з якімі праблемамі сутыкнулася пасля
Нарвегія можа стаць гарантам еўрапейскага крэдыту Украіне, вылучыўшы на гэта частку свайго Суверэннага фонду
Былая кіраўніца штаба Ціханоўскай у захапленні ад круізу па нарвежскіх фіёрдах. Колькі каштуе такі адпачынак?
Каментары