За чатыры гады поўнамаштабнай вайны Украіна значна скараціла залежнасць ад амерыканскай ваеннай дапамогі. Краіна наладзіла ўласную вытворчасць зброі, а еўрапейскія саюзнікі павялічылі падтрымку Кіева. Аднак ёсць тэхналогіі і ўзбраенне, якім Украіна пакуль не мае паўнавартаснай замены.

Напружанасць паміж Вашынгтонам і Кіевам зноў паставіла пытанне пра залежнасць Украіны ад ЗША. Дональд Трамп запатрабаваў спыніць удары па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах і заклікаў Уладзіміра Зяленскага пакінуць пасаду.
Адначасова ўкраінскія вайскоўцы паведамілі пра абмежаванні хуткасці Starlink, якія ўскладнілі выкарыстанне беспілотнікаў. Зяленскі таксама заявіў, што Украіна не атрымала ад партнёраў звыклых папярэджанняў пра запуск расійскіх балістычных ракет.
Як адзначае ў размове з The Wall Street Journal ваенны аналітык Франц-Штэфан Гадзі, нягледзячы на развіццё ўласнай вытворчасці зброі і рост еўрапейскай дапамогі, Украіна па-ранейшаму залежыць ад ЗША ў некалькіх крытычна важных сферах.
Starlink
Адна з такіх сфер — спадарожнікавая сувязь. Украінскія вайскоўцы выкарыстоўваюць Starlink і яго ваенную версію Starshield, у тым ліку для працы беспілотнікаў. Нядаўняе абмежаванне хуткасці Starlink ужо ўскладніла ўкраінскія аперацыі.

Гэтыя сістэмы пакуль не маюць паўнавартасных аналагаў паводле пакрыцця, якасці сігналу і магчымасцяў перадачы даных. Еўрапейскія краіны і Канада распрацоўваюць альтэрнатывы, але супастаўныя сістэмы могуць з'явіцца не раней за 2028 год.
Папярэджанні пра ракетныя атакі
Яшчэ адна крытычная залежнасць — амерыканская сістэма ранняга папярэджання пра запуск балістычных ракет.
ЗША маюць глабальную сетку спадарожнікаў і радыёлакацыйных станцый, якая дазваляе выяўляць запускі ракет і адсочваць іх траекторыі. Спадарожнікі фіксуюць цеплавое выпраменьванне падчас запуску, пасля чаго інфармацыя ўдакладняецца радарамі. Гэтыя звесткі дапамагаюць украінскай супрацьпаветранай абароне падрыхтавацца да перахопу ракет, а ўладам — своечасова папярэдзіць насельніцтва.
Еўрапейскія краіны таксама перадаюць Украіне разведвальную інфармацыю са спадарожнікаў і самалётаў, аднак іх магчымасці саступаюць амерыканскім паводле дакладнасці і ахопу. На думку Гадзі, Еўропа не зможа стварыць супастаўную сістэму папярэджання яшчэ некалькі гадоў.
Ракеты для Patriot
Для перахопу расійскіх балістычных ракет Украіна ў значнай ступені залежыць ад амерыканскіх ракет Patriot PAC-3 MSE. Аднак іх пастаўкі скараціліся, бо частку запасаў ЗША выкарысталі для абароны сваіх войскаў і саюзнікаў ад іранскіх удараў на Блізкім Усходзе.
Альтэрнатывай можа стаць новая версія французска-італьянскай сістэмы SAMP/T, якая, паводле вытворцаў, здольная збіваць балістычныя ракеты. Яе ўжо накіроўваюць ва Украіну.

Акрамя таго, дзве ўкраінскія кампаніі разам з еўрапейскімі партнёрамі распрацоўваюць уласныя ракеты-перахопнікі. Чакаецца, што першыя могуць паступіць на ўзбраенне ў сярэдзіне 2027 года.
Аднак пакуль украінскія распрацоўкі не гатовыя, а магчымасці новай версіі SAMP/T яшчэ трэба пацвердзіць на практыцы, амерыканскія ракеты застаюцца ключавым сродкам абароны ад балістычных атак.
Разведданыя для ўдараў па Расіі
Украіна самастойна збірае інфармацыю пра расійскія вайсковыя аб'екты з дапамогай беспілотнікаў, агентуры і іншых крыніц. Аднак амерыканская разведка дапамагае ўдакладняць каардынаты і характарыстыкі цэляў.
Асабліва важныя амерыканскія магчымасці па выяўленні расійскіх сістэм СПА праз іх электрамагнітныя сігналы. Гэта дазваляе знаходзіць слабыя месцы ў супрацьпаветранай абароне і выбіраць маршруты для ўкраінскіх ракет і беспілотнікаў, каб пазбегнуць перахопу.
Без такіх даных наносіць дакладныя ўдары па аб'ектах на тэрыторыі Расіі будзе складаней.
Знішчальнікі F-16 і амерыканскія пастаўкі
Украіна атрымала знішчальнікі F-16 ад еўрапейскіх саюзнікаў, але для іх эксплуатацыі па-ранейшаму патрэбныя амерыканскія запчасткі, узбраенне, абслугоўванне і абнаўленні праграмнага забеспячэння.

Значную частку гэтых паставак аплачваюць саюзнікі праз праграму PURL, якая дазваляе закупляць амерыканскую зброю для Украіны. З моманту яе запуску краіны-партнёры паабяцалі больш за чатыры мільярды долараў.
Спыненне праграмы пазбавіла б Кіеў важнага канала забеспячэння. Пры гэтым, паводле ўкраінскіх афіцэраў СПА, запасы некаторых боепрыпасаў для F-16 ужо вычарпаліся, хаця самалёты неабходныя для перахопу расійскіх рэактыўных беспілотнікаў.
Залежнасць ад амерыканскіх дазволаў датычыцца і іншай тэхнікі. Напрыклад, пастаўкі запчастак для гаўбіц M777 патрабуюць згоды Вашынгтона, нават калі дэталі вырабленыя ў Вялікабрытаніі.
«З расіян-наведнікаў працэнтаў 70 аказваліся ватнікамі». Экс-гід з музея ВАВ, якога затрымлівалі яго ж экскурсанты, цяпер папулярны ў Варшаве — пагутарылі з ім
Каментары
Узнікае пытанне: навошта прэзідэнт Украіны сварыцца з ЗША, Трампам і Іланам Маскам? Гэта неяк неразумна падчас вайны.