У Еўропе для абароны ад паводак і засух ствараюць усё больш гарадоў-губак
У Еўрасаюзе плануюць стварыць адмысловы механізм, так званы губчаты фонд, каб падтрымліваць прыродныя праекты, якія дапамогуць гарадам лепш супрацьстаяць засухам і паводкам. Гаворка ідзе пра канцэпцыю «гарадоў-губак», у якіх дажджавую ваду не лічаць непатрэбнымі адкідамі, а збіраюць, утрымліваюць і выкарыстоўваюць паўторна, піша Euronews.

Змена клімату прыводзіць да ўсё больш рэзкіх ваганняў: падчас штормаў у гарадах бывае занадта шмат вады, а ў перыяды засухі яе востра не хапае. На думку экспертаў, перагляд традыцыйных прынцыпаў гарадскога планавання можа дапамагчы вырашыць абедзве праблемы.
Канцэпцыю «горада-губкі» ў пачатку 2000‑х гадоў распрацавалі ў Кітаі. Яна прадугледжвае стварэнне зялёных зон, сажалак, водна-балотных угоддзяў, пранікальных для вады пакрыццяў і спецыяльных дрэнажных каналаў. Такія элементы запавольваюць сцёк дажджавой вады, не дазваляючы ёй адразу трапляць у каналізацыю і рэкі. Сабраную ваду можна выкарыстоўваць для папаўнення падземных запасаў або паліву паркаў у засушлівыя перыяды.
Зялёныя насаджэнні таксама дапамагаюць ахалоджваць вуліцы падчас спёкі. Акрамя таго, здаровыя глебы і водна-балотныя ўгоддзі ў некаторых выпадках могуць спрыяць абароне ад лясных пажараў.
Да гэтых ідэй у Кітаі сталі больш уважліва ставіцца пасля катастрафічнай паводкі ў Пекіне ў 2012 годзе, калі загінулі 79 чалавек. У 2014 годзе краіна зацвердзіла нацыянальныя рэкамендацыі па стварэнні «гарадоў-губак», а ў наступным годзе пачала эксперыментальную праграму ў 16 гарадах, у тым ліку Вухані, Сьямэні і Чунціне. У 2016 годзе да яе далучылі яшчэ 14 гарадоў, сярод якіх Шанхай і Шэньджэнь. Да 2030 года Кітай плануе пераўтварыць у «гарады-губкі» 80% сваіх забудаваных гарадскіх тэрыторый.
У Еўропе падобныя праекты рэалізуюць ужо некалькі дзесяцігоддзяў.
У шведскім Мальмё ў 1998—2002 гадах перабудавалі раён Аўгустэнборг, які часта цярпеў ад паводак. Там стварылі зялёныя дахі, водна-балотныя ўгоддзі, вадазборныя сажалкі і шэсць кіламетраў водных каналаў. Падчас моцных штормаў у 2007 і 2014 гадах гэты раён пацярпеў ад паводак значна менш, чым іншыя часткі горада.
У Ратэрдаме ў 2013 годзе адкрылі водную плошчу Бентэмплейн. У звычайнае надвор’е яна выкарыстоўваецца як баскетбольная пляцоўка і месца адпачынку, а падчас моцных дажджоў тры яе басейны могуць часова ўтрымліваць да 1,7 мільёна літраў вады.
У Капенгагене ў 2014 годзе з’явілася плошча Тосінге Пладс, якая збірае ваду з дахаў суседніх будынкаў. Для гэтага выкарыстоўваюцца падземныя рэзервуары і дажджавыя сады — неглыбокія ўчасткі з раслінамі, праз якія вада праточваецца ў глебу.
Еўракамісія мае намер пашыраць такія праекты. У Стратэгіі ўстойлівасці водных рэсурсаў, прынятай у 2025 годзе, прадугледжваецца развіццё «гарадоў-губак» і аднаўленне большай колькасці водна-балотных угоддзяў. Цяпер Еўрасаюз працуе над стварэннем механізму фінансавай падтрымкі такіх ініцыятыў.
Аднак перабудова гарадоў сутыкаецца з цяжкасцямі. У гістарычных цэнтрах будынкі пад аховай, вузкія вуліцы і падземныя камунікацыі абмяжоўваюць магчымасці для маштабных зменаў. Паводле слоў Джасціна Эбата, супрацоўніка інжынерна-кансалтынгавай кампаніі Arup, гэта не павінна быць падставай для бяздзейнасці. Ён прапануе выкарыстоўваць лакальныя рашэнні: прыбіраць асфальт у дварах, высаджваць больш дрэў і ствараць зялёныя дахі, часткова або цалкам пакрытыя расліннасцю.
Пры гэтым «гарады-губкі» не могуць цалкам вырашыць праблему паводак. Падчас экстрэмальных ападкаў глеба насычаецца вадой, а рэзервуары перапаўняюцца, таму лішняй вільгаці няма куды сцякаць. Катастрафічныя паводкі ў ваколіцах іспанскай Валенсіі ў 2024 годзе паказалі, да якіх наступстваў могуць прывесці надзвычайныя ападкі, калі гарадскія сістэмы абароны не спраўляюцца з нагрузкай.
Таму, як падкрэслівае Эбат, разам з прыроднымі рашэннямі гарадам па-ранейшаму патрэбныя традыцыйныя дрэнажныя сістэмы, буйныя вадасховішчы і спецыяльныя каналы для адводу паводкавых вод. Яны павінны прымаць лішнюю ваду, калі дажджавыя сады і балоты ўжо не могуць утрымліваць яе больш.
Важную ролю адыгрывае і арганізацыя кіравання воднымі рэсурсамі. Адказнасць за дажджавую ваду нясуць гарадскія ўлады, аператары водазабеспячэння, забудоўшчыкі і ўладальнікі зямлі. Рашэнні аднаго з гэтых удзельнікаў могуць уплываць на цэлыя раёны. Таму пры планаванні і праектаванні гарадоў неабходна ад самага пачатку ўлічваць, як будзе збірацца, захоўвацца і адводзіцца вада.
«З расіян-наведнікаў працэнтаў 70 аказваліся ватнікамі». Экс-гід з музея ВАВ, якога затрымлівалі яго ж экскурсанты, цяпер папулярны ў Варшаве — пагутарылі з ім
Каментары