У Панявежыскім і Шаўляйскім раёнах быў абвешчаны чырвоны ўзровень паветранай небяспекі праз аб’ект, які можа быць дронам. У паветра паднялі знішчальнікі НАТА, у Ковенскім аэрапорце прыпынілі палёты.
Пра небяспеку раніцай 18 кастрычніка паведаміла літоўскае войска. Жыхары атрымалі папярэджанні на мабільныя тэлефоны з заклікам неадкладна перайсці ў бяспечнае месца або ўкрыццё.
Кіраўнік Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі Вільмантас Віткаўскас паведаміў, што ў паветранай прасторы заўважаны адзін аб’ект. Ён знаходзіцца каля Панявежыса і рухаецца. Пілоты знішчальнікаў назіраюць за ім і чакаюць магчымасці яго знішчыць.
Пры гэтым праз умовы надвор’я пакуль нельга канчаткова пацвердзіць, што гэта менавіта дрон.
Паводле цэнтра кіравання крызісамі, палёты ў Ковенскі аэрапорт і з яго забаранілі на перыяд з 07:05 да 08:00 паводле літоўскага часу. У Коўне таксама абвясцілі жоўты ўзровень паветранай небяспекі.
Чырвоны сігнал патрабуе неадкладна схавацца ва ўкрыцці або іншым бяспечным месцы. Пра заканчэнне небяспекі ўлады паведамяць асобна.
Каментары