У Расіі зноў адрадзілі серыял «Універ» — з былой дэпутаткай Дзярждумы і прыхільнікамі вайны
Сітком «Універ» з’явіўся на ТНТ у 2008 годзе і быў вельмі папулярным у тым ліку і сярод беларускай моладзі. Цяпер ідзе яго новая версія, куды вярнулі персанажаў ранейшых сезонаў. Але некаторыя акцёры з таго часу паспелі сапсаваць сабе рэпутацыю.

Гэта не першая спроба вярнуць «Універ» да жыцця. Арыгінальны серыял выходзіў на расійскім канале ТНТ з 2008‑га па 2011-ты. На яго месца прыйшлі разнастайныя працягі, спін-офы і іншыя спробы вярнуць увагу гледачоў — агулам пад брэндам «Універ» выйшла амаль 1000 камедыйных серый. І вось цяпер пакажуць, што здарылася з героямі праз 15 гадоў з пачатку гэтай гісторыі.
Арыгінальны «Універ» быў расказам пра кампанію студэнтаў маскоўскіх ВНУ, якія жывуць у адным блоку інтэрната. Сярод асноўных герояў быў сын алігарха і будучы астраном Саша, а таксама яго каханая — выдатніца Таня з юрыдычнага факультэта. Яшчэ адзін знакавы персанаж — Кузя, былы каратыст з узроўнем IQ у 60 балаў, які меў раман з бландынкай-прыгажуняй Алачкай.
Менш эфірнага часу дасталася Гошы, мары ўсіх студэнтак з факультэта журналістыкі, якога замянілі на армяніна Майкла. Яшчэ ў серыяле былі акультыстка Ліля з біялагічнага факультэта, мажор Мартынаў і Сільвестр Андрэевіч — алігарх і тата Сашы.
Ва «Універ. Праз 15 гадоў» атрымалася зацягнуць асноўных зорак ранейшага праекта. Там ёсць, напрыклад, Кузя. Самы недалёкі з усіх персанажаў, ён нейкім чынам выбіўся ў людзі і валодае кампаніяй пад назвай «Пельмень пельменскі». Вось толькі ніяк не можа знайсці жанчыну, якая б цаніла яго за душу, а не за грошы.

У серыял таксама вярнулі Валянціна і Машу — былыя батанік і студэнтка факультэта журналістыкі з першай перазагрузкі «Універа» цяпер выхоўваюць дваіх дзяцей. Валя ператварыўся ў знакамітага навукоўца, заваленага справамі, а Маша п'е дома віно і аплаквае свой шлюб і мужа, які не звяртае на яе ўвагі. Былы лавелас Майкл цяпер шчаслівы сем'янін, Антон выхоўвае чужую дачку. Абяцаюць таксама вяртанне цэнтральных персанажаў першага «Універа»: Сашы, то-бок таго самага сына алігарха, яго жонкі Тані і дзвюх сэкс-сімвалаў арыгінальнага серыяла — Крысціны і Алачкі.

Мяркуючы па даных пошукавых сістэм, новы «Універ» актыўна глядзяць, у тым ліку і ў Беларусі. Праўда, водгукі хутчэй негатыўныя.
Галоўная праблема гэтага праекта — у тым, што прайшло 15 гадоў, а персанажы «Універа» так і не прадэманстравалі заўважнага развіцця. Так, Кузя нейкім цудам мае кампанію і грошы, але па сутнасці ён, як і раней, застаецца дурнаватым і бездапаможным мацаком. Маша і ўвогуле дэградавала ледзь не да алкагольнай залежнасці, Валя — бесхарактарны, Майкл — хаця і паспяховы сем'янін, цень самога сябе.
Больш за тое, калі ў парах герояў «Універа» здараюцца крызісы, адзінае, што ім прапануюць сцэнарысты — хлусіць і здраджваць адно аднаму, а калі не дапамагло, расставацца. Гэта ўжо не студэнты, як раней, але яны так і не здолелі па-сапраўднаму вырасці і асвоіцца ў дарослым жыцці. З гадамі яны страцілі юнацкую лёгкасць і наіўнасць, якая вабіла гледачоў першага «Універа» — і таму, здаецца, лепш гэтых персанажаў проста адпусціць.
Яшчэ адна праблема «Універа» — тое, што за апошнія гады акцёры-выканаўцы галоўных роляў здолелі моцна сапсаваць уражанне пра сябе. Узяць, напрыклад, Віталя Гагунскага, які ўвасобіў у праекце Кузю. У 2025‑м гэты акцёр шакаваў сваімі мізагіннымі выказваннямі пра тое, што «жанчына пры мужчыне не мае права быць у дрэнным настроі».

Марыя Кажэўнікава (Алачка) занялася палітыкай: яна належыць да пуцінскай партыі «Адзіная Расія», была дэпутаткай Дзярждумы і знаходзіцца пад санкцыямі.
Недалёка ад яе сышла Ганна Хількевіч (Маша) — гэтая актрыса неаднаразова выказвалася ў падтрымку расійскага нападу на Украіну, у тым ліку называла напад барацьбой «за праўду». Стас Ярушын (Антон) скардзіўся на заходнія санкцыі супраць Расіі і на брэнды, якія пакінулі краіну пасля пачатку поўнамаштабнай вайны, а таксама прасіў дасылаць мабілізаваным расіянам спальныя мяхі.
Ёсць, аднак, сярод твараў старога «Універа» актрыса, якая аказалася па іншы бок барыкадаў. Украінка Ганна Кузіна стала вядомай пасля здымкаў у праекце «Універ. Новая абшчага». Кузіна асудзіла напад Расіі на Украіну ў красавіку 2022-га: яна назвала Пуціна ваенным злачынцам і кончаным псіхапатам.
Свет змяніўся, і як бы ні хацелася, ужо не вярнуцца ў той студэнцкі інтэрнат канца нулявых, дзе распачынаўся першы «Універ». Захаваць пры гэтым лёгкасць старога «Універа» не атрымалася, а знайсці новае дыханне серыял не здольны. Магчыма, самы час паставіць кропку.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Паглядзіце на Дысней і Марвел - той жа слоп як у рускіх.
те, кто смотрел сериал в начале, особенно Новый Универ, сами уже переросли то беззаботное время. 20-й и 22-й годы сильно изменили взгляды на мир у многих людей. все эти сериалы теперь выглядят сплошь фальшивыми. такие они и есть на самом деле.
а новому поколению вообще плевать на эти старые бородатые сериалы.