Прылукі пад Мінскам на хвалі хайпу — беларусы масава паехалі туды па здымкі ў стылі «Прыцемак». Мясцовыя не ў захапленні
Палац Чапскіх у вёсцы Прылукі, што ў Мінскім раёне, пасля некалькіх пастоў блогераў на фоне мясцовых дэкарацый стаў сапраўднай Мекай для беларусаў, якія таксама захацелі сабе кадры ў стылі «Прыцемак» ці «Навальнічнага перавалу».
Праўда, пакуль чарговы турыст радуецца ўдаламу здымку, мясцовыя абураюцца: «Машын — безліч. Дзяўчаты то ў трусах, то аголеныя. Смецце кідаюць. Хочацца шлагбаум».

У сацсетках — дзясяткі свежых фота з Прылукаў. Беларусы самі прызнаюцца, што «паддаліся агульнаму псіхозу і трэнду» і не маглі застацца без сваёй восеньскай фотапаштоўкі на фоне сядзібнага комплексу, які за час свайго існавання нёс то функцыю праваслаўнага мужчынскага манастыра, то ўладанняў графаў Гутэн-Чапскіх, то дома адпачынку НКУС, то камендатуры немцаў і нават станцыі па абароне бульбы ад каларадскага жука.
На выходных на ўездзе ў Прылукі назіраліся дзясяткі машын, маршруткі і ўсё новыя порцыі людзей са смартфонамі і фотаапаратамі. Знаўцы даюць параду: «Хочаце ўбачыць Прылукі без сціжмы людзей і бясконцых шэрагаў машын — стаўце будзільнік на пятую раніцы».
Тыя, хто праспаў да 8‑й і даехаў да Прылук толькі аб 11-й, адзначаюць, што «ўжо было цеснавата».






Палацавая частка комплексу адрэстаўраваная, але ў кадры фатографаў часцей трапляюць некранутыя яго часткі — гаспадарчыя аб’екты, сярод якіх свіран, домік для рабочых і стайня.
Такая рэзкая цікаўнасць да Прылукаў падабаецца не ўсім мясцовым жыхарам:
«Пакіньце Прылукі ў спакоі, як было яшчэ тыдзень таму».
«Мы тут жывём і цяпер не можам праехаць, прыпаркавацца».
«Было б здорава, каб гэтыя турысты не пакідалі пасля сябе смецце і прыбіралі за сабакамі».

Хаця не ўсе падзяляюць негатыў лакальнага насельніцтва. «Гэта ж наадварот выдатна, што ў беларусаў прачнулася цікаўнасць да свайго, хай і такім спосабам», — абараняюць турыстаў «на хайпе» некаторыя каментатары.
«Спадзяюся, што са з'яўленнем вялікай колькасці людзей у Прылукі паступяць не толькі горы смецця, а добрае фінансаванне», — выказвае надзею яшчэ адна беларуска.
Цяпер чытаюць
«Людзі каментавалі, што сальманела ўвайшла ў чат». Беларус паехаў працаваць у Крэмніевую даліну — і стаў кулінарным блогерам на 28 мільярдаў праглядаў
Каментары