Прыхільнікі захавання Альберты ў складзе Канады разгромна лідзіруюць на рэферэндуме
Усяго на плебісцыт было вынесена 10 пытанняў, але асноўнае было сфармулявана наступным чынам: «ці павінна Альберта заставацца правінцыяй Канады, ці ўрад Альберты павінен распачаць юрыдычную працэдуру для выхаду са складу Канады».

Папярэднія вынікі пасля падліку больш чым мільёна бюлетэняў (права голасу маюць крыху больш за тры мільёны выбарцаў) таксама сведчаць пра значную перавагу прыхільнікаў ідэі застацца ў складзе Канады, піша СBС.ca.
Падлічана на гэты момант, што за тое, каб Альберта заставалася ў складзе Канады, прагаласавалі 76,6% выбаршчыкаў (955 тысяч чалавек), а за правядзенне рэферэндуму аб выхадзе з Канады выказваюцца 23,4% (292 тысячы). Прычым у буйных гарадах падтрымка ідэі застацца ў складзе Канады куды вышэйшая.

Альберта — галоўная нафта– і газаздабыўная правінцыя Канады: на яе прыпадае каля 80% нафтаздабычы ў краіне. Пры гэтым сырая нафта — галоўны артыкул канадскага экспарту: летась яна прынесла 142 млрд канадскіх даляраў (100 млрд даляраў ЗША).
Размешчаная на захадзе Канады Альберта не мае выхаду да акіяна, і большая частка яе нафты экспартуецца на нафтаперапрацоўчыя заводы ў ЗША.

Прыхільнікі незалежнасці скардзяцца, што правінцыя аддае занадта шмат грошай цэнтральнаму ўраду і занадта мала атрымлівае ўзамен. Яны нагадваюць, што па аб’ёме запасаў нафты Альберта займае чацвёртае месца ў свеце пасля Венесуэлы, Саудаўскай Аравіі і Ірана.
Аднак праціўнікі незалежнасці, сярод якіх і прэм’ер-міністр Альберты Даніэль Сміт, сцвярджаюць, што ў выпадку аддзялення ад Канады правінцыі давядзецца штогод траціць на стварэнне новай дзяржавы ад 50 да 170 млрд канадскіх даляраў (35—120 млрд даляраў ЗША) на працягу першых пяці гадоў.
Незалежнай Альберце давялося б ствараць усе дзяржаўныя ўстановы — ад падатковай службы да Міністэрства замежных спраў і Міністэрства абароны, распрацоўваць і прымаць уласную канстытуцыю, будаваць сваю судовую сістэму, а таксама дзяліць з Канадай федэральную маёмасць, у тым ліку нацыянальныя паркі і вайсковыя базы. Акрамя таго, як папярэджваюць праціўнікі аддзялення, Альберце давялося б узяць на сябе прапарцыянальную долю дзяржаўнага доўгу Канады.
Цяпер чытаюць
«Людзі каментавалі, што сальманела ўвайшла ў чат». Беларус паехаў працаваць у Крэмніевую даліну — і стаў кулінарным блогерам на 28 мільярдаў праглядаў
Каментары