Кітайскі Цэнтрабанк правёў дэвальвацыю юаня
Даведачны курс юаня сёння быў зніжаны на рэкордныя 1,9%.
Гэта найбольшае дзённае падзенне кітайскай валюты за два дзесяцігоддзі. Такім чынам, кіраўніцтва краіны спрабуе пераламаць негатыўныя тэндэнцыі ў кітайскай эканоміцы, якая знізіла тэмпы і пагражае саслізнуць у дэпрэсію.
Паведамленне пра дэвальвацыю стала галоўнай навіной сусветных фінансавых рынкаў сёння.
Рэгулятар называе гэта дзеянне «аднаразовай карэкцыяй» і тлумачыць новым спосабам кантролю за курсам абмену.
На фоне рашэння аб дэвальвацыі юаня даляр у адносінах да кітайскай валюты падняўся да ўзроўню трохгадовага максімуму.
У кітайскай эканоміцы назапасілася мноства праблем. Агульная запазычанасць дзяржавы, рэгіянальных уладаў, прадпрыемстваў, банкаў і прыватных асобаў дасягнула 282% ад ВУП, што больш за аналагічны паказчык у ЗША і Нямеччыны.
А галоўнае, што рост заробкаў павысіў сабекошт прадукцыі, і Кітай страціў ранейшыя канкурэнтныя перавагі.
Эканамісты прагназуюць Кітаю вялікія эканамічныя праблемы ў найбліжэйшым часе, і малая дэвальвацыя юаня — толькі адна з першых ластавак.