БЕЛ Ł РУС

Севярынец пра выбары: Труп ворага не праплыве па рацэ сам

31.01.2020 / 12:48

Сяргей Гезгала

Павел Севярынец. Фота Ірыны Арахоўскай, Belsat.eu.

Калі мы хочам дабіцца свабодных выбараў, масавыя пратэсты патрэбныя на этапе фарміравання выбарчых камісій, мяркуе Павел Севярынец.

«Калі мы моўчкі, ціха і незаўважна ўваходзім у «выбарчы працэс», пастка захлопваецца. Усё. Можаце трапятацца далей колькі заўгодна, скардзіцца ў прэсе, што «нашых, як заўсёды, не ўключылі», звяртацца да міжнароднай грамадскасці і нават байкатаваць. Машына злачынстваў запушчаная, і зламаць яе, калі яна набрала хаду, на парадак складаней», — напісаў Павел Севярынец у сябе ў фэйсбуку.

43-гадовы хрысціянскі дэмакрат Севярынец змагаецца за права стаць адзіным кандыдатам ад дэмакратычнай апазіцыі.

Калі ён пераможа сваіх канкурэнтаў у барацьбе за гэта, ён мае намер сканцэнтраваць намаганні грамадства на этапе фарміравання выбарчых камісій.

Апазіцыя прыдумала складаную схему абрання адзінага кандыдата

«Ключавы момант кампаніі 2020 года — гэта не пачатак датэрміновых фальсіфікацыяў і нават не асноўны дзень галасавання. Ключавы момант — гэта абвяшчэнне кампаніі і прызначэнне «камісіяў», якія займаюцца арганізаваным махлярствам, — піша лідар апазіцыі. — Выхад на Плошчу трэба рабіць не тады, калі зладзейства ўжо адбылося. Трэба выходзіць на пратэст і патрабаваць адстаўкі Ярмошынай ды іншых фальсіфікатараў ПРАЗ НЕКАЛЬКІ ДЗЁН пасля абвяшчэння «выбараў». Гэта абавязаныя рабіць і прыхільнікі ўдзелу, і прыхільнікі байкоту — РАЗАМ», — падкрэслівае палітык вялікімі літарамі.

Севярынец таксама выпусціў крытычную стралу у бок тых, хто ўхіляецца ад канкрэтнай дзейнасці, абмяжоўваючыся агульнай крытыкай сітуацыі:

«Хтосьці піша, што патрэбны удзел да канца. Хтосьці — што толькі Плошча. Хтосьці — што ігнор, і труп твайго ворага праплыве па рацэ. Хтосьці — што байкот з самага пачатку, і тады рэжым рухне. Ды не рухне ён сам па сабе», — засцерагае Севярынец.

Нагадаем, што за ўдзел да канца выступае Андрэй Дзмітрыеў і яго кампанія «Гавары праўду», якія ў 2015 годзе выстаўлялі ў якасці кандыдаткі ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч. Яна не заклікала да масавых пратэстаў на вуліцах, афіцыйныя звесткі налічылі ёй некалькі працэнтаў галасоў.

За байкот ад самага пачатку выступае Зянон Пазняк, які з эміграцыі кіруе Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй БНФ. Пазняк сабраў 13 % галасоў на выбарах 1994 года, а ў 2001 і 2006 гадах спрабаваў сабраць 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатам.

У працэдуры абрання адзінага кандыдата ад апазіцыі ўдзельнічаюць нацыянальна-кансерватыўныя Партыя БНФ і Хрысціянская дэмакратыя, левыя Зялёныя, левацэнтрысцкая Грамада, ліберальная Аб'яднаная грамадзянская партыя і нацыянальна-ліберальны Рух за Свабоду ды шэраг іншых груповак і ініцыятыў.

Апошні раз апазіцыя абрала адзінага кандыдата ў 2006 годзе. Тады выбары скончыліся Плошчай, а беларуская апазіцыя здолела мабілізаваць краіны Еўрасаюза на сваю падтрымку. Менавіта тады ўзніклі праграмы дапамогі рэпрэсаваным, стыпендыяльныя праграмы для студэнтаў, узнік тэлеканал «Белсат», а еўрапейскія фонды пашырылі праграмы падтрымкі беларускай культуры, СМІ і незалежных ініцыятыў. 

Тэлеграм-канал «Пул першага», блізкі да прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі выказаў меркаванне, што «не будзе ад апазіцыі адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах».

«Чаму не будзе кандыдата? Перасварацца, — пісаў канал. — Шмат гадоў апазіцыя не можа дамовіцца між сабой — і прызнаць гэта таксама не можа». «Пул першага» крытыкаваў таксама дамоўленасці аб праграме адзінага кандыдата: «Мы б, прыкладам, з задавальненнем пачыталі, што правацэнтрысты збіраюцца рабіць пасля рэалізацыі ідэі «выхаду з Саюзнай дзяржавы».

Севярынец заклікае апазіцыю аб'яднацца вакол патрабавання свабодных выбараў.

«Рэжыму трэба падзяліць грамадства на прыхільнікаў удзелу і прыхільнікаў байкоту, і хай валтузяць адно аднаго, каб аж пыл курэў, — піша Севярынец. — Але ўсе мы хочам вольных, справядлівых і сапраўдных выбараў».

Севярынец прапануе «масава падаваць заявы на ўключэнне ў камісіі апазіцыі і незалежных прадстаўнікоў і рабіць новую хвалю пратэстаў, калі ім адмовяць».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула