Канец сталінскае эстэтыкі
"Кадэт" Віталя Дудзіна
Новая стужка "Беларусьфільму" адыходзіць ад НКУСаўска-палымяных штампаў. Лібералізацыя!
На экраны выйшла новая стужка “Беларусьфільма” – “Кадэт”. Карціна цікавая – як сацыяльная з’ява, і як знак зменаў, што неўпрыкмет надышлі.
У рэжысёра Віталя Дудзіна, недаацэненага нашаю крытыкай, – геніяльны нюх на грамадскія запатрабаванні. Паказальна – і што ён здымае, і якімі прыёмамі карыстаецца.
У часы перабудовы Дудзін паставіў выкрывальніцкі фільм “Пад небам блакітным”, на пачатку 90-ых адзначыўся зухаватай трэшухай “Нячысцік” – з голымі бабамі, чортам і прывідамі, часы адраджэння знаменаваліся карцінаю пра Ларысу Геніюш” "Птушкі без гнёздаў", а спажывецка-лукашэнкаўскі бум – дзікім кічам пра “Трох жанчынаў і мужчыну”.
Завязка стужкі “Кадэт” нагадвае рэтрасталінскае кіно, што са сталёвай навязлівасцю выпускае Нацыянальная студыя апошнім часам (незабыўныя “Вам заданне”, “Радзіма альбо смерць”).
Пасля вайны суворавец Дзяніс Мешка едзе на адпачынак у Беларусь – да свайго дзядзі. Але дзядзя (старшыня сельгасу!) забіты, падазраюць суседа Мячыслава, які хаваецца па лясам. Кадэт вырашае знайсці ворага і адпомсціць…
Але сталінска-каланіяльны сюжэт дае збой. Напачатку суворавец адмаўляецца купляць фатаграфіі Генералісімуса. Надалей, увогуле, высвятляецца, што кадэт – зусім не галоўны герой, і што ёсць іншыя людзі – са сваімі жарсцямі і сваёю праўдай.
Зрэшты, першапачаткова, фільм называўся “Метык”, у гонар селяніна Мячыслава, які пасля партызанкі марыць вырвацца з калгаснагу раю (!) – і якога расшуквае НКУС (!!).
Кадэт – саплівы падшыванец, які нічога не разумее й адурманены прапагандай. А ўрачыстыя эпізоды з ягоным удзелам (баль, форма) – выглядаюць ледзве не здзекам (хаця рэжысёр гэтага яўна не планаваў).
У фільме ёсць як і добрыя сцэны,так і сцэны дрэнныя; героі, то жывыя і ўпартыя (як непадобна на сённяшні “Беларусьфільм”!) – то проста прагаворваюць тэкст і не ведаюць, што рабіць. Хаця гутарка беларускіх вяскоўцаў – з абавязковым МХАТаўскім пранонсам (ну, не даецца студыі мова, нат як рыса вобразу!), але ўсе акторы, знятыя ў карціне – беларускія.
"Запомні, кадэт! - кажа бунтоўны селянін, - абараняць Радзіму і страляць у суседа, які думае інакш - гэта розныя рэчы."
Сталінская эстэтыка, што панавала апошнія гады ў Беларусі, стамілася – і распадаецца.